Вы тут

У Мінску прайшоў парад у гонар 75-годдзя Вялікай Перамогі


Ужо з ранку трыбуны для гледачоў Парада Перамогі былі поўныя. Беларусы прыйшлі на свята працоўнымі калектывамі, цэлымі сем'ямі. Пачэсныя госці, якім сёння асаблівая ўвага, — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны.


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступіў на ваенным парадзе ў азнаменаванне 75-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Кіраўнік дзяржавы павіншаваў салдат, сержантаў, прапаршчыкаў і афіцэраў, ветэранаў Вялікай Айчыннай і ўсіх суайчыннікаў з Днём Вялікай Перамогі.

Фота: БЕЛТА.

«Гэта свята для нас святое. Трагедыя беларускага народа, які вынес на плячах тытанічны груз страт і разбурэнняў самай жорсткай вайны дваццатага стагоддзя, несувымерная ні з якімі цяжкасцямі цяперашняга дня. Нават думка змяніць традыцыям, якія вось ужо 75 гадоў праслаўляюць гісторыю вялікага подзвігу пераможцаў, для нас недапушчальная», — упэўнены Прэзідэнт.

Але ў гэтым свеце, які звар’яцеў, згубіў арыенціры, знойдуцца людзі, якія асуджаюць нас за месца і час правядзення гэтага святога дзейства. Такім Прэзідэнт хоча сказаць, па-чалавечы: не спяшайцеся рабіць высновы, а тым больш асуджаць нашчадкаў Перамогі — беларусаў.

«Мы проста не маглі інакш, у нас не было іншага выбару, а калі і быў бы, мы паступілі б гэтак жа. Таму што на нас глядзяць вочы загінулых за нашу свабоду савецкіх салдат, вочы скатаваных у засценках гестапа партызан і падпольшчыкаў, вочы старых, жанчын і дзяцей Хатыні. Яны вельмі хацелі жыць, але памерлі, каб жылі мы. І сучасная Беларусь — гэта помнік той страшнай вайне, жыва памяць і жывы помнік. І хай сёлета ваенны парад у Мінску стане адзіным на постсавецкай прасторы — ён пройдзе ў гонар усіх савецкіх воінаў, якія вызвалілі свет ад нацызму», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што сёння мы шануем подзвіг нашых бацькоў і дзядоў. Іх шлях да перамогі быў абмыты слязьмі маці, жонак і дзяцей, прасякнуты крывёю загінуўшых у баях таварышаў і мірных жыхароў, авеяны попелам спаленых ворагам вёсак. Мужнасць, адвага і гатоўнасць памерці за Радзіму сталі страшнай зброяй адплаты для гітлераўскіх катаў і іх сатэлітаў.

Лідар краіны ўпэўнены: паслядоўнікам нацысцкай ідэалогіі, захопнікам з празмернымі геапалітычнымі амбіцыямі гісторыя дала ўрок. Яго сэнс просты і справядлівы: народ, які абараняе родную краіну, свае сем’і і будучыню дзяцей, непераможны.

«Беларусь стала на шляху агрэсара жывым шчытом. Тут, на нашай зямлі, прайшоўшы паў-Еўропы, гітлераўцы ўпершыню сустрэлі такое лютае супраціўленне. Гераічная абарона Брэсцкай крэпасці, горада Магілёва доўжылася нашмат даўжэй, чым захоп шматлікіх еўрапейскіх дзяржаў. Менавіта ў жорсткіх баях сорак першага года, у тым ліку на беларускай зямлі, пахіснулася ўпэўненасць ворага ва ўласнай перавазе, былі закладзены асновы будучай Вялікай Перамогі», — нагадаў Прэзідэнт.

Ён перакананы: уклад беларускага народа ў разгром фашызму не падлягае ніякім сумненням. Гэта 1300 тысяч нашых воінаў, якія змагаліся ў шэрагах Чырвонай Арміі. Гэта больш за 400 тысяч падпольшчыкаў і партызан, якія да канца 43-га года кантралявалі 60 працэнтаў акупаванай тэрыторыі краіны. Гэта гібель кожнага трэцяга беларускага жыхара, які засланіў сабой шлях нацыстаў далей на ўсход, на сталіцу нашага Саюза.

І пакуль нашы сэрцы адгукаюцца болем за тых, хто не вярнуўся з палёў бітваў, пакуль гучыць праўда аб той вайне, — мы памятаем. Бо за кожны дзень мірнага і свабоднага жыцця заплачана мільёнамі ахвяраў скалечаных вайной лёсаў, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы назаўсёды звязаны кроўнымі вузамі з брацкімі народамі, разам з якімі нашы бацькі і дзяды спынілі катастрофу дваццатага стагоддзя. Але свет ігнаруе трагічныя ўрокі мінулага. І чым далей мы аддаляемся ад падзей Вялікай Айчыннай вайны, тым агрэсіўнейшым і небяспечнейшым ён становіцца. Планета напальваецца новымі ачагамі ўзброеных канфліктаў. Зноў гінуць мірныя людзі. І на гэтым фоне адраджаюцца ідэі нацызму. Іх новы след — разбураныя помнікі воінам-вызваліцелям, гераізацыя гітлераўскіх злачынцаў, фальсіфікацыя гістарычных фактаў Другой сусветнай вайны», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што Беларусь — міралюбівая і адкрытая краіна, але наш гістарычны вопыт наглядна паказаў, што дыпламатыя міждзяржаўнага дыялогу не пераканаўчая без наяўнасці эфектыўнай сістэмы бяспекі.

