Вы тут

Пінскі варыянт


Пінск часта называюць сталіцай Палесся. І ў гэтым ёсць свая праўда. Больш за дзевяць дзесяцігоддзяў стаіць горад над Пінай. Ён лічыцца другім у краіне пасля Гродна, дзе захавалася найбольш помнікаў даўніны. У любым даведніку цяпер можна знайсці звесткі пра старадаўні езуіцкі калегіум, пра кляштар францысканцаў і велічныя касцёлы, у адным з якіх захоўваецца палатно мастака Ромера «Пінская мадонна». З тутэйшых славутасцяў можна назваць яшчэ параўнальна нядаўна адрэстаўраваны палац Бутрымовіча, гарадскую канцэртную залу ў касцёле Карла Барамея. А Дзень горада — гэта яшчэ адна нагода, каб выказаць, як гараджане ганарацца сваёй гісторыяй, шануюць памяць пра знакамітых землякоў, выхадцаў з Піншчыны.

1380318732398_1

Свята горада — таксама агледзіны дня сённяшняга, набыткаў і праблем. Пінск сучасны ўяўляе сабой буйны прамысловы цэнтр. Вызначальны ўклад у эканоміку горада ўносяць прадпрыемствы дрэваапрацоўкі і вытворчасці мэблі холдынгавай кампаніі «Пінскдрэў», якія забяспечваюць трэцюю частку аб'ёмаў прамысловай вытворчасці і чыя прадукцыя разыходзіцца ў 36 краін свету. Прадпрыемствы перапрацоўкі сельгаспрадукцыі — малочны камбінат, які зараз з'яўляецца філіялам ААТ «Савушкін прадукт», Пінскі мясакамбінат, гандлёвую марку якога — «Пікант» — ведаюць далёка за межамі краіны, а таксама камбінат хлебапрадуктаў, хлебазавод і іншыя. Сярод прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці перш за ўсё можна назваць ААТ «Палессе», вядомае сваім брэндам «Пінскі трыкатаж». Упэўнена заявіў пра сябе вытворца спартыўнага адзення «Дынама Праграм Тэкстыль». Прадпрыемствы металаапрацоўкі і машынабудавання, чые маркі шырока вядомыя ў рэспубліцы — «Амкадор-Пінск», завод «Кузлітмаш», завод «Камертон» НВА «Інтэграл» — спіс для раённага горада немалы.
Пінск, буйны транспартны вузел, знакаміты тым, што, акрамя прывычных аўтамабільнага і чыгуначнага транспарту, тут ёсць водны. Горад мае свой порт. Прадпрыемства водных шляхоў абслугоўвае Дняпроўска-Бугскі канал ад Брэста да мяжы з Гомельскай вобласцю.
Паўсядзённае жыццё горада забяспечваецца не толькі дзейнасцю вытворчых калектываў, але і ўсёй гарадской інфраструктурай, якая павінна функцыянаваць дасканала. Абавязковай умовай поспеху з'яўляецца і прыцягненне інвестыцый у эканоміку. Прыкладам можа быць прыватнае прадпрыемства «Палескія акумулятары», якое рэалізоўвае з замежным партнёрам адзін з буйных інвестыцыйных праектаў. Дарэчы, больш за 40 працэнтаў гарадскога бюджэту фарміруецца якраз за кошт прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу і індывідуальных прадпрымальнікаў. Апошніх зарэгістравана каля пяці тысяч, а прадпрыемстваў — больш за 600.
І ўсё ж самым галоўным паказчыкам развіцця горада старшыня Пінскага гарвыканкама Аляксандр ГОРДЗІЧ

