Святкаванне XXІX Дня беларускага пісьменства ў Добрушы завяршылася. За гэтыя два дні падзей адбылося шмат: адкрылі помнік народнаму пісьменніку Беларусі, ураджэнцу Гомельшчыны Івану Шамякіну, згадалі 140-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама ўручылі Нацыянальную літаратурную прэмію. І гэта толькі маленькая частка з таго, што арганізатары падрыхтавалі для гасцей і жыхароў Добруша. Як горад мастоў адзначыў галоўнае літаратурнае свята краіны, чытайце ў рэпартажы «Звязды».
Калі ўязджаеш у Добруш на аўтобусе, горад адразу сустракае сваімі галоўнымі сімваламі: папяровай фабрыкай, якая была пабудавана ажно ў 1870 годзе графам і генерал-ад'ютантам Фёдарам Паскевічам, а таксама ракой Іпуццю. Менавіта дзякуючы ёй горад атрымаў прыгожае параўнанне з Венецыяй: шматлікія астраўкі і затокі, утвораныя Іпуццю, аплятаюць Добруш. Калі вы прагуляецеся па горадзе, то знойдзеце 15 мастоў.
На адным з берагоў размясціліся палаткі часоў Вялікай Айчыннай вайны, у неба падымаецца дымок ад вогнішча: гэта ваенна-гістарычная рэканструкцыя, якая распавядае аб партызанскім лёсе Добруша. Але мы накіроўваемся крыху далей, у цэнтр горада, дзе адбываюцца галоўныя падзеі свята.
Сёлета перад арганізатарамі стаяла нялёгкая задача: адлюстраваць адразу некалькі важных для гісторыі нашай краіны і культуры дат. Да Года гістарычнай памяці, 140-гадовага юбілею з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа і 100-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі былі створаны адмысловыя павільёны. Падыходзячы да пляцоўкі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, адразу заўважаю вялікі фаліянт, які гартаюць наведвальнікі:
— Да юбілею Брэста мы выдалі Брэсцкую Біблію. У Беларусі ёсць усяго два яе факсімільныя выданні, адно з якіх захоўваецца ў самім горадзе, а другое — у бібліятэцы Акадэміі навук, — распавядае галоўны бібліятэкар сектара арганізацыі кніжных выставак Нацыянальнай бібліятэкі Святлана Зайко. — Таксама для наведвальнікаў мы зрабілі інтэрактыўную зону: можна прыняць удзел у віктарыне і атрымаць невялікі сувенір ад бібліятэкі.
Непадалёк размясцілася часовая экспазіцыя да 140-годдзя класікаў беларускай літаратуры. Супрацоўнікі павільёна, звяртаючыся да мяне, прапаноўваюць... намаляваць Купалу або Коласа. Партрэт, надрукаваны на вялікай паперы, разбіты на мноства фрагментаў. «Трэба закрэсліць фламастарам квадрацік, які вам падабаецца», — тлумачаць мне. Такім чынам, кожны ахвотны можа прыняць удзел у стварэнні агульнага малюнка. І сапраўды, не паспяваю я дафарбаваць свой квадрацік, як да нас падыходзяць падлеткі, якія таксама просяць маркеры. Акрамя гэтага, у павільёне, прысвечаным юбілею песняроў, можна паўдзельнічаць у розных інтэрактыўнасцях: сабраць пазлы з фотаздымкаў Якуба Коласа, пагуляць у настольную гульню і паразгадваць рэбусы.
А я тым часам падыходжу да пляцоўкі Выдавецкага дома «Звязда»: каля яго — дзіцячы натоўп. Здаецца, яшчэ і з-за таго, што выдавецтва прапаноўвае кнігі з прыемнымі зніжкамі:
— На нашых стэндах прадстаўлены як упадабаныя чытачамі выданні, так і навінкі, напрыклад, новая кніга Кацярыны-Хадасевіч Лісавой «Сакрэты аднаго каралеўства». Наша выдавецтва прапануе шырокі спектр літаратуры, пачынаючы з мастацкай і заканчваючы навуковай і асветніцкай. Напрыклад, у нас можна набыць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, — адзначае намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда», галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва» Аляксей Чарота.
Апроч таго, Выдавецкі дом «Звязда» ладзіць аўтограф-сесіі з аўтарамі. Так, падчас Дня беларускага пісьменства з чытачамі сустрэліся пісьменнікі Іна Фралова, Ірына Карнаухава і Уладзімір Гаўрыловіч. Побач заўважаю калекцыянера і пісьменніка Уладзіміра Ліхадзедава, кніга якога «Адзінства непераможнага народа» таксама пабачыла свет у нашым выдавецтве:
— Я прадстаўляю тры ўнікальныя выданні: «Адзінства непераможнага народа», каталог выстаўкі «Бацькаўшчына» ў Нацыянальным гістарычным музеі і кнігу «Тры сястры», у якой сабраны здымкі Гомельскай, Бранскай і Чарнігаўскай абласцей, некаторыя з якіх друкуюцца ўпершыню. Напрыклад, фота страчанай царквы ў вёсцы Насовічы Добрушскага раёна.
