Вы тут

Аграрыяў Віцебскай вобласці ушаноўвалі на абласных «Дажынках»


У Віцебску падвялі святочную мяжу уборачнай кампаніі на фінальным этапе абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі». Сёлета паўночны рэгіён скарыў новую вяршыню — унёс у рэспубліканскі каравай 1 мільён 115 тысяч тон збожжа. Найлепшых перадавікоў сельскагаспадарчай вытворчасці віталі ў Віцебскай абласной філармоніі.


Гэтае жніво для віцебскіх аграрыяў стала рэкордным не толькі ў маштабах вобласці і краіны, але і ў асабістых заліках: адзіныя на Віцебшчыне камбайнеры філіяла «Задняпроўскі» Аршанскага раёна Аляксандр Камароў і Аляксандр Склязноў сабралі 5 695 тон золата палёў. Тысячны намалот збожжа перасягнулі 198 экіпажаў камбайнераў вобласці, двухтысячны — 27, а трохтысячны — чатыры.

Сярод гаспадарак паўночнага рэгіёна, якія дасягнулі найлепшых вынікаў па ўраджайнасці збожжавых, аказаліся «Ларынаўка» Аршанскага раёна, «Хацілы-Агра» Пастаўскага раёна, Талачынскі кансервавы завод, філіял СГП «Мазалавагаз» УП «Віцебскаблгаз» Віцебскага раёна, Віцебская бройлерная птушкафабрыка — забяспечыла валавы збор збожжа 54,5 тысячы тон, што вышэй за паказчыкі 14 раёнаў вобласці. Найбольшую ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых культур атрымалі Віцебскі раён — звыш 41 цэнтнера з гектара, Аршанскі раён — амаль 41 цэнтнер з гектара, Верхнядзвінскі раён — 35,5 цэнтнера з гектара.

— Пасяўная і ўборачная — гарачая пара, сур'ёзны экзамен для аграрыяў усёй краіны, па выніках якога Віцебшчына дэманструе добры вынік. Сёлета намалочана больш за мільён тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 31 ц/га, што значна вышэй за паказчыкі папярэдняга года. Гэта заслуга ўсіх аграрыяў, жывёлаводаў, механізатараў, камбайнераў, кіроўцаў, кіраўнікоў усіх узроўняў: ад сельгаспрадпрыемстваў да раённых і абласных структур, перапрацоўчых прадпрыемстваў Віцебскай вобласці. Хацелася б, каб Віцебская вобласць заўсёды дэманстравала такія вынікі, як сёлета. Дзякуй вам за цярпенне, вытрымку і працу, якая часам доўжылася ад відна да відна, — адзначыў у віншавальным слове кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Сергеенка. Ігар Пятровіч таксама зачытаў на святочным мерапрыемстве прывітальны адрас Прэзідэнта Беларусі і ўручыў кошык кветак ад Аляксандра Лукашэнкі.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін адзначыў, што сёлета паспрыяла не толькі надвор'е, але і стаўка на азімыя, а таксама выкананне вытворчых тэхналогій, тэрмінаў сяўбы, унясення ўгнаенняў і, вядома, працоўная дысцыпліна. Губернатар падкрэсліў, што апошнія гады сталі сапраўднай праверкай для сусветных эканамічных адносін. «Мы разумеем, наколькі нетрывалым можа быць мір і як хутка можна страціць тое, што будавалася стагоддзямі. Працаваць па-старому ўжо не атрымаецца. Цяпер непарушным пастулатам павінны быць якасць і тэмпы, патрэбна сістэмная ўпарадкаваная работа», — сказаў Аляксандр Міхайлавіч. Кіраўнік вобласці падзякаваў аграрыям за цяжкую штодзённую працу дзеля краіны, падкрэсліўшы, што сваімі высокімі дасягненнямі яны ўзнімаюць аўтарытэт аграрнай галіны, і ўручыў заслужаныя ўзнагароды.

Прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Віцебскай вобласці, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Пётр Пархомчык таксама далучыўся да віншавання аграрыяў: «Па ўраджайнасці бульбы Віцебшчына апярэдзіла ўсе рэгіёны краіны, па ўраджайнасці цукровых буракоў апярэдзіла Мінскую, але крыху недацягнула да Гродзенскай вобласці, вялікая ўраджайнасць і па агародніне. Так што Віцебская вобласць не толькі гарантавала харчовую бяспеку свайму рэгіёну, але і ў цэлым нашай краіне». Пётр Аляксандравіч таксама ўручыў Аляксандру Субоціну сертыфікат на камбайн КЗС-1218, які будзе накіраваны ў адну з гаспадарак паўночнага рэгіёна.

Прывітальныя словы віцебскім працаўнікам вёскі даслалі Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка.

На тое, што аграрыі ўсёй краіны гарантавалі харчовую бяспеку беларусам, у віншавальным слове звярнуў увагу міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло: «Узровень самазабяспечанасці малаком склаў 263 працэнты, мясам — 134 працэнты, яйкам — 128 працэнтаў, бульбай і агароднінай — звыш 100 працэнтаў. Гэтыя лічбы сведчаць аб тым, што мы сталі экспартаарыентаванай краінай. За 9 месяцаў нам удалося экспартаваць прадукцыю на шэсць мільярдаў долараў, гэта 126 працэнтаў росту да ўзроўню мінулага года. Важную ролю ў гэтым адыграла Віцебская вобласць — практычна 400 мільёнаў з такім жа тэмпам росту. Такім чынам краіна выйдзе і на рэкордны ўзровень экспарту. Мы адназначна перасягнем сёлета суму ў восем мільярдаў долараў і ў чарговы раз праявім сябе на міжнародным рынку».

Ганаровыя госці свята ўсклалі кветкі да воінскага мемарыяла на Успенскай гары і азнаёміліся з падворкамі прадпрыемстваў Віцебшчыны.

Прагучаў фінальны аграрны акорд сезона-2022, а працаўнікі вёсак Віцебшчыны ўжо рыхтуюцца да наступнага жніва, каб пакінуць у сельскагаспадарчым летапісе краіны яшчэ больш яркі след.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.