Але, нягледзячы на сучасныя выклікі, сённяшні святочны парад, прысвечаны Дню Перамогі, стаў не дэманстрацыяй сілы, а данінай памяці нашай гераічнай гісторыі. 

«Салдаты, афіцэры і генералы беларускай арміі — нашчадкі пераможцаў. Вы сёння пройдзеце ў адным страі як прадаўжальнікі слаўных традыцый савецкіх воінаў, пакажаце новыя ўзоры ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі, створаныя ўжо на айчынных прадпрыемствах абароннага сектара. Зробіце гэта ў гонар дзядоў і прадзедаў, якія завяшчалі нам мірную краіну. Наш святы абавязак — захаваць яе для будучых пакаленняў, зберагчы праверанае ў суровых баях адзінства народаў», — звярнуўся да ўдзельнікаў параду лідар краіны.

Ён пацвердзіў, што Беларусь, як і раней, будзе верная памяці Вялікай Перамогі, якая з’яўляецца агульным здабыткам рэспублік былога Савецкага Саюза.

Прэзідэнт назваў гісторыю жыцця пакалення ветэранаў Вялікай Айчыннай сапраўдным прыкладам мужнасці, доблесці і духоўнай велічы.

«Вы былі і назаўжды застанецеся пераможцамі. Сёння мы схіляем галовы перад памяццю тых, хто аддаў жыццё ў імя нашай будучыні. Дзякуем усім, хто здзейсніў працоўны подзвіг. Абяцаем захаваць праўду аб той вайне ў славу герояў, якія выратавалі многія народы ад генацыду і рабства. Нізкі паклон і бязмежная ўдзячнасць вам за Вялікую Перамогу! Беларусь будзе памятаць!» — звярнуўся да герояў Аляксандр Лукашэнка.

«Усім суайчыннікам ён пажадаў перш за ўсё моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту, мужнасці і стойкасці ў гэты няпросты час — і каб неба над Беларуссю заўсёды было мірным», — сказаў напрыканцы кіраўнік дзяржавы.


Ваенны парад у азнаменаванне 75-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне праводзіцца ў складзе пешай, механізаванай калон і і паветранага эшалона.

У складзе пешай калоны прынялі ўдзел 19 парадных разлікаў: ад устаноў адукацыі, афіцэрскія і курсанцкіх парадныя разлікі, разлік ад 120-й і 11-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады, жаночы парадны разлік ад Міністэрства абароны, парадны разлік ад Дзяржаўнага пагранічнага камітэт, разлікі ад Міністэрства ўнутраных спраў, у тым ліку адзін жаночы, парадны разлік ад Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, парадны разлік ад 38 асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады і парадны разлік ад 103 асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады.

Акрамя таго, у парадзе ўзялі ўдзел парадны разлік роты ганаровай варты, зводны ваенны аркестр, лінейныя роты ганаровай варты, сцяганосцы ад роты ганаровай варты.

Усяго ў пешай частцы параду задзейнічаны 3 544 чалавек асабовага складу, непасрэдна ў складзе пешай калоны прайшлі 2 846 чалавек.

У складзе механізаванай калоны ўдзельнічалі 16 парадных разлікаў, у тым ліку сучаснай тэхнікі, разлік ад Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта і разлік у складзе танка Т-34-58.

Усяго ў складзе механізаванай калоны задзейнічана 206 адзінак, непасрэдна ў калоне прайшо 169 адзінак технікі і узбраення.

Паветраны эшалон складаюць 36 верталётаў і самалётаў, а ўсяго ў падрыхтоўцы задзейнічана 47 паветраных судоў.

Пасля параду адбыліся паказальныя выступленні беларускіх вайскоўцаў.


У рамках Параду Перамогі адбыўся грамадзянскі эпізод «Беларусь памятае».

Першая яго частка праслаўляла подзвіг савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і захаванне памяці аб маі 45-га. Флагі колеру сцяга Перамогі ў руках маладых спартсменаў пераклікаліся з чырвоным сцягам на будынку Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, сімвалізуючы нашу памяць аб подзвігу дзядоў і прадзедаў і гатоўнасць моладзі стрымліваць новыя, мірныя перамогі ў славу Беларусі.

Другая частка эпізоду сімвалізавала пераемнасць пакаленняў і прысвечана суверэннай Беларусі, народ якой памятае, што вытокі незалежнасці Айчыны — у Вялікай Перамозе. Кульмінацыйным момантам часткі стаў вынас дзяржаўнага сцяга Беларусі.

Трэцяя частка прысвечана патрыятычнай акцыі, якая зарадзілася ў Беларусі па ініцыятыве кіраўніка дзяржавы, — «Беларусь памятае», пад дэвізам якой праходзяць урачыстасці, прысвечаныя 75-й гадавіне Вялікай Перамогі. Кульмінацыйным момантам часткі з’яўляецца вынас палотнішча «Беларусь памятае», створанага падчас правядзення акцыі актывістамі БРСМ. На палотнішчы напісаныя імёны Герояў Савецкага Саюза і поўных кавалераў ордэна Славы — выхадцаў з Беларусі.

Вышэйшай кропкай параду стала ўсенароднае выкананне «Дня Перамогі», якое аб’яднала ўсю Беларусь. Песні выканаў саліст Вялікага тэатра, заслужаны артыст Беларусі Громаў, Нацыянальны акадэмічны народны хор імені Цітовіча, Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл, актывісты БРСМ і валанцёры, а таксама усе ганаровыя госці і гледачы параду ў суправаджэнні зводнага ваеннага аркестра.


Вечарам на плошчы Перамогі адбылося піратэхнічнае шоу.

 

 

Варвара МАРОЗАВА

Фота Таццяна ТКАЧОВА

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.