назваў дэмаграфічную сітуацыю:
— Мы ганарымся тым, што ў Пінску з года ў год назіраецца ўстойлівая дэмаграфічная сітуацыя. Насельніцтва становіцца больш не толькі за кошт міграцыі, але ідзе натуральны яго прырост. Штогод прыкладна на паўтысячы гараджан нараджаецца больш, чым памірае. А проста так, як вядома, дзеці не нараджаюцца. Для гэтага павінны быць умовы жыцця сям'і. Калі пад вечар прайсціся па нашых новых мікрараёнах «Сонечны», «Вясёлкавы», то ледзь не праз кожныя дзесяць метраў вы сустрэнеце маладых жанчын альбо з жывоцікам, альбо з каляскаю. Са змяненнем жыллёвага заканадаўства, трэба сказаць, многія сем'і пайшлі на нараджэнне трэцяга, чацвёртага дзіцяці свядома.
Ёсць праблема і з індывідуальнай жылой забудовай. У сярэднім Пінск узводзіў за год 15—20 тысяч квадратных метраў жылля ў індывідуальным жылым сектары. Сёлета мы плануем здаць пад 30 тысяч метраў. Паколькі грошы на гэтыя мэты выдзяляліся не ў поўным аб'ёме, тут мы адсталі. Участкі раздалі, людзі пабудавалі дамы, а інжынерныя сеткі вядзём да гэтага часу. Пракладку камунікацый трэба даганяць за год-два. Стараемся праводзіць тлумачальную работу, каб больш прыцягваць сродкаў саміх забудоўшчыкаў.
— Заўсёды лічылася, што пінчукі — людзі не бедныя. Пра гэта можна знайсці звесткі нават у літаратуры, пачынаючы з трылогіі «На ростанях»…
— Літаратура літаратурай, але калі звярнуцца да лічбаў, вось якая карціна атрымліваецца. Варта скласці фонд аплаты працы, усе сацыяльныя выплаты (пенсіі, дапамогі) і параўнаць атрыманае з аб'ёмам тавараабароту, і ўбачыш, што розніца атрымліваецца істотная. Гэта значыць, людзі працуюць за межамі горада, зарабляюць грошы, прывозяць іх сюды і трацяць. У Пінску развітая сетка супермаркетаў «Еўраопт», «Алмі», «Санта Імпэкс» і іншых гандлёвых фірм. Гэта выгадна і для гараджан, і для насельніцтва з бліжэйшых сельскіх раёнаў. Да нас прыязджаюць зрабіць пакупкі жыхары Столінскага, Лунінецкага, Іванаўскага раёнаў. Нас часам крытыкуюць за будаўніцтва сучасных гандлёва-забаўляльных аб'ектаў. Але мы разглядаем гэта найперш як рабочыя месцы для жыхароў горада, магчымасць папаўнення бюджэту. Ну і за ўзровень дабрабыту гэта гаворыць: інвестар не стаў бы ўкладваць сродкі ў аб'ект, калі б не разлічваў на аддачу. Горад становіцца больш сучасным, мабільным, нечым падобным на буйныя цэнтры, і гэта аб'ектыўны працэс.
— Яго сучасным абліччу і зместу ў многім паспрыяла з'яўленне ўніверсітэта шэсць гадоў таму, ці не так?
— У навейшай гісторыі Пінска было некалькі імпульсаў развіцця. Першы звязаны з меліярацыяй беларускага Палесся. Тады было створана палова сучаснага шматпавярховага жыллёвага фонду. Другім імпульсам стала ўзвядзенне буйных прадпрыемстваў — «Кузлітмаш» і трыкатажнага камбіната «Палессе». Запрацавалі мужчынскае і жаночае прадпрыемствы, з'ехаліся маладыя людзі з бліжэйшых рэгіёнаў, у Пінску адбыўся дэмаграфічны выбух, колькасць насельніцтва перасягнула 100 тысячны рубеж.
І апошні, трэці штуршок развіцця пачаўся сем гадоў таму, калі пачалося будаўніцтва Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гэта быў самы значны інвестыцыйны праект за апошнія дзясяцігоддзі ў горадзе. Дзякуючы яго ажыццяўленню была створана матэрыяльная база навучальнай установы. Горад скарыстаўся вялікай будоўляй, мы рэканструявалі значную частку гарадскіх сетак і добраўпарадкавалі вялікую тэрыторыю ў цэнтры горада.

