Вы тут

Формула ўдачы. Заслужаныя «Песняры» Беларусі


Для слухачоў гэты калектыў ужо даўно як народны — паводле папулярнасці, прычым, не толькі ў краіне, якую прадстаўляе. Лобоў слухачоў ды запоўненыя залы на канцэрце «Песняроў» — лепшае сведчанне павагі да калектыва, яго гісторыі і заснавальніка Уладзіміра Мулявіна.


Фота з сайта pesnyary.by

А цяпер асаблівы статус Беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры» замацаваны званнем «Заслужаны калектыў» — адпаведна пастанове Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. 

Пра ўнёсак «Песняроў» у нацыянальную культуру Беларусі можна казаць доўга, бо за больш чым пяць дзесяцігоддзяў працы музыканты здолелі заявіць і паказаць адметнасць беларускай песні і мовы. І гэта было сапраўднае дзіва, якое ажыццяыілася праз беларускі фальклор, які стаў асновай для твораў, — кожная песня гучала як шэдэўр. Гэта здолелі зрабіць маладыя музыкі, аб’яднаныя ў вакальна-інструментальным ансамблі пад назвай «Песняры». Зрэшты, гэтая назва ўпершыю прагучала ў 1969 годзе, калі ансамбль рыхтаваўся да IV Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады. А там як зацягнулі «Ой, рана на Івана» — дык рэха ад гэтай ды іншых песень пакацілася далёка-далёка, што ў выніку азначала больш, чым першая прэмія ў конкурсе — яе «Песнярам» не прысудзілі (пабаяліся не надта «прычасанага» выяўлення?..). Аднак беларускія мелодыі аказаліся пераможнымі на доўгае жыццё. Трэба адзначыць, што гісторыя калектыва пачалася крыху раней — у 1968-м годзе, з узнікнення ансамбля «Лявоны», які і перайменавалі акурат да конкурсу... Таму да фактычнага (але не фармальнага) 55-годдзя калектыва цудоўным падарункам стала званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь».

Фота з сайта pesnyary.by

Сёння дзякуючы новаму пакаленню музыкантаў на чале з мастацкім кіраўніком Раманам Козаравым Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь дзяржаўны ансамбль «Песняры» працягвае сваё існаванне. Ствараюцца новыя песні, музыканты даюць канцэрты, ездзяць на гастролі. Але дагэтуль ад маладых нашчадкаў тых «Песняроў» у канцэртах чакаюць песень з «залатой калекцыі» калектыва, створанага Уладзімірам Мулявіным. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.