Вы тут

Каб вёскі не «сірацелі»


Чым толькі не даводзіцца займацца старшыні райсавета. І няўладкаванымі сем'ямі, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і асобамі, што вядуць асацыяльны спосаб жыцця, злоўжываюць алкаголем, і пошукам работы для тых, хто не вельмі імкнецца працаваць, і добраўпарадкаваннем тэрыторый, навядзеннем парадку на зямлі ды шмат якімі іншымі пытаннямі. Але старшыня Старадарожскага раённага Савета дэпутатаў Дзмітрый Давыдаў знайшоў час, каб сустрэцца з карэспандэнтам «Мясцовага самакіравання».


Пакуль ехалі да будынка райвыканкама, я ўважліва глядзела па баках. За вокнамі машыны праплывалі дагледжаныя вуліцы, адміністрацыйныя будынкі, прыгожа агароджаныя прыватныя дамы, падворкі з малымі архітэктурнымі формамі, дэкаратыўнымі кустамі.

— Так, добраўпарадкаванню райцэнтра, навядзенню парадку на зямлі мы ўдзяляем значную ўвагу, — перахапіў мой позірк Дзмітрый Міхайлавіч. — Не выключэнне і сельская мясцовасць. Сур'ёзна ўзяліся за пустыя і старыя дамы. Пагадзіцеся, пабудовы з праваленымі дахамі, дзіркамі замест вокнаў не толькі псуюць вонкавы выгляд населенага пункта, але і ствараюць пагрозу для дапытлівых дзяцей, якія любяць пагуляць у партызанаў. А пасля зносу нежылых пабудоў расчышчаныя ўчасткі можна ўжыць з карысцю, увесці ў грамадскі севазварот, засеяць сельскагаспадарчымі культурамі або аддаць пад новую жылую пабудову, прадаць насельніцтву.

Нашу размову перапыняюць частыя тэлефонныя званкі. Нехта просіць старшыню пасадзейнічаць у расчыстцы дарогі, каб аўтакрама своечасова прыйшла ў вёску. Дзмітрый Міхайлавіч адразу ж тэлефануе спецыялістам адпаведных службаў, каб тыя не марудзілі, выехалі на месца са спецтэхнікай. А некаму спатрэбілася кансультацыя, як набыць «асірацелы» дом у вёсцы. Дзмітрый Міхайлавіч не адмаўляе ў просьбе і дадае, што ўся неабходная інфармацыя змешчана на сайце райвыканкама, пастаянна друкуецца ў раённай газеце.

— Сапраўды, мы імкнёмся стымуляваць продаж дамоў у апусцелых вёсках, дзе засталося некалькі састарэлых жыхароў, даць другое дыханне гэтым населеным пунктам. І многія сядзібы набылі новых гаспадароў, сталі самабытнымі куточкамі малой радзімы, крыніцамі новага жыцця на карце раёна, — канстатуе Дзмітрый Давыдаў.

На тэрыторыі Старадарожскага раёна налічваецца 90 населеных пунктаў. Штогод камісія аб'язджае кожны з іх і выяўляе «нічыйныя» дамы. На 1 студзеня 2022 года такіх было 200, у тым ліку 165 пустых і 35 старых. На 1 снежня іх засталося 142, 134 «асірацелыя» і 8 непрыдатных для жыцця..

— Безумоўна, мы працуем з людзьмі, знаходзім тых, каму належыць маёмасць, шлём ім адпаведнае паведамленне. Такія пісьмы накіравалі кожнаму ўласніку з просьбай растлумачыць, што ён будзе рабіць з маёмасцю. Атрымалі 49 адказаў, што людзі будуць яе выкарыстоўваць. Калі чалавек адмаўляецца ад спадчыны, то пасля адпаведнай працэдуры дом пераходзіць на карысць сельвыканкама, які прымае рашэнне прадаць пабудову або знесці. Мы прадалі 17 такіх дамоў. Купляюць гараджане, мясцовыя жыхары, мінчане. Нехта — пад дачу, а хтосьці — для пастаяннага жыцця, — адзначае суразмоўнік. — Калі на дом прэтэндуе адзін чалавек, прадаём за адну базавую велічыню — 32 рублі. Калі ахвотных набыць яго некалькі, выставім на аўкцыён. Лічу, што гэта ўнікальная магчымасць атрымаць невялікі домік у вёсцы амаль што задарма.

У 2022-м з раённага бюджэту было выдзелена на знос дамоў 70 тысяч рублёў, знеслі 53 дамы. Праз тры-чатыры гады ў Старадарожскім раёне не будзе праблемы старых дамоў, упэўнены старшыня.

