Вы тут

Ладанкі матчыны іх зберагчы не змаглі


Чатыры гады і тры месяцы працягвалася Першая сусветная вайна. У ёй удзельнічалі 38 краін. Больш як 10 мільёнаў жыццяў забрала гэтая бойня. Яшчэ каля 20 мільёнаў чалавек было паранена. На той час такіх ахвяр свет не ведаў. Днём заканчэння Першай сусветнай лічыцца 11 лістапада 1918 года, калі было падпісана Камп'енскае перамір'е, якое ўступіла ў сілу ў 11 гадзін раніцы. Менавіта гэты дзень ва ўсім свеце адзначаецца як Дзень заканчэння Першай сусветнай вайны, як Дзень памяці яе ахвяр і як Дзень прымірэння.

Напярэдадні гэтай даты ў шосты раз у Вілейскім раёне прайшоў аўтапрабег, зладжаны Фондам памяці Першай сусветнай вайны «Крокі», якім кіруе Барыс Цітовіч. Сёлета ён звязаны са 100-годдзем вызвалення горада і раёна ад кайзераўскіх войскаў у ходзе Вілейскай аперацыі і ліквідацыі Свянцянскага прарыву. У ім прынялі ўдзел члены ваенна-гістарычных клубаў, школьнікі, ветэраны вайны ў Афганістане, казакі з Беларусі і Расіі, жыхары Вілейшчыны, краязнаўцы суседніх рэгіёнаў.

Аўтапрабег стартаваў 31 кастрычніка з цэнтральнай плошчы Вілейкі.Першы прыпынак — каля гарадскіх могілак па вуліцы 1 Мая, дзе нядаўна адкрыта брама-капліца ў гонар воінаў, што загінулі пры вызваленні Вілейкі ў 1915 годзе.

— Раней тут знаходзілася брацкая магіла. На жаль, час распарадзіўся так, што паверх яе цяпер — пахаванні свецкіх грамадзян. Але ў тым, што яны ляжаць разам, нічога страшнага няма, — распавёў Барыс Цітовіч. — Гэтая брама-капліца ўзведзена, з аднаго боку, у памяць тых, хто аддаў сваё жыццё за тое, каб мы сёння жылі ў міры ў нашых цудоўных гарадах, краіне. З другога — на сцены капліцы нанесена 286 імёнаў воінаў. Гэта імёны тых абаронцаў, пра якіх удалося даведацца ў ваенна-гістарычным архіве.

Пісьменнік Вячаслаў Бандарэнка нераўнадушны да тых падзей стагадовай даўніны. Нядаўна ён прэзентаваў у вілейскім кінатэатры сваю кнігу «Паўночна-Заходні шчыт Расіі». Пісьменнік таксама выдаў серыю кніг аб Першай сусветнай вайне для моладзі.

— Роўна 100 гадоў таму ваколіцы Вілейкі вызвалялі часці, якімі камандаваў мой продак генерал-маёр Міхаіл Міхайлаў, — зазначыў Вячаслаў Бандарэнка. — Міхаіл Панцеляймонавіч атрымаў вельмі высокую ўзнагароду для свайго чыну — ордэн Святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра ІІ ступені з мячамі. На жаль, як склаўся лёс майго сваяка, дзе ён пахаваны, я не ведаю. Вядома толькі, што ў канцы 1917 года ён быў жывы. І вельмі добра, што ёсць гэтая капліца. Лічу яе не толькі помнікам салдатам, якія аддалі жыцці за вызваленне Вілейкі, але і сімвалічнай магілай майго продка.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Радзевіч падкрэсліла, што ў Вілейцы шануюць памяць абаронцаў Айчыны. Нядаўна прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю з дня заканчэння вайны. У іх рамках адслужана памінальная літургія, дзе былі згаданы прозвішчы воінаў, што выбіты на браме капліцы. Адбылася і прэзентацыя некалькіх кніг, адна з якіх прысвечана падзеям Першай сусветнай. Асабліва адзначыла Наталля Аляксандраўна ўнёсак жыхароў раёна, працоўных калектываў у будаўніцтва капліцы.

На пліце змешчаны радкі верша паэта Уладзіміра Цануніна, прысвечаныя загінулым. У мерапрыемствах узяў удзел і сам Уладзімір Яфімавіч, які і зачытаў свой твор:

...Вы адстаялі ад ворага спадчыну,

нашы лясы і палі

Пад гімнасцёркамі ладанкі матчыны

Вас зберагчы не змаглі.

— Гэтыя воіны абаранялі не толькі рубяжы Айчыны, але і царкву Хрыстову, каб вораг не спаганіў яе. Няма лепшай памяці, чым малітва, звернутая да Бога аб заспакаенні душ нябожчыкаў — нашых продкаў, суайчыннікаў. І пакуль будзе гучаць малітва памяці, да таго часу будзе жыць іх свяшчэнны подзвіг у імя любові, веры, — звярнуўся да прысутных настаяцель прыхода айцец Аляксандр.

Пасля кароткай памінальнай малітвы (ліціі) удзельнікі аўтапрабегу рушылі далей. Прайшлі па памятных мясцінах Першай сусветнай, дзе ўсталяваны новыя помнікі і памятныя знакі: праз вёскі Любкі, Дварэц, Іжа, Рускае Сяло, Заброддзе.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.