Дзень беларускага пісьменства — добрая нагода, каб пазнаёміцца з гісторыяй краю. Так для гасцей свята была арганізавана выстава, якая распавядала аб гісторыі друку Гомеля, а таксама пра фотамайстэрства. У экспазіцыі былі прадстаўлены фотаапараты розных часоў. Дакрануцца да народнага мастацтва дапамагла выстава вырабаў майстроў. Мастакі прэзентавалі мноства прыгожых рэчаў традыцыйнай беларускай культуры: ручнікі, лялькі, вышыванкі. А з літаратурнай Гомельшчынай удзельнікі пазнаёміліся падчас прэзентацыі найлепшых праектаў бібліятэк краю.
Час ляціць незаўважна, і пакрысе мы набліжаемся да галоўных падзей Дня беларускага пісьменства. У адным з цэнтральных сквераў горада ўзвышаецца пабудова, прыкрытая тканінай. Зусім хутка адбудзецца ўрачыстае адкрыццё помніка Івану Шамякіну. Пісьменнік нарадзіўся ў вёсцы Карма, што непадалёк ад Добруша. Для жыхароў горада гэта ганаровая падзея. У невялікім скверыку амаль не прадыхнуць: усім цікава ўбачыць, якім жа будзе помнік народнаму пісьменніку. «Я прачытаў усяго Шамякіна», — распавядае мне пажылы дабрушанін.
Скіроўваем увагу на скульптурную кампазіцыю: тканіна злятае, і мы бачым задумлівага чалавека з кнігай у руках. Удзел у адкрыцці помніка прыняла дачка пісьменніка Алеся Шамякіна, яна адзначыла, што работа скульптараў Уладзіміра Піпіна і Канстанціна Касцючэнкі ўдалася.
Увесь дзень падчас свята ў горадзе было сонечна, надвор'е стаяла амаль летняе. Але вечарам адчувалася, што прыйшла восень. Людзі, хутаючыся ў паліто і курткі, спяшаліся да галоўнай сцэны...
Пачынаецца ўрачыстае адкрыццё XXІX Дня беларускага пісьменства. Намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка агучыў віншаванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у якім кіраўнік краіны адзначыў, што менавіта пісьменства з'ядноўвае мінулае, цяперашняе і будучыню, зберагаючы як найвялікшы скарб сувязь пакаленняў.
Да наведвальнікаў урачыстага адкрыцця звярнуўся міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў:
— Амаль тры дзесяцігоддзі Дзень беларускага пісьменства з'яўляецца адным з важных свят на тэрыторыі суверэннай Беларусі. Пісьменcтва, літаратура, кніга ў жыцці нашага народа былі і застаюцца сродкам спазнання свету, спосабам выхавання асобы, развіцця духоўных каштоўнасцяў. Паэзія і проза беларускіх класікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і вашага земляка, народнага пісьменніка БССР Івана Шамякіна і зараз з'яўляюцца крыніцай гонару і творчага натхнення. Нашы продкі пакінулі нам гераічную гісторыю, якую мы павінны не толькі памятаць, але і захоўваць. Гэта яскрава дэманструецца на сённяшнім свяце ў Добрушы, якое праводзіцца ў Год гістарычнай памяці. Шчыра жадаю ўсім удзельнікам і гасцям цікавых знаёмстваў, нечаканых адкрыццяў, якія будуць садзейнічаць больш глыбокаму спазнанню гісторыі і культуры нашай роднай Беларусі.
Увечары канцэртная пляцоўка выглядае відовішчна: усё зіхаціць чырвона-аранжавымі агеньчыкамі. У сюжэтнай лініі канцэрта арганізатары свята спалучылі адразу некалькі тэм: Год гістарычнай памяці, традыцыі Добруша і расповед аб класіках і сучасніках айчыннай літаратуры. З музычным суправаджэннем Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь на добрушскай сцэне выступілі заслужаныя артысткі Ірына Дарафеева і Алена Ланская, артысты Тэа і Вольга Рыжыкава. У выкананні ансамбля «Бяседа» і Нацыянальнага акадэмічнага хору імя Цітовіча прагучалі фальклорныя спевы. А вось за сучаснасць адказвала група «Дразды» — гасцям вельмі спадабалася песня пра сланечнікі. Прыемным сюрпрызам стала з'яўленне на сцэне любімых з дзяцінства герояў «Калыханкі» — мядзведзіка Топы і Бусліка. Фінальным акордам канцэрта стала выступленне народнага артыста Беларусі Анатоля Ярмоленкі. Першы святочны дзень скончыўся феерверкам.
Арына КАРПОВІЧ
Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.