Вы тут

Пабывалі на Гродзенскай ГЭС — адной з самых вялікіх ў Беларусі


Пры слове «гідраэлектрастанцыя» перад вачыма паўстае плаціна, з якой бурным патокам падае вада. Але такая карціна назіраецца толькі на імклівых, вялікіх рэках, такіх, напрыклад, як Ангара, Енісей ці Волга, дзе працуе нават не адна, а тры-чатыры гідраэлектрастанцыі. Раку Нёман у гэтым сэнсе можна назваць павольнай, і ўсё ж пачынаць развіццё гідраэнергетыкі было вырашана менавіта з яе. У сувязі з юбілеем Гродзенскай ГЭС для журналістаў быў арганізаваны прэс-тур.


На верхавіне «айсберга»

Гідратэхнічны аб'ект размешчаны за некалькі дзесяткаў кіламетраў ад Гродна. Пры пад'ездзе транспарт сустракае мясцовы ахоўнік. Пасля неабходных фармальнасцяў журналістаў прапускаюць на тэрыторыю ГЭС. Пазней нам растлумачылі, што ўся тэрыторыя станцыі знаходзіцца пад відэакантролем, устаноўлена і інфрачырвоная прамянёвая сігналізацыя.

За варотамі звяртае на сябе ўвагу вялікі валун, дзе на гранітнай пліце выдзяляецца надпіс «Гродзенская ГЭС. Магутнасць 17 КВт». Праз бетонны мост праходзім да пляцоўкі, на якой высяцца калоны з перакрыццем. Увогуле, уражвае масіўнасць і неверагодная колькасць бетону. І гэта толькі тое, што на паверхні. Як заўважылі прадстаўнікі прадпрыемства «Гроднаэнерга», надводная частка ГЭС — толькі верхавіна айсберга, асноўны патэнцыял схаваны пад вадой — на глыбіні, роўнай вышыні пяціпавярховіка.

Але аб гэтым пазней, а пакуль ідзе агляд прыгожага наваколля. Унізе, каля самай вады, бетонны выступ абляпілі бакланы. Кажуць, яны прылятаюць туды, дзе шмат рыбы. Так і ёсць, пацвердзілі нашы гіды. Раней тут і рыбакі затрымліваліся, але цяпер перамясціліся на некалькі кіламетраў уніз па цячэнню. Чуваць, там сапраўдны рыбацкі Шанхай, а вось у зоне ГЭС засталіся толькі птушкі, у тым ліку даволі рэдкія. Напрыклад, нам удалося назіраць велічны палёт арланаў-белахвостаў і шэрых чапляў.

А вось з чым раз-пораз прыходзіцца сутыкацца работнікам станцыі, дык гэта са смеццем. Для ачысткі нават ёсць спецыяльны кран, работа якога была прадэманстравана перад журналістамі. Асабліва напружана было з гэтым у пачатку пуску станцыі. Тут настолькі вялікія аб'ёмы раскі, што даводзілася арандаваць баржу з экскаватарам, каб яе сабраць. Грузілі па 2-3 прычэпы ў дзень.

— Тады заставаліся затопленыя дрэвы, карчы, пні, мы іх ліквідавалі падчас будаўніцтва, і цяпер узялі на сябе абавязацельства кожную вясну напярэдадні суднаходнага перыяду выконваць работы па ачыстцы вады ад гэтых дрэў. Бо смецце ў любым выпадку прыплыве да нас, таму гэта яшчэ і пытанне бяспекі станцыі, — адзначыў дырэктар філіяла РУП «Гроднаэнерга» Віктар Зубрыцкі. — Хоць прыроднага смецця становіцца менш, ёсць праблема з бытавым смеццем, якое трапляе ў ваду са стыхійных месцаў адпачынку. Мы — своеасаблівы фільтр для горада.

А летась, напрыклад, прыйшлося ліквідаваць нават тарфяны астравок, плошчай больш за дзве тысячы квадратных метраў. Тады дапамаглі рачнікі — адбуксавалі яго катарам да берага, а потым сабралі экскаватарам. Асабліва адказным перыядам для станцыі з'яўляецца паводка. Тут трэба быць, як той казаў, напагатове, бо ў гэты час станцыя працуе з максімальнай магутнасцю.

Дарэчы, для фотакарэспандэнтаў была арганізавана прагулка на катары. Па іх уражаннях можна было меркаваць, што яны зрабілі нямала відовішчных здымкаў.