1380318736992_2

Заадно мы падцягнулі да сучаснага ўзроўню медыцынскія ўстановы горада. І з гонарам можам сказаць сёння, што аперацыйны блок цэнтральнай бальніцы не ўступае многім сталічным навуковым інстытутам. Закончана рэканструкцыя радзільнага дома. Зараз у бальніцы вядзецца рамонт. Прыемна адзначыць, што за гады будаўніцтва і рэканструкцыі вырашана большасць жыллёвых пытанняў медыкаў, узведзены два кааператывы…
Калі ж вярнуцца да ўніверсітэта, то ён даў пэўны інтэлектуальны і культурны штуршок, можа, не такі значны, як хацелася б. Але ж мы цудоўна разумеем, што ўніверсітэт — гэта не толькі карпусы, інтэрнаты, лабараторыі, гэта перш за ўсё традыцыі. А яны напрацоўваюцца гадамі.
У горадзе зараз жыве восем тысяч студэнтаў і навучэнцаў. Гэта параджае як набыткі, так і праблемы, якія стараемся вырашаць.
— Вы маеце на ўвазе, што Пінск узначальвае статыстыку па колькасці наркаманаў і ВІЧ-інфіцыраваных у вобласці?
— І не толькі. Самая вялікая загана нашага грамадства — п'янства. Цяпер мала хто ўспомніць, а мы рашэннем гарадскога Савета даўно ўвялі забарону на распіванне піва ў грамадскіх месцах. У рэспубліцы пастанова была прынята значна пазней. Як і нядаўна, Брэсцкі гарвыканкам абмежаваў продаж спіртных напояў у начны час, спаслаўшыся на пінскі досвед, у нас такая мера была ўведзена раней.
Што датычыць наркаманіі, то варта мець на ўвазе: 85% рэчыва, якім колюцца беларускія наркаманы, гатуецца з насення маку. Дзякуючы падтрымцы нашага дэпутата парламента Зінаіды Міхайлаўны Мандроўскай мы дабіліся таго, што ў рэспубліцы шырокім фронтам пайшла барацьба з «макавозамі». Наколькі мне вядома, рыхтуецца заканадаўчы акт аб абмежаванні абароту насення маку на тэрыторыі краіны. Гэта значыць, мак паставяць пад кантроль.
А палова ВІЧ-інфіцыраваных — гэта, як вядома, наркаманы, яны распаўсюджваюць інфекцыю. Трэба любымі магчымымі сродкамі змагацца з распаўсюджваннем наркаманіі. Вядома, на першым месцы стаіць інфармацыйная і асветніцкая работа. Але і залежных людзей не варта пакідаць сам-насам з праблемай. Мы першыя ў рэспубліцы пачалі ўкараняць так званую метадонавую праграму. Па ёй займаецца каля 60 чалавек. Праграма фінансуецца па лініі ААН. Шчыльна працуем у гэтым кірунку з грамадскімі, рэлігійнымі арганізацыямі. Ёсць станоўчыя зрухі.
— У нашай гутарцы вы некалькі разоў ужывалі цікавае словазлучэнне «пінскі варыянт». Ці можна больш падрабязна сказаць пра яго сэнс.
— Пінчукі — людзі асаблівыя, грунтоўныя, няспешныя, са сваім меркаваннем, сваім светапоглядам. Не так даўно ў нас быў пасол дзяржавы Ізраіль. Ён, між іншым, заўважыў, што сінагога ў Пінску працуе неяк вельмі дэмакратычна ў параўнанні з іншымі падобнымі ўстановамі. Дык я тады сказаў: «Гэта ж пінскі варыянт». А калі гаварыць сур'ёзна, то ўсе канфесіі жывуць у нас дружна. Мы ўмеем працаваць, умеем адпачываць. Гэта асабліва добра будзе відаць на Дні горада. Запрашаю ўсіх наведаць Пінск святочны і ўпэўніцца асабіста.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.