Вы тут

У Дзятлаўскім раёне вядзецца распрацоўка ўласнай турыстычнай мадэлі развіцця тэрыторый


Адным з самых вядомых тут называюць «Зецельскі фэст» — свята, прысвечанае сям’і. Гэта, можна сказаць, брэнд раёна. Але дзятлаўчане працягваюць шукаюць новыя магчымасці па прыцягванні турыстаў. Ці стане раён прывабным для шырокага кола беларусаў і нават замежнікаў — думкамі пра гэта падзяліўся старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі.


— Андрэй Уладзіміравіч, раскажыце, калі ласка, пра «Зецельскі фэст»

— Фестывалю сёлета будзе шэсць гадоў, ён яшчэ даволі малады, але яго папулярнасць расце. Гэта свята, якое скіравана на захаванне сямейных традыцый, у ім шмат конкурсаў, імпрэз для сямейнага адпачынку. З году ў год расце колькасць яго ўдзельнікаў. Калі ў першым фэсце бралі ўдзел 11 сем’яў, то цяпер ужо больш за 50. У гэты дзень у горадзе шмат гасцей. Праграма фестывалю насычаная і разнастайная. Тут і кірмаш рамеснікаў, і гульнявыя атракцыёны, і вулічная кухня, і многае іншае. Гэта сапраўднае свята сям’і.

— Чым яшчэ цікавы раён для турыстаў?

— Дзятлаўшчына пакуль малавядомая ў турыстычным сегменце. Разам з тым яна багатая сваёй гісторыяй, нам ёсць што паказаць і чым здзівіць. Найчасцей турыстычныя аўтобусы спыняюцца на цэнтральнай плошчы райцэнтра каля каталіцкага храма ХVІІ стагоддзя і былога палаца Радзівілаў. Вядома, гэта не ўсе нашы славутасці. Усяго ў склад 15 распрацаваных турыстычных маршрутаў уваходзіць 55 аб’ектаў.

Дзякуючы санаторыям «Радон» і «Альфа Радон» актыўна развіваецца аздараўленчы турызм. Таксама карыстаюцца папулярнасцю сплавы на байдарках. У дадзеным кірунку распрацаваны водныя маршруты: «Па хвалях Моўчадзі», «Шчара — рака партызанская», «Прынёманскія краявіды». Ёсць цікавы камбінаваны водна-пешы тур з элементамі анімацыі «Ад Цара да самавара».

— Ці ёсць у раёна пэўная канцэпцыя развіцця турыстычнай сферы?

— Мы працуем над стварэннем сваёй турыстычнай мадэлі з выкарыстаннем мясцовых рэсурсаў. Іх нямала. Гэта і цікавыя гістарычныя мясціны, ландшафты, культурныя традыцыі, рэдкая флора — наведванне іх будзе суправаджацца рознымі відамі транспарту, у тым ліку і камбінаваным.

— Якія новыя маршруты гатовыя здзівіць турыстаў?

— Летась у Нацыянальным агенцтве па турызме быў атэставаны наш новы маршрут «Дарогамі Дзятлаўшчыны», тады ж у лістападзе на рэспубліканскім семінары адбылася яго прэзентацыя. У яго ўвайшлі аб’екты, паасобку вядомыя турыстам, але мы вырашылі аб’яднаць іх у адзіную сетку. Гэта паклонныя валуны, археалагічнае гарадзішча «Талерка», анёл з Неапаля, сабор, які будаваўся сто гадоў, адзін з элементаў дугі Струвэ і многае іншае.

Таксама мы ўрачыста адкрылі маршрут «Партызанскай сцежкай па Ліпічанскай пушчы». Маршрут мае турыстычную маркіроўку па міжнародных стандартах, суправаджаецца QR-кодамі, што дазваляе вандраваць без экскурсавода.

— Ёсць яшчэ патэнцыял для ўвасаблення новых праектаў?

— Ёсць шмат задумак. Напрыклад, цяпер займаемся распрацоўкай новага гісторыка-пазнавальнага турыстычнага маршруту «На ўскрайку Ліпічанскай пушчы, альбо Накрышская гісторыя». Ёсць ідэя стварыць турыстычны кластар «Легендамі сівой даўніны. Род Стравінскіх». Калісьці род валодаў гэтымі мясцінамі.

Цікавы экалагічны праект датычыць развіцця заказніка «Ліпічанская пушча». Ён уключае адразу пяць зялёных маршрутаў, якія распрацаваны сумесна з Дзятлаўскім лясгасам у рамках плана развіцця заказніка да 2026 года. Усе маршруты для вандроўкі на ровары, падчас якой можна ўбачыць розныя віды раслін і жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу, напрыклад, гнёзды шэрага жураўля. Са спецыяльных вышак можна будзе весці назіранні, займацца фотапаляваннем. Будуць устаноўлены знакі інфармацыйнай і турыстычнай навігацыі.

Бачым перспектыву ў развіцці гастранамічнага турызму. У такую работу ўключылася даволі шырокае кола грамадскасці. Напрыклад, школьнікі займаюцца вывучэннем страў сваіх продкаў, музей бярэ на сябе рэалізацыю міні-праекта «Жыццё продкаў праз адкрыццё свету беларускай кухні». Вынікам такой сумеснай работы павінен стаць выпуск «Кулінарнай энцыклапедыі Дзятлаўшчыны». Гэта даволі маштабная праца, прычым з практычным працягам. Найлепшыя і найбольш характэрныя для нашых мясцін рэцэпты будуць прапанаваны ў меню рэстарана «Ліпічанка».

— Ведаю, што летась вам удалося знайсці гаспадара для старажытнага будынка, помніка архітэктуры ХVІІІ стагоддзя, былога палаца Радзівілаў. Аб’ект у далейшым будзе неяк звязаны з турыстычнай сферай?

— Летась аб’ект выкупіў расійскі бізнесмен. Будынак патрабуе значных укладанняў, таму кошт продажу быў мінімальным — усяго тры базавыя велічыні.

Што канкрэтна мяркуе размясціць у старажытным будынку новы ўласнік, дакладна невядома. Ёсць меркаванне, што там можа з’явіцца аб’ект сацыяльнай накіраванасці. Ва ўсялякім выпадку, гэта стане вядома ў хуткім часе, паколькі бізнесмен павінен распрацаваць праектную дакументацыю на працягу двух гадоў, а максімум праз пяць — завяршыць рамонтныя работы і прадставіць будынак у яго новым абліччы. Які б ні з’явіўся тут аб’ект, будынак будзе даступны для турыстаў.

Як бачыце, планаў і ідэй у нас даволі шмат. Іх нам падказваюць само жыццё і гістарычныя традыцыі. Чым больш мы паглыбляемся ў нашу спадчыну і карані, тым больш з’яўляецца новых ідэй.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.