Вы тут

Снегіры


Памяць сэрца...

На ўсё жыццё застаюцца ў ёй пачуццёва насычаныя імгненні, у якіх цесна пераплецены і радасныя, і пякельна-балючыя перажыванні. Загартаваная ў самаахвярным змаганні за волю і незалежнасць, выяўленая ў слове і мелодыі, яна набывае абрысы гаючай святасці.

У памяці Міхаіла Ясеня засталіся малюнкі франтавых дарог, па якіх ён дайшоў да Германіі, выгляд вёсак і гарадоў, знішчаных акупантамі. Цягам часу ўспрынятае паэтычнай душою воіна перадалося ў мастацка-вобразных вершах, якія потым сталі песнямі.

Вакальны твор «Снегіры» Міхаіл Ясень і Віктар Войцік напісалі амаль праз шэсцьдзясят гадоў пасля мінулай вайны. Песня ўзнаўляе непамерклыя старонкі з памяці паэта-франтавіка і выяўляе патрыятычныя пачуцці кампазітара, які духоўна дакрануўся да агульнанароднай памяці пра гераізм і самаахвярнасць суайчыннікаў.

І ў сённяшнія дні людская памяць звяртаецца да тых падзей, што разгортваліся на беларускай прасторы семдзесят гадоў таму, калі вогненны шар вайны каціўся да заходніх межаў нашай краіны.

Верш Міхаіла Ясеня           Музыка Віктара Войціка

Мне цяжка забыць дні мінулай вайны...

Я чую, як стогнуць сівыя бярозкі.

Зноў бачыцца мне Беларусь у агні —

Разрывы, варонкі, спалёныя вёскі.

Даўно партызанскія згаслі кастры.

Ды зноў Беларусь закавалі марозы.

На белым сняжку аганькі-снегіры,

Ды стынуць на хвоях бурштыновыя слёзы.

Прыпеў:

Бярозкі, ялінкі,

Лясныя сцяжынкі

Не могуць забыць юнака і дзяўчынкі.

Нібы толькі ўчора,

Нібы толькі ўчора...

Цалуюць сняжынкі,

Лясныя сцяжынкі,

Не могуць забыць юнака і дзяўчынкі.

...Той чорнаю ноччу нялёгкі быў бой.

А потым сюды, на лясную паляну,

З ружовай зарою прывезлі з сабой

Дваіх закаханых сябры-партызаны.

На тварах іх ззялі праменні зары,

Сінь неба на іх не магла наглядзецца...

На белым сняжку аганькі-снегіры,

Як кроплі крыві двух заручаных сэрцаў...

Прыпеў.

Даўно партызанскія згаслі кастры.

Ды зноў Беларусь закавалі марозы.

На белым сняжку аганькі-снегіры,

Ды стынуць на хвоях бурштыновыя слёзы.

Мне бачыцца ўсё Беларусь у агні...

Чужыя салдаты... Спаленыя вёскі...

Зноў чую я грукат мінулай вайны.

Зноў чую я, чую, як стогнуць бярозкі.

Прыпеў.

Падрыхтаваў Міхась ШАВЫРКІН

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.