Вы тут

Архівіст Канстанцін Карпекін: Тэма адзінства — адна з самых важных у любой краіне!


«Звязда» працягвае публікацыю артыкулаў на тэму Года народнага адзінства. Уся гісторыя нашай краіны з’яўляецца прыкладам таго, што толькі разам, як кажуць беларусы, талакой, можна пераадолець самыя цяжкія праблемы і перамагчы ворагаў. Сёння прадстаўляем чытачам разважанні Канстанціна Карпекіна, галоўнага захавальніка фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, кандыдата гістарычных навук.


— Наколькі, на ваш погляд, важны для краіны Год народнага адзінства?

— Увогуле, ідэя абвяшчаць «тэматычныя» гады — досыць арыгінальная, бо стымулюе правядзенне розных культурных мерапрыемстваў і папулярызацыю пэўных ідэй у грамадстве. А што да канкрэтна абвяшчэння 2021-га Годам народнага адзінства, то з боку кіраўніцтва дзяржавы гэта выглядае цалкам лагічна, бо пачынаючы са жніўня 2020 года ў краіне прайшла вялікая колькасць палітычных акцый.

Прыйсці да адзінства можна рознымі шляхамі. Можна прымусова зрабіць усіх аднолькавымі, навязаць усім адны і тыя ж погляды, пазбавіўшы ўсялякіх ініцыятыў, а можна стварыць для кожнага ахвотнага магчымасць выказацца, прыслухацца да альтэрнатыўных варыянтаў, выбіраючы найлепшыя ідэі для далейшага развіцця. Гэты шлях найбольш канструктыўны.

— Вы згодныя з тым, што ў любой краіне, нават самай багатай, тэма адзінства — адна з самых важных?

— Так, я цалкам згодны з гэтым сцвярджэннем. Безумоўна, у любым грамадстве, у любой дзяржаве маюцца розныя сацыяльныя групы, у кожнай з якіх — свае інтарэсы і свае спадзяванні на кіраўніцтва краіны. Прадстаўнік любой прафесіі, няважна, з якой сферай дзейнасці яна звязана — з сельскай гаспадаркай, прамысловасцю, культурай ці іншымі — спадзяецца на годны ўзровень жыцця і самарэалізацыю. Пры гэтым многія грамадзяне маюць уласныя погляды на развіццё краіны, на яе знешнепалітычную арыентацыю і ўнутранае ўладкаванне. І цалкам натуральна, што гэтыя погляды могуць адрознівацца паміж сабой — часам нават вельмі кардынальна. Дзейсным сродкам данесці свае ідэі да кіраўніцтва краіны з’яўляюцца прадстаўнічыя органы мясцовай улады, а таксама разнастайныя палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні (натуральна, пры ўмове, што дзейнічаюць яны не фармальна, а з зацікаўленасцю і адказнасцю ў дачыненні да сваіх прыхільнікаў). Задачай вярхоўнай улады з’яўляецца падтрымка балансу ў асяроддзі ўсяго гэтага мноства розных ідэй — гэта і ёсць адзінства.

Безумоўна, у гісторыі любой краіны было шмат як шчаслівых, так і змрочных старонак, і задача навукоўцаў і краязнаўцаў сёння — аб’ектыўнае асэнсаванне тых падзей. Памятаючы пра нягоды, якія адбываліся ў нашай краіне, трэба з аптымізмам глядзець у будучае і будаваць моцнае грамадства. А любую гістарычную падзею можна трактаваць з розных бакоў. Калі, напрыклад, згадаць, з якімі краінамі ваявала Беларусь, пачынаючы з эпохі сярэднявечных княстваў і завяршаючы ХХ стагоддзем, і пачаць «крыўдзіцца» на ўсе гэтыя краіны, то можна аказацца ў суцэльнай ізаляцыі. А калі прыгадаць гандлёвыя, культурныя, этнічныя сувязі, то гэта, наадварот, будзе спрыяць наладжванню добрасуседскіх адносін. Тое ж датычыцца сітуацыі і ўнутры краіны: можна рабіць акцэнт на супрацьстаянні розных груповак у пэўныя гістарычныя перыяды, нагнятаючы варожасць, а можна, наадварот, шукаць у гісторыі прыклады супрацоўніцтва.

— Дзень народнага адзінства будзе адзначацца 17 верасня. Гэты дзень у 1939 годзе стаў актам гістарычнай справядлівасці ў дачыненні да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора. Ці захаваліся ў Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці дакументы, якія датычацца тых падзей?

— У архіве ўсе дакументы захоўваюцца асобнымі групамі — фондамі, гэта значыць комплексамі дакументаў, якія ўтварыліся ў выніку дзейнасці той ці іншай установы, арганізацыі, прадпрыемства... Адпаведна, калі кагосьці цікавіць тэма ўз’яднання Заходняй Беларусі і БССР, то ў Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці такому даследчыку варта паглядзець фонд Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных і яго выканаўчага камітэта (менавіта так орган улады называўся раней), дакументы якога захаваліся і за 1939 год, і за больш познія гады.

У архіве захоўваюцца дакументы Браслаўскага, Відзаўскага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Дунілавіцкага, Мёрскага, Пастаўскага, Пліскага і Шаркаўшчынскага раённых камітэтаў КП(б)Б і ЛКСМБ, якія былі ўтвораны ў тагачаснай Вілейскай вобласці (а цяпер гэта, як вядома, заходняя частка Віцебскай вобласці).

— Ці актывізаваўся апошнім часам інтарэс навукоўцаў, краязнаўцаў, журналістаў да работы ў архіве?

— Чытальная зала Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці заўсёды карысталася папулярнасцю ў даследчыкаў, бо наша ўстанова захоўвае вялікую колькасць сапраўды змястоўных дакументаў (паводле стану на пачатак 2021 года, архівасховішчы ўтрымлівалі ажно 1 338 576 спраў, пры гэтым запасы архіва пастаянна папаўняюцца). Наведаўшы архіў, даследчыкі маюць магчымасць уласнаручна пагартаць дакументы за 1918 г. — пачатак 2000-х гадоў. Праўда, ёсць у нас і асобныя, больш старадаўнія, дакументы: самыя раннія з іх датуюцца канцом XVІІІ ст. (гэта карты маёнткаў і зямельных надзелаў). Тэмы даследаванняў, дзеля якіх наведвальнікі прыходзяць у чытальную залу архіва, абсалютна розныя: ад пошуку звестак па мясцовай гісторыі і радаводзе да напісання кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Напрыклад, у 2021 годзе даследчыкі шукалі ў чытальнай зале звесткі пра палітыку беларусізацыі на Віцебшчыне ў 1920-х — 1930-х, стараверскія абшчыны ў БССР у 1944-х — 1965-х, школу ў вёсцы Копці Віцебскага раёна ў 1990-х гадах.

Карыстаючыся выпадкам, хацелася б парэкамендаваць аматарам архіўных пошукаў два цікавыя сайты: «Архівы Беларусі» (https://archіves.gov.by/) і «Сістэма адкрытага доступу да дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь» (http://www.sodd.by), дзе можна знайсці шмат інфармацыі пра дакументы, што захоўваюцца ў архівах Беларусі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.