Вы тут

Фізіка выдумкі


Днямі асартымент кніжнай прадукцыі Выдавецкага дома «Звязда» папоўніўся дзвюма навінкамі: свет пабачылі выданні «Сказочные приключения Курносика и Пушинки» і «Казачны горад» за аўтарствам членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхаіла Дзеравянкі і Алены Шчарбаковай адпаведна. Пад мяккімі вокладкамі хаваюцца кароткія ілюстраваныя гісторыі павучальнага характару, адрасаваныя дзецям школьнага ўзросту. Малатыражныя выданні зоймуць не апошняе месца ў доўгай чарадзе кніжак «Звязды», прызначаных для чытання сям’ёй.


Прыгоды Курносіка і Пушынкі

Няхітрая рускамоўная казка Міхаіла Дзеравянкі апавядае гісторыю хлопчыка Курносіка і дзяўчынкі Пушынкі, якім не пашчасціла перайсці дарогу каварнай Бабе-язе. «І цяпер, зачараваныя яе злымі чарамі, яны чаго б гэта ні каштавала павінны вярнуць былое аблічча і вярнуцца дамоў», — даводзіць анатацыя. Само сабой, на шляху да дасягнення сваёй мэты галоўныя героі сустрэнуць не адну перашкоду, але і без памочнікаў не застануцца. Як таго патрабуе жанр, каб пераадолець злыя сілы і здабыць перамогу, дзеці праявяць незвычайную кемнасць і прадэманструюць найлепшыя чалавечыя якасці.

Пачынаецца аповед звыкла: «Жила-была девочка. Её все называли Пушинкой, так как она не могла усидеть на месте: всегда крутилась и порхала. А дружила Пушинка с мальчиком, которого прозвали Курносиком, потому что он был очень любопытный и везде совал свой курносый носик». З аднаго боку, гэткая трафарэтнасць спрыяе лепшаму засвойванню матэрыялу дзіцем малодшага школьнага ўзросту (а менавіта ў дадзеную аўдыторыю цэляць выдаўцы), з іншага — машынальнае прытрымліванне канонаў пазбаўляе магчымасці выявіць індывідуальнасць, твор губляецца сярод тысяч падобных.

Звяртаюць на сябе ўвагу і некаторыя лагічныя хібы. З напісанага вынікае, што галоўныя героі навучаюцца ў першым класе і найбліжэйшая па праграме тэма — літара «А». Словам, прасунуліся яны недалёка. Тым не менш, каб перамагчы ліхадзеяў, хлопчыку з дзяўчынкай (у абліччах бусляняці і пушынкі) давядзецца бліснуць (і парадкам здзівіць гэтым удумлівага чытача) дасканалым веданнем законаў Ньютана, эфекту Доплера і нават спецыфікі працы паскаральніка элементарных часціц. Зрэшты, такія дапушчэнні ў жанры — не рэдкасць.

Казачны горад

Сюжэт другой кніжнай навінкі, што днямі пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда», будуецца вакол гісторыі падлеткаў Кастуся, Васілька і Веранічкі, якія праз шэраг абставін трапілі ў фантастычны свет. «Кастусь з Васільком сёння пасварыліся першы раз у жыцці! Праз дзяўчынку! У той самы момант сяброўства скончылася… Дзеці апынуліся ў Казачным горадзе, дзе за імі ходзяць дзяўчынка Абразка, бабуля Злосць і дзядзька Гонар. Каб вярнуць сяброўства і апынуцца дома, Кастусю, Васільку і Веранічцы давядзецца пераадолець шмат перашкод і прайсці праз выпрабаванні», — паведамляецца ў анатацыі.

Само сабой напрошваецца параўнанне з несмяротнай метэрлінкаўскай класікай: у «Сіняй птушцы» бельгійскага пісьменніка адушаўлёнымі паўсталі некаторыя эмоцыі (ды нават ледзь прыкметныя адценні іх). Гэтакі падыход дазваляе аўтару любой казкі наглядна і разам з тым нязмушана данесці думкі да маленькага чытача. Важна, аднак, захоўваць пільнасць… Мараль «Казачнага горада» перакладаецца бяскрыўднай на першы погляд сентэнцыяй: «Не трэба ісці на повадзе ў сваіх эмоцый». Але, пэўна ж, адмяняць іх ці, не дай божа, забываць назаўсёды — ідэі не менш шкодныя, чым самі дрэнныя перажыванні.

У вочы кідаецца яшчэ адзін момант: дзіўныя вобразы антаганістаў. Калі дзяўчынка Абразка — «спадарожніца» Кастуся — ці бабуля Злосць — яна ўсюды ходзіць за Васільком — пытанняў не выклікаюць, то страшны дзядзька Гонар, які ўвесь час пераследуе маленькую Веранічку, — персанаж, мякка кажучы, спрэчны і да таго ж абуджае вельмі нядобрыя асацыяцыі. Зрэшты, сітуацыю значна выпраўляе афармленне кнігі. Немудрагелістая казка, адрасаваная дзецям сярэдняга школьнага ўзросту і размешчаная пад мяккай вокладкай на ўсяго 38 старонках, ажывае дзякуючы гатычным малюнкам Галіны Івановай. 

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.