Вы тут

Журы Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску ўзначаліць Ігар Колб


Галоўны харэограф Вялікага тэатра Беларусі, заслужаны артыст Расіі Ігар Колб напярэдадні адкрыцця ХХХІІІ Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску падкрэсліў, што прапанова аказалася для яго вельмі актуальнай. Не толькі з-за асабістай зацікаўленасці, але і з-за працы ў Вялікім тэатры Беларусі, які з’яўляецца адным з партнёраў фестывалю. А сёлета тэатр нават правядзе адмысловую імпрэзу яшчэ да афіцыйнага адкрыцця. У панядзелак, 21 лістапада ў прасторы Вялікага — там, дзе нараджаецца магія, ствараецца мастацкі складнік спектакляў — наладзяць майстар-клас для моладзі, якая толькі асвойвае прафесійнае майстэрства. «Харэаграфія можа адбывацца дзе заўгона, — падкрэсліў Ігар Колб. — Важна, каб рабяты бачылі: шмат што магчымае, а ўсе немагчымасці існуюць хіба што ў нас у галаве...»


Фота: БелТА

Між іншым, менавіта гэтая мэта калісьці дала штуршок нараджэнню ў беларускім Віцебску фестываля, які стаў брэндам горада і вельмі хутка набыў славу за межамі нашай краіны. А сёлета ён трыумфальна вяртаецца пасля двухгадовага перапынку, выкліканага пандэміяй, і адкрыецца ў Віцебску 23 лістапада.

— Захаваць і пранесці фестываль праз гады — заслуга як яго арганізатараў, так і вынік падтрымкі дзяржавы, — адзначыла Таццяна Пархамовіч, намеснік начальніка аддзела прафесійнага мастацтва ўпраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Беларусі. — Усе зацікаўлены, каб гэты праект працягваўся на нашй зямлі.

— На шчасце, за папярэднія 33 разы правядзення фестывалю ў нас напрацаваны такі досвед, што не складана аднавіць і працягнуць яго гісторыю, — прызнаецца Марана Раманоўская, дырэктар фестявалю. — За тое, што мы змаглі яго аднавіць сёлета, вялікая падзяка заснавальнікам, сярод якіх Віцебскі абласны выканаўчы камітэт, Міністэрства культуры Беларусі, Віцебскі гарвыканкам. Сёлета для нас асабліва істотная падтрымка Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Да нас па-ранейшаму з ахвотай едуць калектывы — госці і ўдзельнікі міжнароднага конкурсу, які адбудзецца сёлета. Гэты фестываль — праект дарагі, без падтрымкі заснавальнікаў і партнёраў яго рабіць немагчыма. А сёлета праграма настолькі шырокая, што акрамя паказаў гасцей і конкурсу ўключае майстар-класы і нават выстаўкі.

Чалавек, асоба, майстар — галоўны герой сёлетняга фестывалю. Паводле праграмы гледачоў чакае нешта падобнае на фестываль-прысвячэнне. Спектакль «Рахманінаў» пакажа Дзяржаўны тэатр песні і танца «Алтай», «Гаўдзі» — Незалежная кампанія сучаснага танца Libertatem, пра Фрыду Кала распавядзе добра вядомы беларускім гледачам «Балет Яўгена Панфілава», які ў асобным вечары зробіць прысвячэнне свайму стваральніку. Яўгена Панфілава ўжо няма ў гэтым свеце, але ён быў госцем і членам журы на фестывалі ў Віцебску. Сёлета ў публікі будзе магчымасць убачыць яго спектакль «Капітуляцыя». Казанскі Тэатр танца «Дарога з горада» вязе спектакль «Не будзеце спячага сабаку», тэатр сучаснага танца «Канонданс» з Санкт-Пецярбургу выступіць з недзіцячым спектаклем «ВКЛ/ВЫКЛ», таксама для дарослай аўдыторыі «Скура» ад екацярынбургскіх «Правінцыйных танцаў»... 

Падчас ХХХІІІ Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі адбудзецца конкурс з удзелам прадстаўнікоў Арменіі, Беларусі, Казахстана, Расіі. На адкрыцці прадставяць усіх канкурсантаў, якія прашлі праз сур’ёзны адбор: першапачаткова арганізатары атрымалі 75 заваявак, выбралі 25 удзельнікаў, якія будуць прэтэндаваць на Гран-пры і і ншыя прэміі. Прыемна, што большасць прэтэндэнтаў прадстаўляюць Беларусь — гэта будучыня нашага мастацтва.

— Фестываль — цудоўная адукацыйная платформа, — тлумачыць Святлана Гудкоўская, загадчыца кафедры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, член экспертнай камісіі фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. — Калі прыязджаюць знакавыя калектывы, то лепшай вучобы быць не можа. А за кошт таго, што конкурс двухтурны, то яркія артысты трапляюць пад увагу спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі. Такіх фестываляў няшмат, калі акрамя прафесійнага журы працуе экспертная рада, і часам адзнакі іх разыходзяцца. Але харэаграфія такая з’ява — яна ўспрымаецца не рацыянальна, а эмацыянальна...

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.