Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Малако аднарога»


Пасля сыходу на пенсію настаўніцы французскай мовы Цэцыліі Якаўлеўны, якая ставіла пяцёркі направа і налева, нібыта адбываючы каля дошкі павіннасць на працягу сарака пяці хвілін, у нашай школе з’явіўся новы настаўнік.


Фота: pixabay.com

Гэта быў мужчына ва ўзросце, які раней служыў у пасольстве, пабачыў іншыя краіны і валодаў выдатнымі здольнасцямі педагога. Яго адразу празвалі «француз», і ён стаў для нас супергероем. Настаўнік зайшоў у клас, загаварыў на французскай і... яго ніхто не зразумеў. Нашы веды былі ніжэй плінтуса. Але хутка французская стала ў нас любімым прадметам, а праз год мы маглі нядрэнна размаўляць па-французску.

У «француза» было мноства цікавых гісторый, магчыма, ім жа прыдуманых, у якіх фантастыка змешвалася з рэальнасцю, і ён мог іх так распавядаць, што мы слухалі, затаіўшы дыханне. Спачатку ён распавядаў гісторыі на рускай, устаўляючы французскія словы, а праз нейкі час ужо на французскай мове.

Уменне захапіць расповедам — сапраўдны дар. Я і мае сябры памятаем яго гісторыі да гэтага часу. Вось адна з тых гісторый. 

Будучы маладым, «француз» любіў збіраць грыбы. У выхадны браў рэчмяшок і ішоў у лес. Далей я перадам гісторыю яго словамі.

«Я прыйшоў у лес, калі сонца ўжо ўзышло, птушкі спявалі ў поўны голас, а вакол сноўдалі жучкі, павучкі, чмялі — лес быў поўны жыцця. Назбіраўшы вядро баравікоў і чырвонагаловікаў, спахапіўся, што страціў кірунак, хоць быццам і не так далёка адышоў ад горада.

Я доўга хадзіў па лесе, стаміўся, хацеў піць, а на знаёмую ўскраіну ўсё ніяк не мог выйсці. У канцы дня, наматаўшы дастаткова кіламетраў, у самым гушчары наткнуўся на домік, абнесены частаколам са скрыўленай брамкай. Пастукаў. Адкрыў зарослы барадаты стары з малпачкай на плячы. Я спытаў: «У які бок трэба ісці, каб выйсці да горада?» Ён паказаў кірунак. Тады я папрасіў у яго вады, сказаў, што вельмі піць хочацца.

Стары адказаў: «Вады няма, магу даць казінага малака», — і хітра паглядзеў на мяне. Я ведаў, што некаторыя людзі недалюбліваюць казінае малако, але сам яго не каштаваў. Аднак вельмі хацелася піць, і я пагадзіўся. Стары крэкнуў у вусы і вярнуўся ў домік. Я чакаў яго ля брамкі.

Малпачка некалькі разоў азірнулася на мяне, пакуль ён ішоў да ганка, і састроіла грымасу. Стары вынес піялу з малаком. Яно было з прысмакам, і я адразу зразумеў, што не каровіна. Але вельмі хацелася піць, і я выпіў крыху больш за палову.

— Так, гэта казінае малако, — пацвердзіў я, — адчуваецца прысмак. Малпачка тым часам выхапіла ў мяне піалу і дапіла малако. Стары ўсміхнуўся:

— Я даў табе не казінае, а малако аднарога. Ты зараз убачыш усю гісторыю чалавецтва.

Я машынальна ўзяў у малпачкі піалу, яна была пустая. Мяне злёгку хіснула, і я адчуў лёгкі звон у вушах. Узяўшы сябе ў рукі, каб не паддавацца хвіліннай слабасці, — наперадзе яшчэ быў шлях дадому, — я раптам убачыў, што з малпачкі злазіць поўсць.

Яна на вачах змянялася: расла, ператвараючыся ў вялікую малпу, потым у першабытнага чалавека. Нарэшце, перада мной стаяў высокі чалавек з гіпнатызуючым позіркам. Я пачуў яго голас: «Цяпер ты мой раб, будзеш выконваць усе мае даручэнні».

Ад нечаканасці я выпусціў піялу. Стукнуўшыся аб камяні, яна ператварылася ў аскепкі. Звон у вушах спыніўся. Я падняў вочы і ўбачыў, што перада мной стаіць і ўсміхаецца ўсё той жа зарослы стары з малпачкай на плячы. Я выскачыў за брамку і адбег, а потым рушыў дамоў. 

Што гэта было? Містычнае адкрыццё або ўчынак вар’ята? Дагэтуль не ведаю».

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.