Там, дзе працуюць турбіны

Мы спускаемся ў самае сэрца станцыі — у «падводнае царства», калі можна так сказаць, гідрастанцыі. Дарэчы, ніякага асаблівага ціску зверху не адчувалася, хоць мы і апынуліся на глыбіні дзясяткаў метраў. «Тут знаходзіцца асноўнае абсталяванне — турбіны, генератары, мультыплікатары, — паясніў намеснік галоўнага інжынера Гродзенскіх электрычных сетак Аляксандр Гундар. — Цяпер упершыню на станцыі вядзецца дасканалы рамонт гідратэхнічнага абсталявання, які пачаўся летась. Паралельна вядзецца мадэрнізацыя валатурбін для надзейнасці. Яны рамантуюцца паступова. Напрыклад, на дадзены момант з пяці турбін працуюць дзве».

Падчас размовы прагучала вобразнае параўнанне станцыі з вялікім кранам, які з дапамогай розных прыстасаванняў ажыццяўляе рэгуліроўку расходу вады з турбіны. Вада, што называецца, не ідзе «ўхаластую». А між тым, прыручыць водную стыхію было няпроста.

Віктар Зубрыцкі ўспамінае, як складана было перасыпаць земляную плаціну: «Вялікія бетонныя пліты ляталі, як папера — іх зносіла патокам. Больш за сем гадзін вялася барацьба з ракой, каб вада пайшла праз станцыю. Было ўкладзена 90 тысяч кубічных метраў бетону».

У падводным калідоры на сценах — вялікія фотаздымкі ўсяго працэсу будаўніцтва станцыі. Асабліва ўражваюць масіўныя турбіны. Каб іх пракласці, было вывезена больш за адзін мільён кубічных метраў грунту. Будавалася самая магутная на той час ГЭС у Беларусі. Пастаўкай абсталявання займаліся чэшскія вытворцы. Цікава, што яго кошт складае 20 працэнтаў агульнай сумы, а астатнія 80 працэнтаў прыходзяцца на само збудаванне. І праслужыць яно павінна — ні многа ні мала — ажно сто гадоў. Пакуль прайшло толькі дзесяць. За гэты час станцыя выпрацавала звыш 800 мільёнаў кВт-гадзін.

— Мы пацвердзілі тыя разліковыя даныя, якія былі закладзены ў праект, што сведчыць аб правільных разліках па выкарыстанні патэнцыялу ракі Нёман. Тады мы будавалі самую магутную ў Беларусі ГЭС. Пазней, калі будаваліся Віцебская і Полацкая ГЭС, улічваўся ў першую чаргу, наш вопыт, — заўважыў генеральны дырэктар РУП «Гроднаэнерга» Віктар Жук. — Гадавы аб'ём выпрацоўкі электрастанцыі адпавядае гадавому спажыванню насельніцтва Гродна ці спажыванню, напрыклад, Шчучынскага раёна.

Сёння ў Беларусі тры гідраэлектрастанцыі такога маштабу. Але спецыялісты лічаць, што водны патэнцыял выкарыстоўваецца ўсяго на некалькі працэнтаў. Між тым, зялёная энергетыка мае ўсе перадумовы для далейшага развіцця. Пры агульным стагадовым тэрміне эксплуатацыі, акупнасць гідрастанцыі складае 25 гадоў.

Вадасховішча і турызм

Трэба сказаць, што ГЭС паўплывала на з'яўленне новага ландшафту. У рэчышчы ракі Нёман утворана так званае Гродзенскае вадасховішча, яго яшчэ называюць Гродзенскім морам. І нездарма — працягласць штучнага вадаёма складае 43 кіламетры, а плошча — каля дзвюх тысяч гектараў. Гродзенскім райвыканкамам распрацаваны праект адносна тэрыторыі, якая прылягае да вадасховішча. Мяркуецца, што тут будзе вялікі парк адпачынку з актыўным турызмам. Але асваенне тэрыторыі ідзе марудна. Ці падключацца ў якасці інвестараў энергетыкі, невядома. Аднак турыстычную тэму тут не скідваюць з рахунку. Напрыклад, у кірунку прамысловага турызму. Многім, напэўна, было б цікава пабываць на першай сярод самых магутных у краіне і адзінай у Гродзенскай вобласці гідрастанцыі. І падобныя экскурсіі праводзяцца. Праўда, не ў такім шырокім сэнсе, як тое адбываецца на іншых прамысловых прадпрыемствах. Рэч у справа ў тым, што аб'ект сам па сабе небяспечны, патрабуе цеснага інструктажу. Знаходзіцца нямала аматараў экстрэмальных сэлфі, асабліва сярод студэнтаў, заўважылі субяседнікі. А вось школьнікі паводзяць сябе больш дысцыплінавана. Па словах нашых гідаў, у экскурсіях нікому не адмаўляюць, на станцыю прыязджаюць і будучыя спецыялісты-энергетыкі і дэлегацыі іншых рэгіёнаў для абмену вопытам.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.