Вы тут

Больш за 65,7 тыс. BYN паступіла на дабрачынны рахунак 10-й гарадской клінічнай бальніцы падчас марафону


Звыш за 65 700 беларускіх рублёў паступіла на дабрачынны рахунак 10-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска падчас трэцяга анлайн-марафону #БеларусьБезCovіd. Напярэдадні Вялікай Перамогі каманда прадзюсарскага цэнтра «Спамаш» зноў злучыла праз асабістую сустрэчу і анлайн-сувязь папулярных артыстаў, спартсменаў і медыйных асоб з Беларусі і іншых краін свету, каб падтрымаць медыцынскіх работнікаў.


Удзельнікамі шматгадзіннага канцэрта ў прамым эфіры сталі тэнісісты Арына Сабаленка і Ягор Герасімаў, а таксама алімпійскі чэмпіён Максім Мірны (ён зараз у ЗША), спевакі Пётр Елфімаў, TAKAYA (Украіна), Томас N`evergreen (Данія), Іn-Grіd (Італія), мастак і дызайнер Уладзімір Цэслер, заслужаныя артысткі Рэспублікі Беларусь Іна Афанасьева, Ірына Дарафеева і Вікторыя Алешка, актрыса і тэлевядучая Вера Палякова, гурты NavіBand, «Харлі» і Las Vegas, Дзядзька Ваня, Ганна Шалюціна, Ілья Міцько, салісты цэнтра Іван Зданюк і Ксенія Галецкая, Хелена Мерааі ды многія іншыя артысты, а таксама самі ўрачы 10-й сталічнай бальніцы.

Усе сродкі, якія ўдалося сабраць падчас анлайн-марафону, будуць выкарыстаны для набыцця неабходных сродкаў аховы, прэпаратаў і абсталявання, што выкарыстоўваюцца ў барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй. Акрамя таго, сумесна з РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх тэхналогій арганізатары дабрачыннай акцыі абвясцілі збор даных донараў плазмы для лячэння хворых на Covіd-19 — такіх «анёлаў-дарыцеляў», якія дапамогуць выратаваць жыцці іншых людзей, чакаюць па ўсёй краіне.

— Гэта той выпадак, калі дапамога не бывае малой ці вялікай, — перакананая дырэктар прадзюсарскага цэнтра Анжэліна МІКУЛЬСКАЯ, — кожная кропля ў моры важная, таму мы вельмі ўдзячныя ўсім і кожнаму: і арганізацыям, і канкрэтным людзям, якія ўдзельнічаюць у праекце і ахвяруюць на дабрачынны збор для бальніц хто колькі можа. Мы бачым падчас гэтых марафонаў, якія сціплыя нашы беларускія медыкі, як яны пасярод неверагоднай стомленасці і напружанай працы часам забываюцца на сябе, дапамагаючы іншым, — а таму асабліва востра рэагуюць на ўвагу да сябе, маральную падтрымку, шчыра радуюцца і бясконца дзякуюць артыстам. І таму,   сваю чаргу, наша каманда радуецца, калі бачыць, што наш унёсак патрэбны, што за сабраныя грошы ўжо набытая пэўная частка неабходнага абсталявання... Мне здаецца, цяперашняя агульная бяда дазволіла раскрыць у кожным момант чалавечнасці, чуласці і гатоўнасці дапамагчы, і гэта, мабыць, самае каштоўнае, тое, што набліжае людзей ва ўсім свеце да выздараўлення. Усе разам — мы абавязкова пераможам хваробу.

Нагадаем, раней прадзюсарскі цэнтр «Спамаш» правёў два анлайн-марафоны, дзякуючы якім была аказана адрасная дапамога мінскай гарадской клінічнай бальніцы № 3 імя Я. Клумава, а таксама Віцебскай абласной бальніцы. Прамыя трансляцыі ўсіх трох марафонаў на інтэрнэт-пляцоўках паглядзела звыш 300 тысяч чалавек.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Прэв'ю: alev.biz

Загаловак у газеце: Песні пра чалавечнасць

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.