Вы тут

Калі патрэбен дэпутацкі кантроль?


Дэпутат ад Бярэзінскай выбарчай акругі №61 Віктар Шчэцька, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрнай палітыцы, вылучае ў сваёй працы два вялікія кірункі: гэта заканатворчая работа і праца непасрэдна з выбаршчыкамі. Па яго прызнанні, часам звароты становяцца ні многа ні мала — падставай для карэкціроўкі пэўных нарматыўных актаў. Але пра ўсё па парадку.


— Роля дэпутата — гэта праца з заканадаўствам: яго ўдасканаленне, прыняцце новых заканадаўчых актаў, — дзеліцца сваімі разважаннямі Віктар Уладзіміравіч. — Але не менш важным кірункам з'яўляецца і праца з людзьмі. Апошняя павінна ўлічвацца пры прыняцці пэўных рашэнняў, заканадаўчых актаў.

Акруга ў майго суразмоўцы вялікая — уключае ажно тры раёны: Бярэзінскі, Крупскі і Чэрвеньскі.

— Мая тэрыторыя — «расцягнутая», аб'ядноўвае сельскагаспадарчыя раёны, — расказвае дэпутат. — Гэта не тое, што ў цябе адзін горад, і ўмомант можна дабрацца ў патрэбнае месца. Але спраўляюся, калі што — дамаўляюся па тэлефоне.

З улікам таго, што да выбаршчыкаў дабрацца не заўсёды проста, Віктар Уладзіміравіч на працягу сваёй дэпутацкай працы выкарыстоўваў розныя, так сказаць, методыкі працы з людзьмі.

— Практыкаваў прыём грамадзян у кожным раёне кожны месяц, потым некаторы час праводзіў адначасова і прыём грамадзян, і «прамую лінію» — каб маглі дазваніцца і людзі з іншых раёнаў, што ўваходзяць у маю акругу. Апошні год часцей выязджаю ў сельсаветы і там сустракаюся з выбаршчыкамі — сапраўды, так людзей прыходзіць больш.

Парламент — добрая школа

У гэтым годзе — парламенцкія выбары. Пытаюся ў Віктара Уладзіміравіча пра ўражанні ад дэпутацкай працы.

— Гэта добрая школа для чалавека любога ўзросту, — не задумваючыся кажа ён, — гэта магчымасць зразумець знутры, як працуюць дзяржаўныя органы, як пішуцца законы. Хтосьці з дэпутатаў ужо мае «багаж ведаў», нехта вучыцца адразу на практыцы...

Што да зваротаў, з якімі прыходзілі выбаршчыкі, то яны, па словах суразмоўцы, самыя разнастайныя. Гэта і праблемы з ЖКГ, і будаўніцтва вялікіх інфраструктурных аб'ектаў, і добраўпарадкаванне, і прыватызацыя дамоў...

— Былі пытанні, калі людзі не маглі прыватызаваць жыллё. Звярнуліся жыхары вёскі, што ў Крупскім раёне, — іх дамы нават не стаялі на балансе, таму іх нельга было прыватызаваць: не было ні пашпарта аб'екта, ні іншых дакументаў. Звярнуўся ў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, і яно адрэагавала. У выніку быў падрыхтаваны і выдадзены адпаведны указ, і людзі змаглі вырашыць сваю праблему.

Некаторы час назад у акрузе дэпутата Віктара Шчэцькі амаль адначасова пачалося будаўніцтва двух вялікіх фізкультурна-спартыўных аб'ектаў — у Чэрвеньскім і Бярэзінскім раёнах.

— Але калі ў Бярэзінскім раёне ўлады адрэагавалі як належыць: выкарысталі выдзеленыя на будаўніцтва сродкі і своечасова ўвялі аб'ект у эксплуатацыю, то ў Чэрвені з гэтым зацягнулі. Былі прэтэнзіі да ўладаў, праблемы з недахопам грашовых сродкаў — дапамагаў шукаць дадатковыя крыніцы фінансавання... Але ў выніку ўсё пабудавалі.

Узнікалі праблемы і падчас вельмі добрай і карыснай па сутнасці сваёй справы — калі будавалі трасу Мінск—Магілёў.

— Чатыры гады таму Беразіно амаль цалкам быў перакапаны падчас будаўніцтва шашы Мінск—Магілёў. Але мы паабяцалі людзям вырашыць гэтую праблему, і абяцанне выканалі. Сёння, я лічу, Беразіно выглядае як вельмі годны горад. У гэтым заслуга, натуральна, тагачаснага губернатара Барыса Батуры.

Як перабрацца на другі бок?

Часам звароты людзей, нават калі яны абгрунтаваныя, выканаць складана.

— Дагэтуль не выкананы зварот жыхароў вёскі Заполле Чэрвеньскага раёна. Праз іх населены пункт пралягае тая ж шаша Мінск—Магілёў. Там зрабілі верхавы мост, які праходзіць над трасай. Але як перайсці яго маці з каляскай? Натуральна, і дзеці ідуць у школу, ім таксама гэта нязручна і небяспечна... Тры разы сустракаўся з дырэктарам абласнога Аўтадара. Пазней як давераная асоба Прэзідэнта да вырашэння гэтай праблемы далучыўся Віктар Гумінскі.

Але падземны пераход рабіць — гэта дорага. У той жа час у некаторых вёсках, што знаходзяцца далей, паабапал гэтай шашы, паставілі святлафоры, устанавілі знакі, каб кіроўцы загадзя зніжалі хуткасць.

— Людзі гэта бачаць і пытаюць: чаму ў суседзяў так можна было зрабіць, а ў іх вёсцы — не? Адказу няма, таму што, сапраўды, жаданне людзей абгрунтаванае і справядлівае. Я таксама настойваў, каб зрабілі так, як у суседніх вёсках. Але ўсё гэта цягнецца ўжо больш за год...

Агульнае і прыватнае

Звароты бываюць адразу ад жыхароў цэлай вёскі або ад некалькіх людзей, а бывае, што чалавек прыходзіць з нейкай асабістай праблемай.

— Даводзілася дапамагаць пажылому чалавеку атрымаць інвалідную каляску на акумулятары — сам ён з пасёлка Паплавы, што пад Беразіно, — узгадвае Віктар Уладзіміравіч. — Чалавек — інвалід, але вельмі жвавы, актыўны, піша вершы, і прытым добрыя.

Дэпутат вельмі рады, што атрымалася дапамагчы такому цікаваму чалавеку.

Зусім нядаўна былі ўнесены папраўкі ў Закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», дзе сярод іншага прадугледжваецца грашовае пакаранне тым, хто неабгрунтавана зноў і зноў звяртаецца ў розныя інстанцыі па адным і тым жа пытанні — калі, здавалася б, усё ўжо патлумачана. Пытаюся ў парламентарыя, ці шмат «прафесійных» скаржнікаў у яго акрузе.

— Яны ёсць у кожным раёне. Калі да мяне прыходзіць такі чалавек, то стараюся яму ўсё акуратна патлумачыць. Часам ён злуецца, але што зробіш. Калі чалавек прайшоў усе суды — што я магу яму сказаць дадаткова? У цэлым жа такіх зваротаў — меншасць. Часам звароты я не афармляю, а вырашаю ўсё адразу, — расказвае дэпутат. — Вельмі ўдзячны за дапамогу старшыням райвыканкамаў — яны малайцы. Рэагуюць своечасова, калі ёсць час — удзельнічаюць самі ў прыёмах грамадзян. Працуем прадуктыўна і, натуральна, у межах заканадаўчых актаў.

yushkevich@zviazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Спартыўны комплекс і пераход цераз шашу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.