Вы тут

Тэмай семінара на Гомельшчыне стала грамадзянска-патрыятычнае выхаванне


Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне насельніцтва: сіла патрыятызму ў трывалай сувязі пакаленняў. Менавіта такую тэму прапанаваў Лельчыцкі раён для правядзення апошняга ў гэтым годзе традыцыйнага навучальнага семінара старшынь раённых Саветаў дэпутатаў Гомельшчыны. Удзельнікаў сустрэчы прывіталі старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч, старшыня Лельчыцкага райвыканкама Сяргей Дылюк і старшыня Лельчыцкага райсавета дэпутатаў Таццяна Бяспалая.


Вясковыя брэнды

Лельчыцкі раён — самы буйны па тэрыторыі на Гомельшчыне і другі ў Беларусі пасля Століншчыны. Па ініцыятыве Лельчыцкага раённага Савета дэпутатаў з пачатку года ўсе 12 сельсаветаў распрацавалі турыстычныя брэнды сваіх тэрыторый. За аснову ўзялі самыя розныя ідэі: ад народных традыцый і свят да патрыятычных, экалагічных маршрутаў, прамысловага турызму. Гэты перадавы для сельскіх населеных пунктаў вобласці вопыт добра спрыяе грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню мясцовых жыхароў.

Што ўяўляе сабой раён, як яго жыхары захоўваюць гісторыка-культурную спадчыну, расказаў старшыня Лельчыцкага райвыканкама Сяргей Дылюк.

Як нагадаў кіраўнік раёна, падчас Вялікай Айчыннай вайны сэрца Палесся — лясісты і балоцісты Лельчыцкі раён — стала месцам значных партызанскіх бітваў. За супраціўленне акупанты жорстка помсцілі: для запалохвання насельніцтва, здаралася, спальвалі і забівалі жыхароў вёсак. Нездарма гісторыкі называюць Лельчыцкі край Палескай Хатынню.

— Чатыры вёскі на тэрыторыі раёна — Мілашавічы, Глушкавічы, Прыбалавічы, Тонеж — сёстры Хатыні. Вёску Тонеж, дарэчы, фашысты спалілі разам з людзьмі якраз на Каляды. Людзі вярнуліся ў свае дамы з лесу, дзе хаваліся, спадзяваліся, што карнікі не адважацца нападаць на вёску ў вялікае свята, — нагадаў Сяргей Дылюк. — На тэрыторыі раёна праходзіць частка Мазырскага ўмацаванага раёна «Лінія Сталіна», — дадаў кіраўнік рэгіёна.

Юныя экскурсаводы

Падчас семінара дэпутатам прапанавалі пазнаёміцца з праектамі па грамадзянска-патрыятычным выхаванні, якія ажыццяўляюць дзеці, іх педагогі, бацькі.

— У раёне 19 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і 13 дашкольнай. Каля 4200 дзяцей у раёне — школьнікі і дашкольнікі, плюс каля 8 тысяч — бацькі, бабулі, дзядулі, паўтары тысячы — педагогі. Так, амаль 65% жыхароў раёна ахоплены сістэмай адукацыі, а менавіта ёй адводзіцца адна з вядучых роляў па патрыятычным выхаванні моладзі. Працуем ва ўзаемадзеянні з бацькамі, сем’ямі, — адзначыў начальнік аддзела адукацыі Лельчыцкага райвыканкама Уладзімір Грыб.

На базе Лельчыцкай раённай гімназіі імя Івана Андрэевіча Коласа дэпутатам прадставілі свае праекты не толькі школьнікі, але і дашкаляты. Навучэнцы гімназіі, напрыклад, каторы год выступаюць у ролі экскурсаводаў, робяць прэзентацыі аб ваеннай гісторыі роднага гарадскога пасёлка, яе вядомых ураджэнцах і жыхарах. Многіх старшакласнікаў вывучаць гісторыю сваёй малой радзімы натхніла ў тым ліку гісторыя жыцця легендарнага савецкага ваеннага разведчыка, партызана, журналіста і пісьменніка, Героя Расійскай Федэрацыі Івана Андрэевіча Коласа, імя якога носіць раённая гімназія.

— Гераічны ўклад у гісторыю раёна ўнесла і дзейнасць маладзёжнай арганізацыі пад кіраўніцтвам Мікалая Кудзіна і Міхаіла Чачко. У склад групы ў асноўным увайшлі юнакі і дзяўчаты — удзельнікі мастацкай самадзейнасці раённага Дома культуры. Група сабрала станок для друкавання ўлётак, інфармавала людзей аб становішчы на франтах, дапамагала мясцовай моладзі пазбегнуць выгану ў Германію, вызваляла арыштаваных з турмы. У ліпені 1942 года падпольная маладзёжная група была раскрыта, падпольшчыкаў арыштавалі, толькі некаторым з іх цудам удалося выжыць, — аб адной са старонак з жыцця Лельчыцкага краю падчас фашысцкай акупацыі дэпутатам расказалі юныя экскурсаводы. Акрамя таго, вучні падзяліліся, як ствараюць галерэю гонару заслужаных і ганаровых грамадзян Лельчыцкага раёна.

