Вы тут

На Краснапольшчыне жыхары разам з уладай наводзяць парадак


Зручныя лаўкі, новая агароджа, кветкі на клумбе — для горада гэта, магчыма, рэчы шараговыя, а вось для жыхароў вёскі — нагода парадавацца і натхніцца. Асабліва калі ведаеш, што і твая заслуга ў гэтым ёсць. «Ініцыятыва і разуменне сваёй адказнасці — галоўнае ў рабоце мясцовай улады. Ёй неабходна шукаць новыя формы работы з насельніцтвам, больш размаўляць з людзьмі», — гэта тое, на што пастаянна звяртае ўвагу падчас сваіх выязных прыёмаў спікер верхняй палаты беларускага парламента Наталля Качанава. Сёння прадстаўнікі Краснапольскага раёна дзеляцца вопытам заахвочвання насельніцтва да работы на карысць малой радзімы.


У найлепшых традыцыях

Спосаб, дарэчы, не новы. Магілёўская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў рэгулярна праводзіць конкурс на найлепшую ініцыятыву і сафінансуе пераможцаў. У Краснапольскім раёне сельсаветы. Прадстаўляюць свае ініцыятывы на раённым кірмашы, найлепшыя пераможцы на рэалізацыю сваіх ідэй атрымліваюць грошы. Сёлета пераможцам стаў Яноўскі сельсавет. Гэта дазволіла засвоіць 830 рублёў ад асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, якія былі выдзелены раёну, плюс 250 сабралі ўсёй грамадой. Сюды ўвайшлі ахвяраванні жыхароў, прэмія, якую сельсавет атрымаў за перамогу ў конкурсе па развіцці тэрыторый сельсаветаў, плюс свае ўнёскі зрабілі старшыня райсавета Анжаліка Гоман, старшыня Яноўскага сельсавета Наталля Лагуціна, кіраўнік спраў сельвыканкама Наталля Церашонак. Знайшлі талковага падрадчыка — прадпрымальніка з Чэрыкава, які па эскізах жыхароў зрабіў лаўкі. У свой час ён рабіў іх, прыгожыя, не вельмі дарагія для Краснаполля. Жыхарам вёскі Палуж-1 таксама не прыйшлося доўга чакаць: тры лаўкі з дрэва і металу ўпрыгожылі тэрыторыю паміж школай і крамай.

— Раней тут не было дзе прысесці, — кажа Наталля Лагуціна. — Жыхары вёскі звярнуліся да свайго дэпутата Таццяны Юрасёвай, яна, у сваю чаргу — да мяне, а я агучыла мару вяскоўцаў у райсавеце. Зрабілі праект, а конкурс ініцыятыў дапамог рэалізаваць яго.

Вёска знаходзіцца на трасе Краснаполле—Касцюковічы, тут жыве каля 200 чалавек. Па колькасці насельніцтва гэта, лічы, другая вёска ў сельсавеце. Старажылы памятаюць, што ў 60-я гады на тым месцы, якое яны прапанавалі для лавак, стаяў клуб. Яно доўгі час пуставала і заўсёды хацелася яго чым-небудзь запоўніць. У выніку і нарадзілася ідэя з лаўкамі.

— У вёсцы ёсць актыўная маладая маці Кацярына Верам'ёва, якая ўзялася нам дапамагчы, — расказвае старшыня сельсавета. — Яна прабеглася па хатах і сабрала грошы. Адны давалі некалькі рублёў, другія ахвяравалі пяцёрку, знайшліся і такія, хто не пашкадаваў дзясятку. Адгукнулася большасць. Некаторыя ўжо пасля прыходзілі і выказвалі жаданне паўдзельнічаць у падобных добрых справах.

Лаўкі на пятачку з'явіліся зусім нядаўна, але там сёння амаль ніколі не бывае пуста. Месца насамрэч магнетычнае. Тут у цяньку пад дрэвамі можна схавацца ад пякучага сонца або перачакаць дожджык. Побач праходзіць добраўпарадкаваная сцяжынка. Агульную карціну дапаўняюць дэкаратыўныя стойкі з кветкамі ў вазонах. Кацярына Верам'ёва ўзяла на сябе клопат, каб яны не засохлі, падчас спякоты спецыяльна на веласіпедзе прыязджае іх паліваць.

— Хочацца, каб тут было заўсёды прыгожа і ўтульна, — кажа маладая маці. — Месца ўжо палюбілася і дзецям, і моладзі, і людзям сталага веку. Добра было б зрабіць тут яшчэ і альтанку.

Не выключана: так яно і будзе. Тут ужо агульнавясковы сход адбыўся. На гэтым тыдні Таццяна Юрасёва рабіла перад жыхарамі
справаздачу за паўгоддзе і цікавілася, якія яшчэ ёсць прапановы.

