Вы тут

У Дзяржынскім раёне адкрыўся ўнікальны маркетплэйс «МАГАЗИН еДИН»


Першым наведвальнікам крамы, у якой прадстаўлена прадукцыя прадпрыемстваў Дэпартамента выканання пакаранняў, стаў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў. Кіраўнік міліцэйскага ведамства не толькі перарэзаў стужку, што традыцыйна сімвалізуе пачатак дзейнасці пэўнага аб'екта а як уважлівы і скрупулёзны пакупнік, падрабязна азнаёміўся з асартыментам прадукцыі.



Маркетплэйс «МАГАЗИН еДИН» у Дзяржынскім раёне. Фотарэпартаж


Цяпер усё тое, што вырабляецца на прадпрыемствах крымінальна-выканаўчай сістэмы, можна ўбачыць, а каму патрэбна — і набыць, у гандлёвым аб'екце «МАГАЗИН еДИН», які знаходзіцца ў вёсцы Рабінаўка Дзяржынскага раёна. Мэбля для гасцінай, спальнага пакою, калідора і працоўнага кабінета, кухні з масіву (у стылях лофт, кантры, русцік і скандынаўскім стылі), будаўнічыя і гаспадарчыя матэрыялы, медыцынскае і спецыяльнае адзенне, адзенне для палявання і рыбалкі, абутак, тэкстыль — наведвальнік будзе ўражаны разнастайнасцю таго, што тут прадстаўлена.

Шырокі выбар мэблі для саду і адпачынку зацікавіць уладальнікаў прыватных дамоў і дачнікаў: альтанкі, сталы, крэслы, арэлі тут на любы густ і кашалёк. Мангалы і каваныя прыстасаванні для вогнішча, некаторыя з якіх увогуле нагадваюць прадметы мастацтва, ацэняць аматары шашлыкоў і адпачынку на прыродзе. Асаблівую ўвагу заслугоўвае сувенірная прадукцыя: нарды і шахматы, пано і скульптуры жывёл з дрэва могуць стаць арыгінальным падарункам у самых розных выпадках. Уся прадукцыя не толькі якасная, але і даступная па кошце.

— Адкрыццё крамы, нават гандлёвага павільёна, у першую чаргу прадыктавана пажаданнямі грамадзян (фізічных і юрыдычных асоб), а таксама арганізацый і прадпрыемстваў перш за ўсё горада Мінска і Мінскай вобласці, — адзначыў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў. — Прадукцыю Дэпартамента выканання пакаранняў мы прадаём даўно. Сёння яна прадстаўлена ў многіх гандлёвых цэнтрах па ўсёй краіне.

Цяпер жа ў грамадзян з'явілася магчымасць паглядзець прадукцыю крымінальна-выканаўчай сістэмы ў адным месцы і выбраць патрэбнае. Азнаёміцца з асартыментам «МАГАЗИН еДИН» можна і на пляцоўцы інтэрнэт-крамы (па адрасе един.бел) — тут прадстаўлена звыш 500 найменняў тавараў. Пакуль дастаўка тавараў будзе ажыццяўляцца па Мінску і Мінскай вобласці. У перспектыве замаўляць прадукцыю Дэпартамента выканання пакаранняў у анлайн-фармаце змогуць жыхары і іншых рэгіёнаў краіны.

Адкрыццё гандлёвай пляцоўкі вырабаў крымінальна-выканаўчай сістэмы — першы вопыт Дэпартамента выканання пакаранняў. Хоць з тым, што ствараецца асуджанымі на спецыяльных прадпрыемствах, кожны з нас так ці інакш сутыкаўся. Гэта і спартыўныя пляцоўкі, і лаўкі ў парках, і спецадзенне... Мала хто ведае, што тыя ж 20-літровыя каністры для дызельнага паліва або бензіну на ўсёй постсавецкай прасторы вырабляе толькі Дэпартамент выканання пакаранняў МУС Беларусі.

Як звярнуў увагу кіраўнік міліцэйскага ведамства, тавары, выпушчаныя крымінальна-выканаўчай сістэмай, не проста якасныя, яны яшчэ маюць і прыемны кошт. «Упэўнены, што гэтая прадукцыя будзе запатрабавана не толькі на тэрыторыі Мінска і Мінскай вобласці, але і ў іншых рэгіёнах, далёка за межамі Рэспублікі Беларусь, — перакананы Іван Кубракоў. — Прадпрыемствы Дэпартамента выканання пакаранняў заваявалі сваю нішу ў гандлі: пачынаючы ад швейнай прадукцыі, дзе выпускаецца і пасцельная бялізна, і адзенне, якое асабліва запатрабавана паляўнічымі і рыбаловамі, заканчваючы будаўніцтвам дамоў. Тут шмат мэблі для дачы, запатрабаваных у сельскай гаспадарцы прылад. Самае галоўнае, што ўсё — па даступнай цане».

«МАГАЗИН еДИН» працуе кожны дзень (без абеду і выхадных) з 9.00 да 20.00. У планах — адкрыццё такога ж гандлёвага аб'екта ў Мінску. Невялікія крамы з таварамі прадпрыемстваў крымінальна-выканаўчай сістэмы размешчаны ў гарадах, дзе знаходзяцца папраўчыя ўстановы: Гомелі, Оршы, Ваўкавыску, Івацэвічах і інш. Аднак асартымент там абмежаваны толькі той прадукцыяй, якая вырабляецца на мясцовай вытворчасці.

— Кірункі дзейнасці нашых прадпрыемстваў — дрэваапрацоўка, металаапрацоўка, швейная вытворчасць, — расказаў часова выконваючы абавязкі начальніка ўпраўлення арганізацыі вытворчасці працоўнага выкарыстання спецкантынгенту Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Даніл Яцкоў. — Мы ж не толькі вырабляем прадукцыю, якая карыстаецца папулярнасцю сярод фізічных асоб. Супрацоўнічаем з буйнымі прадпрыемствамі: МАЗ, БЕЛАЗ, МТЗ. Ствараем швейную прадукцыю для сілавых структур Беларусі: форменнае абмундзіраванне, спецадзенне.

Ва ўмовах пазбаўлення волі людзям важна мець магчымасць працаваць — гэта з'яўляецца найлепшым стымулам на шляху да выпраўлення. Прычым за сваю працу зняволеныя яшчэ і заробак атрымліваюць. А многія — і новую спецыяльнасць, якая нярэдка выручае іх і ў звычайным жыцці.

Па словах Данілы Яцкова, наладжана і паспяхова функцыянуе сістэма навучання асуджаных. «Створаны філіялы прафесійна-тэхнічных вучылішчаў, дзе можна атрымаць запатрабаваныя спецыяльнасці, якія не будуць лішнімі як падчас прыцягнення асуджаных да працы ў працэсе адбывання пакарання, так і па вызваленні такіх грамадзян, — заўважыў ён. — Па нашым меркаванні, праца — адзін з найважнейшых фактараў, які ў далейшым уплывае на сацыялізацыю асуджаных».

Вераніка КАНЮТА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Дзяржынскі раён

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.