Вы тут

Мінпрыроды забараніла ўтрымліваць у кватэрах некаторыя віды дзікіх жывёл


1 жніўня ўвайшла ў сілу пастанова Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ад 27.06.2022 № 34 з пералікам відаў дзікіх жывёл, забароненых да ўтрымання і (ці) развядзення ў няволі ў кватэрах шматкватэрных і блакіраваных жылых дамоў, аднакватэрных жылых дамах і на прыдамавых тэрыторыях, у садаводчых таварыствах, дачных кааператывах, а таксама пералік відаў дзікіх жывёл, якіх дазволена ўтрымліваць у кантактных заапарках.


Чырванавухія чарапахі — небяспечны інвазійны від.

Гэты дакумент — лагічны працяг дзейнасці прыродаахоўнага ведамства па ўдасканаленні заканадаўства, якое датычыцца дзікай фаўны. Так, у Законе «Аб жывёльным свеце», прынятым на пачатку года, былі закрануты праблемы ўтрымання дзікіх жывёл у хатніх умовах, у кантактных, а таксама ў перасоўных заапарках. Апошнія, дарэчы, былі забаронены ў нашай краіне — спецыялісты ўпэўнены, што такое існаванне жывёл у клетках з'яўляецца класічным варыянтам жорсткага абыходжання з імі.

Што датычыцца першых двух пытанняў, то вучоныя НАН Беларусі распрацавалі спецыяльныя дакументы. Першы ствараўся па такіх крытэрыях, як інвазійнасць (ступень пагрозы для біяразнастайнасці), небяспека для чалавека (таму ў спіс увайшлі вышэйшыя драпежнікі, ядавітыя жывёлы), немагчымасць утрымліваць гадаванцаў у хатніх умовах (бо для кожнага віду існуюць свае нормы камфортнага ўтрымання ў няволі).

Чаму такія спісы з'явіліся на свет?

Як расказала кансультант упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Таццяна ЖАЛЯЗНОВА, некалькі гадоў таму стала актуальнай праблема ўтрымання ў хатніх умовах небяспечных жывёл. Шырокі рэзананс атрымала гісторыя з маладзенькай ільвіцай, якую грамадзянка нашай краіны трымала ў аднапакаёвай кватэры і прапаноўвала для фотасесій. Склалася вельмі небяспечная сітуацыя як для самой гаспадыні львіцы і яе суседзяў, так для жывёлы, для якой немагчыма было стварыць спрыяльныя ўмовы. Падобныя сітуацыі ў тым ліку сталі падставай для прапрацоўкі змен у заканадаўстве.

Згодна з пастановай, цяпер забаронена трымаць і разводзіць у хатніх умовах такіх жывёл, як каралеўская кобра, асобіны пітонаў, даўжыня якіх перавышае чатыры метры, усе віды марскіх чарапах, прадстаўнікоў сямейства мядзведжых, ільвоў, тыграў, пум, рысяў, усе віды роду шымпанзэ і іншых родаў прыматаў, усе віды роду жураўліныя, кракадзілаў, гарнастаяў, тхароў (пры пэўных умовах), усходне-афрыканскую меданосную пчалу і іншых.

У кантакце са звярком

Яшчэ адзін спіс датычыцца відаў, якія можна ўтрымліваць у кантактных заапарках. Паводле слоў Таццяны Жалязновай, калі раней там можна было сустрэць у асноўным сельскагаспадарчых і хатніх жывёл, то цяпер туды засяляюць шмат экзотыкі. Для такіх відаў сустрэча з чалавекам — заўсёды стрэс, і іх рэакцыі на такія зносіны могуць быць непрадказальнымі.

— Падчас працэдуры рэгістрацыі ў адным з такіх кантактных заапаркаў спецыялісты выявілі сундайскага лоры, які выдзяляе таксіны пры судакрананні, — расказала прадстаўнік Мінпрыроды. — Таму перш чым купляць якую-небудзь экзатычную жывёлу, вывучыце яе біялогію, каб не дапусціць падобных выпадкаў.

У кантактных заапарках дазволілі ўтрымліваць прадстаўнікоў такіх відаў, як качка-крыжанка, нутрыя, зебравая амадзіна, марская свінка, дэгу, віды сямейства вавёркавых, мадагаскарскі таракан і іншых.

Інга ЗУБРЫЦКАЯ

Загаловак у газеце: Для бяспекі людзей і дабрабыту жывёл

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.