— І абавязковая ўмова: не проста «ліквідаваць» пабудову. Калі яна прымыкае да поля, мы ўводзім зямельны ўчастак у севазварот. Вынік 2021-га — каля 74 гектараў, летась таксама столькі ж. Імкнёмся рацыянальна выкарыстоўваць і будаўнічыя матэрыялы, яны не выкідваюцца на сметнік. Напрыклад, пры ўмове, што дом драўляны, яго рэшткі ўжываюцца для ацяплення грамадскай лазні. Летам дровы аддаюцца сельгасарганізацыі для зернесушылак. Зрэшты, вынікі нашай агульнай работы вы ўбачыце самі...

Дзмітрый Міхайлавіч запрашае мяне на экскурсію па Дражнаўскім сельсавеце. Там нас чакае старшыня сельвыканкама Ніна Патоцкая. Далей наш шлях ляжыць у вёску Залужжа. На ўездзе ў аграгарадок уладкаваны знак з выявай сэрца і надпісам «Я люблю Залужжа».

— У цёмныя часы сутак ён падсвечваецца і бачны здалёк. Вельмі прыгожа, — кажа Ніна Уладзіміраўна.

Спыняемся каля невялікага манумента, які адкрыты ў 1969 годзе ў памяць аб 180 земляках, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Помнік уяўляе сабой скульптуру воіна, які трымае на руках дзіця, і сцяну з імёнамі тых, хто загінуў за свабоду, прапаў без вестак.

У 1989-м помнік быў рэканструяваны. А нядаўна манумент абнавілі, уладкавалі падсветку, тлумачыць Дзмітрый Давыдаў.

А вось і мясцовыя могілкі. Акуратна прыбраныя, агароджаныя.

— Асаблівы акцэнт мы робім на добраўпарадкаванне пагостаў, прыцягваем да ўдзелу ў грамадска карыснай справе насельніцтва, ладзім так званыя санітарныя дні, — кажа Ніна Патоцкая. Праз два аграгарадкі праходзіць рэспубліканская траса, праязджаюць госці, людзі з іншых мясцовасцяў. Нельга дапусціць, каб яны думалі, што мы дрэнныя гаспадары. Праводзім тлумачальную работу з жыхарамі, каб домікі, участкі, падворкі былі ў належным стане, дагледжаныя. Паціху набіраем абароты, людзі нас разумеюць, ідуць насустрач.

— У мінулым годзе санітарныя дні з удзелам жыхароў адбыліся ў кожным сельсавеце, — дадае Дзмітрый Міхайлавіч. — Такім чынам прывучаем людзей наводзіць парадак на могілках, магілах сваіх родных, блізкіх. Пакуль могілкі на балансе сельсаветаў, але хутка будуць перададзены на абслугоўванне спецыялізаванай арганізацыі — «Старадарожская жыллёва-камунальная гаспадарка».

Праязджаем каля невялікага доміка, побач з якім зямельны ўчастак даволі ўнушальных памераў.

— Гэтая тэрыторыя была скрозь зарослая хмызняком. Жыхар са Старых Дарог купіў хату, навёў парадак, — тлумачыць Ніна Патоцкая. — Мы прадалі сем жылых будынкаў за адну базавую, на падыходзе — яшчэ тры.

Непрыкметна пад'язджаем да вёскі Ляды. Тут пастаянна жывуць тры чалавекі, а 15 дамоў выкарыстоўваюцца пад дачы.

— Летам у нас ажываюць вёскі. Для многіх гэта малая радзіма, дзеці вяртаюцца ў бацькоўскае гняздо. Тут набываюць маёмасць тыя, хто любіць цішыню, прыроду. Вёску атачае лес, непадалёку возера Скачальскае. А хто хоча камфорту, даброт цывілізацыі, купляюць маёмасць у аграгарадку Залужжа, дзе падведзены водаправод, прыродны газ, — сцвярджае Ніна Патоцкая.— Яшчэ нядаўна вёска выглядала закінутай. Літаральна за два гады тут навялі адмысловы парадак, знеслі непатрэбныя дамы, расчысцілі ўчасткі, увялі іх у грамадскі севазварот.

Так, у набытую маёмасць трэба ўкласці шмат сродкаў, але матэрыяльныя затраты людзей не стрымліваюць. Акрамя таго, што ў сельсавеце прадалі нямала дамоў, восем знеслі. Дапамагае ў гэтым насельніцтва, ажыццяўляе знос самастойна, за свае сродкі. У рэестры пустых на сёння 26 дамоў, у 2021-м было 39.

— Працуем планава, сістэмна. І калі будзем прыводзіць у парадак па адной вёсцы, то хутка атрымаем добры вынік, — лічыць старшыня сельвыканкама.

Вяртаемся назад знаёмым шляхам. Змяркаецца, Залужжа ззяе ліхтарамі — жыве вёска.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.