Добраўпарадкаванне — паняцце шматграннае

Толькі здаецца, што тут усё проста і лёгка. Насамрэч пад гэтым словам хаваецца шмат розных напрамкаў. Наталля Лагуціна ледзь паспявае загінаць пальцы.

— Вельмі важны кірунак добраўпарадкавання — догляд за могілкамі і воінскімі пахаваннямі, — тлумачыць яна. — У нас на тэрыторыі 43 адзінкі грамадзянскіх могілак і 21 воінскае пахаванне, дзе рэгулярна наводзім парадак. Цяпер ідзе работа па афармленні дакументаў для перадачы аб'ектаў спецыялізаванай арганізацыі. Тое ж самае па воінскіх пахаваннях. Сёлета іх колькасць павялічылася яшчэ на два. Яны выяўлены ў ходзе работы па ўстанаўленні новых ахвяр генацыду.

Наступны кірунак — рэалізацыя прапаноў па навядзенні парадку ў адпаведнасці з раённым планам мерапрыемстваў. Штогод з прапаноў сельсаветаў складаецца план у цэлым па раёне, у якім агавораны тэрміны іх рэалізацыі. Дарэчы, устаноўка лавак у Палужы-1 таксама адбылася ў адпаведнасці з тым планам.

Не менш важная пазіцыя — рэалізацыя Указа № 116, які датычыцца работы з пустымі дамамі.

— Два сёлета ўжо ліквідавалі, яшчэ на 25 рыхтуем дакументы, — кажа Наталля Лагуціна. — Гэта вельмі вялікая работа: знаходзім спадчыннікаў, рыхтуем і заключаем акты агляду, збіраем дакументы ў суд. Уцягваем вызваленыя ад струхлелых дамоў землі ў сельгасабарот. Сёлета 6,2 гектара далучылі ў пасёлку Калінінскім і аграгарадку Яноўка.

Таксама важныя вектары — правядзенне суботнікаў, месячнікаў і штодзённая работа па добраўпарадкаванні — абкос тэрыторый, закладка кветнікаў, і ўсё гэта ў цесным узаемадзеянні з арганізацыямі і іншымі суб'ектамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі (у адпаведнасці з Пастановай № 430). У кожнага свая зона адказнасці. Сельсавет кантралюе працэс і каардынуе яго.

— Гэта вельмі актуальная тэма і мы працуем на вельмі сур'ёзным узроўні, — падкрэслівае Наталля Леанідаўна. — Кожную раніцу паведамляем старшыні райсавета, што плануем зрабіць па добраўпарадкаванні за дзень, а вечарам у «Вайберы» апісваем, што зроблена, і прыкладваем фотасправаздачу. І гэта толькі тое, што датычыцца добраўпарадкавання. А ў нас яшчэ шмат іншых кірункаў работы.

Дзеля памяці продкаў

Нядаўна ў вёсцы Усцінавічы жыхары дапамагалі зрабіць агароджу на грамадзянскіх могілках. Яны знаходзяцца на ўскрайку вёскі і займаюць тэрыторыю больш чым гектар. У Сідараўскім сельсавеце Усцінавічы — другая па памерах вёска, у ёй жыве каля 100 чалавек.

— Адной агароджы спатрэбілася каля 400 пагонных метраў, — удакладняе выконваючы абавязкі старшыні сельвыканкама Уладзімір Піванаў. — Яшчэ летась на сустрэчы насельніцтва са старшынёй Краснапольскага райвыканкама прагучала просьба замяніць агароджу. Толькі на матэрыялы трэба было знайсці больш чым 2,5 тысячы рублёў. Але дэпутат райсавета дырэктар Краснапольскага лясгаса Сяргей Жэбін паабяцаў спонсарскую дапамогу ў выглядзе піламатэрыялаў. Заставалася толькі знайсці жадаючых абгарадзіць могілкі. І тут дапамаглі жыхары.

Да аднавяскоўцаў звярнуўся старэйшына і цёзка дэпутата — Віктар Жэбін, запрасіў на талаку. І шмат хто адгукнуўся. «Калі будзе матэрыял — астатняе зробім самі»,— паабяцалі вясковыя актывісты. Нават цвікі свае прынеслі. Агароджу зрабілі за 10 дзён.

— Адначасова працавала па 8-10 чалавек, — расказвае Уладзімір Піванаў. — І справу рабілі добрасумленна. Я толькі матэрыялы ім падвёз, усё астатняе зрабілі жыхары.

Суразмоўнік прызнаецца, што нават не чакаў такой актыўнасці. Не сакрэт, што да грамадскіх работ людзі адносяцца па-рознаму. Але тут кожны палічыў сваім абавязкам папрацаваць для памяці продкаў.

— Работа кіпела з першага ж дня, — кажа Уладзімір Піванаў. — Адны прыбіралі старую агароджу, другія ставілі новую. Атрымалася вельмі добра. Засталося гэтую прыгажосць пафарбаваць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіваў Уладзіміра ПІВАНАВА і Наталлі ЛАГУЦІНАЙ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.