Вы тут

Скульптурная купаліяна. У літаратурным музеі Янкі Купалы новая выстава


Аблічча народнага паэта Беларусі Янкі Купалы ўвасоблена ў мностве твораў беларускага мастацтва. Цудоўная галерэя партрэтаў створана жывапісцамі, аднак і ў савецкі перыяд, і ў сучаснасці хапала скульптараў, якія імкнуліся паказаць творцу дакладна і праўдзіва. Сярод мастакоў — Сяргей Селіханаў, Анатоль Анікейчык, Андрэй Бембель, Аляксандр Рыбкін, Аляксандр Анціпін. Галоўным жа творам скульптуры ў гэтым кірунку лічыцца помнік у мінскім парку імя Янкі Купалы, усталяваны ў 1972 годзе (скульптары Леў Гумілеўскі, Анатоль Анікейчык, Андрэй Заспіцкі; архітэктары Леанід Левін, Юрый Градаў).


Леў Раберман, Марк Раберман «Янка Купала» (праект помніка Янку Купалу ў Радашковічах), 1957 г.

Напамін пра вобраз Янкі Купалы ў скульптуры невыпадковы. Нядаўна ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адкрылася выстаўка скульптур «Выразаюць разьбяры». Назву часовай экспазіцыі традыцыйна далі радкі з верша паэта. Гэтым разам з «Маёй веры»: «Не веру ідалам паганым, // Што выразаюць разьбяры, // Бажкам не веру маляваным, // Што мажуць фарбай маляры». Так ці інакш назва крыху збівае з панталыку — усё ж прадстаўлены скульптуры з розных матэрыялаў: гіпсу, дрэва, металу, бронзы… Стваральнікі музейная экспазіцыі імкнуліся паказаць творчасць розных аўтараў, якія звярталіся да асобы народнага паэта.

Склалі новы праект работы з калекцыі музея, якая налічвае сёння 72 адзінкі захоўвання. Так, у часовай экспазіцыі прадстаўлена 15 скульптур. На адкрыцці выстаўкі, якая прэзентуе не толькі цікавыя скульптуры, але і каштоўныя здымкі, прысутнічалі Сяргей Гумілеўскі (адзіны сучасны аўтар) і Наталля Шаранговіч, першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў. Апроч іншых, выступіў ансамбль флейтыстаў «Флюід» навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі.

Канстанцін Саломка «Жалейка. Янка Купала і пастушок».

Вядома, што скульптурную купаліяну распачаў мастак Абрам Бразер, які яшчэ летам 1925 года з натуры выканаў бюст Янкі Купалы. На жаль, адзіным сведчаннем прыжыццёвага скульптурнага партрэта з’яўляецца фотаздымак з майстэрні мастака. Копія фотадакумента прадстаўлена ў экспазіцыі (арыгінал захоўваецца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі).  Знакавы твор — «Янка Купала і Максім Горкі» (1948), прысвечаны сяброўскім сустрэчам пісьменнікаў. У свой час народны мастак Беларусі Аляксей Глебаў, асабіста знаёмы з Янкам Купалам, стварыў некалькі партрэтаў народнага паэта. У калекцыі музея зберагаецца некалькі работ аўтара 1940—1960-х гадоў. Яшчэ адна кампазіцыя, што прыцягвае ўвагу, — праект помніка ў Радашковічах. Скульптура Льва і Марка Раберманаў была ўсталявана ў 1957 годзе — тут таксама маецца цікавае фотапацвярджэнне, — але прастаяла нядоўга. Прычыны страты называюцца самыя розныя, як і варыянты, куды дзеўся помнік.

Фота з экспазіцыі ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы.

Тандэм Льва і Сяргея Гумілеўскіх зрабіў шмат намаганняў па ўвекавечанні памяці Янкі Купалы. Паасобку майстры стварылі вялікую колькасць тэматычных работ, як правіла, сімвалічных і запамінальных (згадаць хаця б манумент на магіле паэта, да стварэння якога спрычыніўся Леў Гумілеўскі). У экспазіцыі ёсць чуллівая кампазіцыя Сяргея Львовіча «Янка Купала» 2021 года. Гэта не той традыцыйны партрэт знакамітага паэта, якіх па свеце вельмі шмат, і выстаўка гэта цудоўна ілюструе. (Яркі прыклад — тры бюсты Янкі Купалы, зробленыя ў 1980—1990-х гадах Уладзімірам Летуном, вучнем Аляксея Глебава і Андрэя Бембеля. Творы па фотаздымках узнаўляюць аблічча паэта ў маладосці і сталасці.) У творы Сяргея Гумілеўскага шмат асабістага, заўважнае пераасэнсаванне вобраза, якое ў мастацтве падаецца неабходным.

Выстаўка «Выразаюць разьбяры» экспануецца да 10 мая. Наступным праектам Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы будзе прысвячэнне зборніку «Шляхам жыцця».

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.