Хто любіць прыроду, шануе і Радзіму

Сваімі напрацоўкамі па грамадзянска-патрыятычным выхаванні падзяліліся і педагогі дашкольных устаноў адукацыі Лельчыц. Яны прадставілі праекты «Юныя лесаводы» і «Юныя патрыёты». Адна з самых папулярных у раёне сярод дашкольнікаў і іх бацькоў — акцыя «Дзеці міру — дзецям вайны».

— Дзеці наведваюць былых малалетніх вязняў канцлагераў. Прыносяць падарункі, робяць сваімі рукамі вялікую паштоўку. На Новы год малыя ператвараюцца ў дзядоў марозаў і снягурак, і з падарункамі, віншаваннямі таксама прыходзяць у госці да пажылых людзей. Нашы дашкольнікі ўвогуле актыўныя ўдзельнікі ўсіх святочных дэманстрацый, акцый, конкурсаў не толькі раённых, але і абласных, рэспубліканскіх, — распавялі лельчыцкія педагогі.

Жыць па Божых запаведзях

Падчас семінара дэпутатаў запрасілі наведаць храм Святой Жыццепачатай Троіцы ў Лельчыцах. Пра ролю духоўнага выхавання расказаў іерэй Ігар Федаровіч. Ён нагадаў, што любоў да Радзімы пачынаецца з любові да сям’і і дому.

— Праз хрысціянскія паняцці любові, пашаны да сваіх бацькоў, старэйшых, у цэлым беражлівых адносін да ўсіх і ўсяго навакольнага мы вучымся любові да сваёй сям’і, да свайго народа, да сваёй Радзімы, — нагадаў настаяцель храма, які асвяцілі 23 гады таму, дагэтуль з 1935 года праваслаўнага храма ў Лельчыцах не было.

Храм праходзіць праз усё жыццё чалавека, ад нараджэння да спачыну. Яго ролю, ролю хрысціянскай веры ў духоўна-маральным станаўленні чалавека цяжка пераацаніць, перакананы іерэй Ігар Федаровіч.

Паназіраць за вясельным абрадам продкаў

Лельчыцкая зямля сапраўды асаблівая і народным, культурным багаццем, як змаглі ацаніць дэпутаты Гомельшчыны. 

З абрадам як жывой культурнай з’явай прапанавалі пазнаёміцца ўдзельнікі калектываў філіялаў Дзяржынскага і Ліплянскага сельскіх дамоў культуры. Фальклорны калектыў «Пралеска» прадэманстраваў элемент вясельнага абраду «Радзілавіцкае вяселле» — завіванне наміткі«. На дадзены момант ідзе падрыхтоўка дакументаў для надання гэтаму абраду статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Удзельнікі фальклорнага калектыву філіяла «Ліплянскі сельскі Дом культуры» паказалі і расказалі дэпутатам, якое і ў які час насілі адзенне нашы продкі.

— На тэрыторыі нашага раёна захаваліся палескія дыялекты, песні, народныя традыцыі, старажытныя абрады. З 15 нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Гомельшчыны, уключаных у Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, чатыры аб’екты знаходзяцца ў Лельчыцкім раёне. Гэта мясцовы песенны стыль выканання традыцыйных абрадаў і абрадавых твораў калектывам «Палескія напевы», абрад пакланення каменным крыжам «Каменныя дзяўчынкі», лясное бортніцтва, вясновы абрад гукання вясны «Чырачка». Дарэчы, абрад «Чырачка» захаваўся дзякуючы ўдзельніцам народнага фальклорнага калектыву «Таняжанка». За значныя дасягненні ў захаванні традыцый Палесся калектыў удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі, — нагадалі ўдзельнікі фальклорных калектываў.

Старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч падзякавала жыхарам Лельчыцкага раёна за ўнікальную магчымасць пабачыць, як яны захоўваюць і развіваюць культурную спадчыну малой радзімы.

— Тэма грамадзянска-патрыятычнага выхавання выбіралася за аснову правядзення навучальных семінараў з удзелам старшынь раённых Саветаў дэпутатаў Гомельшчыны неаднойчы. Але заўжды гэту тэму ў раёнах прапаноўвалі разгледзець па-рознаму. Нашы калегі імкнуліся паказаць нешта сваё, як яны на месцах арганізоўваюць гэтую работу з людзьмі, — падкрэсліла Кацярына Зенкевіч.

Кіраўнік дэпутацкага корпуса рэгіёна нагадала, што пастановай Савета Міністраў № 773 у 2021 годзе была зацверджана рэспубліканская пяцігадовая праграма патрыятычнага выхавання насельніцтва. У развіццё гэтай праграмы на абласным узроўні быў распрацаваны план мерапрыемстваў.

— Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне — адзін са складнікаў умацавання суверэнітэту нашай дзяржавы, выхавання нашага падрастаючага пакалення. Я лічу, што сёння шмат робіцца ў рэгіёнах, на месцах, у краіне ў цэлым, каб нашы дзеці з маленства разумелі, што значыць быць патрыётам, любіць сваю краіну. Сёлета чатыры семінары ў той ці іншай ступені закраналі пытанне патрыятычнага выхавання. Так, складана за адзін семінар перадаць гэту тэму цалкам, таму што ў раёнах вельмі шмат форм работы праводзяць у гэтым кірунку, — падкрэсліла старшыня абласнога Савета дэпутатаў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.