Вы тут

Папяровае шчасце. Аб карысці чытання звычайных кніг


Калега нядаўна нечакана прапанаваў: «Глянь, што знайшоў у кабінеце ў шафе. Сараяна. Хочаш пачытаць?» І працягвае мне тоўстую, бы Біблія, кніжку ў цяжкой цвёрдай вокладцы. «Давайце». Узяла той «гросбух» хутчэй таму, што няёмка было адмаўляцца, і паклала на прыстаўны столік у кабінеце. У кнігі ў рудой вокладцы былі ўсе шанцы паляжаць там тыдні два неразгорнутай і вярнуцца ў кабінет да гаспадара. Перадумоў менавіта на гэта развіццё падзей было нямала. Па-першае, на працы чытаць не будзеш, бо, калі і выпадае вольная хвілінка, — ёсць жа яго вялікасць Інтэрнэт у неабмежаванай колькасці на камп'ютары прама пад носам. Па-другое, несці цяжкую кніжку дадому, а тым больш цягаць яе з сабой, чытаючы ў транспарце, таксама не выпадае. Дома — усё той жа неабмежаваны Інтэрнэт, у дадатак тэлевізар, а ў тралейбусе ці метро — заўжды пад рукой смартфон, у якім і навіны, і кніжкі, і ўсё іншае, нават халера і трасца...


Фота: pixabay.com

Але, вы не паверыце, ужо каторы дзень у абед я «завісаю» над тым Сараянам. Кніжка сапраўды тоўстая, амаль на восемсот старонак (там некалькі твораў), выдадзеная яшчэ за Саюзам, у канцы 1980-х. Дробны шрыфт, не вельмі белыя ўжо ад часу старонкі. Але, разгарнуўшы яе аднойчы, прачытаўшы назву рамана «Чалавечая камедыя» і першыя радкі пра хлопчыка Уліса з невялікага амерыканскага гарадка Ітака, які назіраў за норкай сусліка, а потым пабег глядзець на цягнік, я ўжо не магу пакінуць гісторыю няскончанай, і кожны дзень рука сама цягнецца да кнігі. Хаця не магу сказаць, што я вялікая прыхільніца амерыканскай літаратуры, ды і сюжэт, хай даруе мне Уільям Сараян, просты і нават дзесьці прадказальны. Але ж гэта незвычайная магія вобразаў і ўяўлення ўсё роўна зацягвае, і на нейкі час ты адключаешся ад надзённых спраў і турбот.

І,ведаеце, за гэтыя дні нават настрой палепшыўся. Хаця і надвор'е, мякка кажучы, так сабе, і нейкіх рабочых ды побытавых праблем і клопатаў навалілася. Няўжо прычына ў той кніжцы ў рудой вокладцы? Разважала сёння над гэтым і прыйшла да высновы: так, менавіта ў ёй. Я нават не магу патлумачыць, што гэта за адчуванне, але яно нібы вярнулася з дзяцінства, з падлеткавага ўзросту, калі чытаў запоем, з ліхтарыкам пад коўдрай або зімой на печы, завалокшы на шафу і падключыўшы праз некалькі правадоў настольную лямпу (яна тады станавілася літаральна падстольнай, бо гарэла пад самай столлю). З вясковай хаты ты раптоўна трапляў у дзівосныя невядомыя краіны — з дапамогай не толькі Жуля Верна, але і нашых Янкі Маўра ды Паўла Місько, змагаўся на дуэлях з мушкецёрамі, разблытваў злачынствы з міс Марпл і Эркюлем Пуаро. У звычайнай вясковай хаце была бітком набітая кнігамі шафа, якая хавала ў сабе цэлы дзівосны сусвет і шчодра дзялілася ім з усімі ахвотнымі...

Калі і як я забылася пра гэту здольнасць перамяшчацца ў іншую рэальнасць? Зараз магу сказаць дакладна: калі памяняла папяровую кнігу на смартфон. Дзякуючы спампаванай на яго праграме я прачытала за апошнія гады процьму цікавых кніг. Але... у памяці засталіся толькі сюжэты, як той казаў, у сціслым пераказе. Няма гэтага адчування далучанасці, паглыблення, калі памятаеш, на якім месцы старонкі які цікавы эпізод напісаны, калі можна пагартаць кніжку і перачытаць упадабаныя ўрыўкі або нават часам зазірнуць на апошнюю старонку, бо так жа карціць даведацца, чым усё скончыцца. Вадзіць пальцам па экране — гэта зусім не тое. Няма адчування патоку, як яго называюць сацыёлагі, — гэта калі паглыбляешся ў сюжэт цалкам, адключаючыся ад наваколля, і цябе падхоплівае гэты паток і нясе, пагойдваючы, удалеч. (Дарэчы, менавіта гэта стан, як сцвярджаюць тыя ж сацыёлагі, у сучасным мітуслівым грамадстве многія асацыююць з паняццем «шчасце»). Што яшчэ цікава — ні адну з прачытаных на смартфоне кніг, нягледзячы на тое, што ўсе яны даступныя, захаваныя ў памяці гаджэта, мне не захацелася перачытаць. Хаця дакладна ведаю, што, калі б «Свечка» Валерыя Залатухі ці «Руская канарэйка» Дзіны Рубінай стаялі ў мяне на кніжнай паліцы, яны б неаднойчы былі адтуль узятыя. А так нібыта і ёсць кніга — і няма яе...

Не ведаю, можа, я проста занадта старамодная, але мяне вельмі бянтэжыць, калі бываю ў навасёлаў і бачу, што месца для кніжнай шафы ці нават паліцы ў іх па-сучаснаму абстаўленай кватэры не прадугледжана ўвогуле. Дзіцячыя кніжкі яшчэ можна сустрэць сярод цацак, але кніг менавіта ў самым класічным — папяровым выкананні для падлеткаў, а тым больш для дарослых і не ўбачыш. Усё ў віртуальнай прасторы. А як жа быць з вобразамі, з уяўленнем, з пахам друкарскай фарбы ці пажаўцелай пыльнай паперы? З дзівосным светам, з жаданнем перагарнуць старонку і перачытаць тое, што давяло да слёз ці рассмяшыла? З тым, чаго ні ў многіх маладых дарослых, ні ў іхніх дзяцей, якія падрастаюць, ужо проста няма. Можа, у тым ліку і па гэтай прычыне яны, маладыя, такія рэзкія, катэгарычныя, да многага халодна-раўнадушныя, нібы не жыццё пражываюць, а гуляюць у камп'ютарную гульню?..

А Сараяна я на выхадныя ўсё ж не палянуюся, вазьму дадому. Хочацца хутчэй даведацца, чым скончылася гісторыя Гамера і Уліса з невялікага амерыканскага гарадка Ітака...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.