Вы тут

Пабачыў свет «таджыкскі нумар» часопіса «Нёман»


У апошняе дзесяцігоддзе досыць плённа развіваюцца беларуска-таджыкскія літаратурныя сувязі. Як сведчанне — сучаснай таджыкскай літаратуры прысвечаны восьмы нумар беларускага літаратурна-мастацкага часопіса «Нёман». Пад адной вокладкай сабраны творы Нізома Касіма, Ато Хамдама, Фарзоны, Гулназара Келдзі, Аскара Хакіма, Джумы Кудуса, Мансура Сурушат і іншых таджыкскіх паэтаў і празаікаў.


— У гэтым адмысловым нумары, які, спадзяюся, зацікавіць чытача, — гаворыць галоўны рэдактар «Нёмана» перакладчык Аляксей Чарота, — выступае і знакаміты паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Мумін Канаат. Вельмі сімпатычная назва ў яго паэтычнай падборкі — «І свет паэзіі прачнуўся». Ведаю, што ў свой час паважаны Мумін Канаат прыязджаў у Мінск, каб уручыць нашаму Васілю Быкаву прэмію бібліятэкі Дружбы народаў (бібліятэка і зараз працуе на Нурэкскай ГЭС). Ініцыятарам стварэння такой кніжніцы выступіў у свой час часопіс «Дружба народов» на чале з яго галоўным рэдактарам Сяргеем Баруздзіным. Дарэчы, у многім гэтая бібліятэка фарміравалася і кнігамі з аўтографамі народных пісьменнікаў Беларусі Івана Мележа, Івана Шамякіна, Васіля Быкава, Івана Чыгрынава, Петруся Броўкі і іншых беларускіх літаратараў. Кожны лічыў за гонар адправіць сваю новую кнігу на чытанне працаўнікам Нурэкскай ГЭС. Добра было б аднавіць такую традыцыю.

Шмат намаганняў па выпуску «таджыкскага нумара» часопіса «Нёман» прыклалі пісьменнікі з Душанбэ — Ато Хамдам, які, між іншым, з'яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, і Леанід Чыгрын, які нарадзіўся на Віцебшчыне і даўно ўжо жыве ў Таджыкістане.

У апошнія гады ў Душанбэ пабачылі свет кнігі беларускіх пісьменнікаў Алеся Бадака, Георгія Марчука, Юрыя Сапажкова, Міколы Мятліцкага і іншых. А ў 2016 годзе выйшаў «беларускі нумар» часопіса «Памир».

Сяргей ШЫЧКО

Загаловак у газеце: Ад Паміра прывітанне

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.