Вы тут

Спецыяліст расказала пра вітаміны, неабходныя для здароўя зубоў і дзёснаў


Прыгожая ўсмешка — гэта не толькі рэгулярнае наведванне стаматолага і «разумныя» зубныя пасты. Усе меры не дадуць эфекту, калі вы не будзеце правільна харчавацца. Пра вітаміны і мікраэлементы, неабходныя для здароўя зубоў і дзёснаў, расказала ўрач-гігіеніст Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Інга Федаткова.


Фота: pixabay.com

Збалансаванае харчаванне карыснае для ўсяго арганізма, у тым ліку для зубоў і дзёснаў. Каб тканкі поласці рота былі здаровымі, неабходна ўлічваць у штодзённым рацыёне аптымальныя суадносіны бялкоў, тлушчаў і вугляводаў, а таксама атрымліваць з ежай пэўныя вітаміны і мікраэлементы або прымаць іх у выглядзе дабавак.

Кальцый удзельнічае ў фарміраванні касцей і эмалі зубоў, а яго дэфіцыт правакуе іх разбурэнне. Найбольш багатыя ім малако і малочныя прадукты, зялёная ліставая гародніна, брокалі, плады сушанага інжыру, хурма, шпінат, салодкі перац, зялёны лук і кроп.

Фосфар удзельнічае ў працэсах абмену кальцыю, утвараючы з ім нерастваральныя солі, якія ўмацоўваюць косці і зубы. Для здароўя і захавання трываласці зубоў кальцый і фосфар павінны паступаць у арганізм у суадносінах 2:1 (на карысць кальцыю). Фосфар змяшчаецца ў багатай бялком ежы, напрыклад у мясе, яйках, арэхах, бабовых і малочных прадуктах.

Магній спрыяе правільнаму ўключэнню кальцыю ў структуру зуба, адказвае за цвёрдасць, трываласць зубной тканкі і за яе нармальны рост. Магнію шмат у непаліраваным рысе, прарослай пшаніцы, бананах, бульбе, просе, кунжуце, соі, кедравых арэхах, міндалі.

Вітамін D важны для засваення кальцыю, фосфару і кантролю мінеральнага балансу ў арганізме, паляпшае ўсмоктванне кальцыю з ежы і яго паступленне ў кровазварот. Пры недахопе вітаміну D адбываецца вымыванне кальцыю з касцей. Вітамін D утрымліваецца ў печані траскі, ікры ласосевых рыб, яечным жаўтку, у тлустых відах рыбы (селядзец, тунец, макрэль) і аліўкавым алеі.

Вітамін C у рацыёне забяспечвае шчыльнасць касцей, здароўе зубоў і дзёснаў. З прычыны дэфіцыту вітаміну С у арганізме дзёсны могуць запаляцца і кроватачыць. Крыніцай яго з’яўляюцца цытрусавыя, ягады, яблыкі, пятрушка, кроп, капуста, іншая гародніна і садавіна.

Вітамін А існуе ў двух формах: вітамін А (рэцінол) і правітамін А (карацін) — рэчыва, якое ў арганізме чалавека ператвараецца ў вітамін А.

Пры дэфіцыце рэцінолу назіраюцца рухомасць зубоў, хваравітасць дзёснаў. Таксама ён важны для выпрацоўкі сліны — яна неабходная для своечасовага змывання патагенных бактэрый. Рэцінол утрымліваецца ў печані жывёл і рыб, сметанковым алеі, вяршках, прадуктах жывёлагадоўлі.

Карацін ёсць у аранжавых і зялёных гародніне і садавіне. Уключыце ў сваё меню прадукты, багатыя на караціноіды: моркву, кейл (кучаравая капуста), шпінат, кінзу, базілік, чырвоны салодкі перац. Аднак памятайце, што для лепшага засваення ўжываць іх важна з тлушчамі.

Вітамін E абараняе клеткі, якія пакрываюць артэрыі, у тым ліку клеткі сасудаў у пульпе зуба, і сілкуе яго тканкі. Ён таксама спрыяе фарміраванню новых капіляраў, што ўзмацняе кровазабеспячэнне і мае супрацьзапаленчы эфект, а значыць, перашкаджае развіццю гінгівіту (запалення дзёснаў). Вітаміну Е шмат у раслінным алеі, арэхах, міндалі, кедравых арэшках, насенні сланечніку, авакада.

Каб усмешка была прыгожай, у нашым рацыёне абавязкова павінны быць наступныя прадукты:

  • Цвёрдая гародніна і садавіна (морква, яблыкі, агуркі і буракі) забяспечваюць добры масаж дзёснам і пастаўляюць неабходныя для здароўя зубоў кальцый і фосфар.
  • Арэхі (міндаль, кедравы арэх, кеш’ю) утрымліваюць мноства вітамінаў, амінакіслот і поліненасычаных тлустых кіслот. Ужыванне арэхаў дапамагае змагацца з бактэрыямі, якія разбураюць зубную эмаль.
  • Ягады (парэчка, вінаград, суніцы, журавіны) багатыя вітамінамі, асабліва вітамінам С, які ўмацоўвае дэнцін зубоў.
  • Малочныя прадукты (сыр, тварог, ёгурт) — выдатная крыніца кальцыю, фосфару, калію, магнію і вітамінаў А, В і D. 
  • Цытрусавыя (грэйпфрут, лайм, апельсін) аказваюць дабратворнае ўздзеянне на стан зубоў і дзёснаў. Вялікая канцэнтрацыя вітаміну С у цытрусавых дазваляе падтрымліваць выпрацоўку калагену ў арганізме, перашкаджае захворванням зубоў і дзёснаў. Аднак у цытрусавых дастаткова і арганічных кіслот, якія разбураюць зубную эмаль.
  • Тлустая рыба, яйкі — крыніца вітаміну D.
  • Простая вада, падобна сліне, змывае часцінкі ежы з зубоў і нейтралізуе кіслоты, разбуральныя для эмалі.

Правільны і своечасовы догляд дзёснаў і зубоў дазволіць захаваць іх здаровымі, моцнымі і пазбегнуць частых візітаў у стаматалагічныя кабінеты.

Падрыхтавала Агата СЛАВІНА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.