Вы тут

Узнагароду ад Дзеда Мароза абяцаюць у Вялікім тэатры найлепшым маленькім майстрам


Сямейны конкурс, які ладзіцца напярэдадні Новага года ў Вялікім тэатры Беларусі, даўно палюбіўся дзецям і іх бацькам. Для ўдзелу ў ім усяго толькі і трэба, каб маленькія майстры даслалі зробленую ўласнымі рукамі цацку на тэму якога-небудзь спектакля тэатра. Вядома, для гэтага трэба паглядзець оперу ці балет, каб натхніцца іх персанажамі.


Часта гэта казачныя персанажы, бо дзіцячыя спектаклі, якія ёсць у рэпертуары тэатра, ствараюцца дзеля асаблівага і вельмі патрабавальнага гледача, які чакае здзіўлення. Тут патрэбна інтрыга, вартая самых цікавых казак, а таксама яркія касцюмы і дэкарацыі, адпаведна, музыка і выкананне на высокім узроўні. Бо спектаклі, скіраваныя на дзяцей, звычайна трэба рабіць так жа, як і для дарослых, толькі значна лепш. Ну, яшчэ і таму, што звычайна дзеці (так і быць!) бяруць з сабой у тэатр бацькоў ці бабуль з дзядулямі. А паколькі яны таксама глядзяць, слухаюць і захапляюцца разам з маленькімі прыхільнікамі тэатра, то гэты сямейны конкурс карыстаецца ўвагай.

Сёлета конкурс праходзіць пад нумарам дзевяць, а ўдзельнікі папярэдніх гадоў за гэты час ужо маглі пераключыцца на багаты дарослы рэпертуар. А між іншым, лепшыя дарослыя спектаклі, якія сталі класікай, створаныя паводле дзіцячых казак. Напрыклад. балеты «Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня», «Канёк-гарбунок» ці «Маленькі прынц» — наогул прыгожая гісторыя на ўсе часы і ўзросты. Оперны рэпертуар сёлета ўзбагаціцца: да спектакляў «Пінокія» ды «Коткін дом» напрыканцы снежня далучыцца «Гісторыя Кая і Герды» (альбо «Снежная каралева») — глядзець можна ўсёй сям’ёй. А ўявіць галоўных герояў прэм’ернай пастаноўкі і прадставіць іх на конкурс можна ўжо зараз.

Тэатральныя цацкі, зробленыя сваімі рукамі прымаюцца на конкурс да 20 снежня (прэм’ера адбудзецца крыху пазней).

Цацкі можна беражліва ўпакаваць і даслаць поштай на адрас Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі (г. Мінск, плошча Парыжскай камуны, 1). Калі ёсць магчымасць, можна прывесці да службовага ўваходу ў тэатр, а там гераічныя вартаўнікі перададуць творы высокай камісіі.

Паколькі конкурс «Навагодняя тэатральная цацка» адбываецца ў рамках праекта «Вялікі тэатр — дзецям», то яго вынікі падводзяцца напярэдадні самага любімага маленькімі гледачамі свята.

Аўтары лепшых работ атрымаюць узнагароды ад самога Дзеда Мароза і яго ўнучкі Снягуркі ранкам 27 снежня, перад пачаткам прэм’ернага спектаклю.

Дзед Мароз звычайна шчодры на падарункі. Галоўнае — не забываць, што гэта тэатральны Дзед Мароз. Адпаведна, цацка павінна быць тэатральнай. А гэта значыць, што яна можа не толькі звязвацца са спектаклем, але і паказваць уяўленне дзіцяці пра тэатральнае жыццё і ўсіх яго ўдзельнікаў — музыкантаў, спевакоў, балерын і танцоўшчыкаў, мастакоў і нават саміх стваральнікаў цуду пад назвай мастацтва.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.