Вы тут

Віцебск рыхтуецца да харэаграфічнага жыцця


Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі — адзін з брэндаў беларускага Віцебска. А брэнды не губляюць сваёй вартасці нават пры часовым зацішшы ці вымушаным спыненні актыўнасці з-за пандэміі. Асабліва творчыя брэнды, бо энергія натхнення так ці інакш прагне выхаду.


Сёлета Віцебск дасць такую магчымасць тым, хто захапляецца сучасным танцам і прысвячае яму сваё жыццё. Фестываль перарывае паўзу і сцвярджае: жыццёвую прастору людзей трэба напаўняць стваральнымі эмоцыямі. Сучасная харэаграфія — гэта крыніца крэатыву. І як даказана раней, сontemporary dance — гэта беларуская тэма. І дзякуючы харэаграфіі Валянціна Елізар’ев, які быў ганаровым госцем фестывалю і старшынёй конкурсу, і дзякуючы той моладзі, якая шукае свой танец цяпер. А яе не так мала, асабліва, калі паглядзець на ўдзельнікаў міжнароднага конкурсу сучаснай харэаграфіі. 

Сёлета падчас ХХХІІІ Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, які адкрыецца 23 лістапада, адбудзецца конкурс з удзелам прадстаўнікоў Арменіі, Беларусі, Казахстана, Расіі. Першапачаткова на адрас арганізатараў паступіла больш за 50 заявак ад патэнцыйных канкурсантаў. Пасля адборачнага туру ў спісе тых, хто заслужыў выхад у наступны этап, значацца 24 прэтэндэнты, большасць якіх прадстаўляюць нашу краіну, што вельмі важна — гэта будучыня нашага мастацтва, новыя імёны, асобы, здольныя працаваць прафесійна. Напрыклад, сярод лаўрэатаў конкурсу харэаграфіі ў Віцебску некалі быў Сяргей Мікель, які цяпер паспяхова ставіць спектаклі ў беларускіх тэатрах. 

Такі піітэт да моладзі можна патлумачыць. Менавіта з яе задзірыстасці і актыўнасці ўсё пачыналася напрыканцы 80-х, калі ў грамадстве пачаліся працэсы трансфармацыі, віравалі розныя ідэі, а людзі імкнуліся сябе асэнсаваць — як асоб, як частку нацыі. Тады Віцебск стаў кропкай творчай актыўнасці. Нездарма. Горад нібыта азірнуўся на сваю гісторыю і ўгледзеўся ў падзеі, якія адбываліся тут напачатку ХХ стагоддзя. Гэта было звязана з выбухам выяўленчага мастацтва, натхнёнага Маркам Шагалам і яго паплечнікамі, якія пачалі выхоўваць у тагачаснай Беларусі творцаў навага часу. І вось напрыканцы стагоддзя нібыта не да канца рэалізаваная энергія нарадзіла новую творчую хвалю. Больш за 30 гадоў плынь сучаснай культуры — эксперыменту, пошуку ідэй і новай выразнасці выяўляецца тут праз танец. Але ж сучаснае мастацтва тым і цікавае, што яно існуе па-за рамкамі прывычных уяўленняў, аўтары прапануюць работы на мяжы розных відаў мастацтва. А танец — выдатны выяўленчы сродак, не менш экспрэсіўны, чым фарбы розных колераў. Чалавечае цела здольнае ўвасабляць не толькі прыгожыя, але і значныя, магутныя па сваім значэнні вобразы. Між іншым гэта відавочна і па гісторыі фестывалю, які за гады існавання вырас са спаборніцтваў нефармальнай моладзі да ўзроўню з’явы аўтарскай харэаграфіі — прэстыжна быць датычным да яе. Таму ўсе гады, пакуль адбываўся фестываль, Віцебск наведалі як аматарскія, так і прафесійныя калектывы, пачаткоўцы і аўтарытэты ў галіне харэаграфіі з больш чым 40 краін свету.

Чалавек, асоба, майстар — галоўны герой сёлетняга фестывалю. Паводле праграмы гледачоў чакае нешта падобнае на фестываль-прысвячэнні. Спектакль «Рахманінаў» пакажа Дзяржаўны тэатр песні і танца «Алтай», «Гаўдзі» — Незалежная кампанія сучаснага танца Libertatem, пра Фрыду Кала распавядзе добра вядомы беларускім гледачам «Балет Яўгена Панфілава», які ў асобным вечары зробіць прысвячэнне свайму стваральніку. Яўгена Панфілава ўжо няма ў гэтым свеце, але ён быў госцем і членам журы на фестывалі ў Віцебску. Сёлета ў публікі будзе магчымасць убачыць яго спектакль «Капітуляцыя». Казанскі Тэатр танца «Дарога з горада» вязе спектакль «Не будзеце спячага сабаку», тэатр сучаснага танца «Канонданс» з Санкт-Пецярбургу выступіць з недзіцячым спектаклем «ВКЛ/ВЫКЛ», таксама для дарослай аўдыторыі «Скура» ад екацярынбургскіх «Правінцыйных танцаў». За пяць дзён форуму тыя, хто жадае, змогуць наведаць практычныя майстар-класы. Бо фестываль — гэта толькі пачатак, штуршок да развіцця.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.