Вы тут

У Мінску адзначаецца 100-гадовы юбілей Міхаіла Савіцкага


Традыцыйным для жыхароў Мінска стаў праект «Мастак і горад» — выстаўка, якая ладзіцца пад адкрытым небам і знаёміць жыхароў і гасцей сталіцы з творчасцю вядомых прадстаўнікоў айчыннага выяўленчага мастацтва. За час работы культурнай ініцыятывы на вуліцах горада з’яўляліся выстаўкі работ Марка Шагала, Казіміра Малевіча, Мікалая Селяшчука, Зоі Ліцвінавай, Георгія Скрыпнічэнкі, Леаніда Шчамялёва. Адзінаццаты сезон праекта прысвечаны творчасці народнага мастака Беларусі Міхаіла Савіцкага. Сёлета спаўняецца 100 гадоў з дня яго нараджэння.


У экспазіцыю, што размясцілася на пешаходнай вуліцы Камсамольскай, увайшлі 34 работы, 15 з якіх створаны самім Міхаілам Савіцкім. Астатнія работы напісаны яго вучнямі. Амаль 30 гадоў свайго жыцця мастак прысвяціў педагагічнай дзейнасці — у год юбілею абмінуць гэты факт было немагчыма. Дзякуючы намаганням майстра, у Мінску з’явіліся Творчыя акадэмічныя майстэрні жывапісу, графікі і скульптуры. У іх паслядыпломную адукацыю атрымала некалькі пакаленняў таленавітых беларускіх мастакоў.

Аўтарам пакінулі права самастойна выбіраць карціны для экспазіцыі. У яе ўвайшлі рэпрадукцыі твораў розных напрамкаў — некаторыя з іх прысвечаны Мінску, на іншых адлюстраваны беларускія пейзажы, як распавяла дырэктар Музея гісторыі горада Мінска Галіна Ладзісава. Удзельнікамі выстаўкі сталі вядомыя беларускія жывапісцы Віктар Альшэўскі, Ігар Бархаткоў, Уладзімір Ганчарук, Віктар Дубрава, Раман Заслонаў, Уладзімір Кожух.

— Імя Міхаіла Савіцкага — знакавае для беларускага выяўленчага мастацтва. У творах мастака адлюстраваны не толькі яго ўласны лёс, але і важныя гістарычныя падзеі, якія выпалі на долю ўсяго беларускага народа ў другой палове ХХ стагоддзя. Асноўнымі тэмамі яго творчасці сталі трагедыя Вялікай Айчыннай вайны, партызанскі рух, мірнае жыццё і стваральная праца, мацярынства, біблейскія сюжэты, экалогія і чарнобыльская тэхнагенная катастрофа, — адзначыла Галіна Ладзісава.

Рэпрадукцыі карцін былі прадастаўлены фондамі Музея гісторыі горада Мінска, Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь. Пазнаёміцца з экспазіцыяй можна будзе да 30 верасня.

Арына КАРПОВІЧ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.