Вы тут

Вёскі, якія знікаюць. Старыя Войкавічы Баранавіцкага раёна


У Старых Войкавічах, вёсцы з цікавай гісторыяй, засталося зусім мала жыхароў. Зарэгістравана пяць, а пастаянна пражываюць трое. Летам яшчэ дачнікі бываюць наездамі. Ды большасць насельніцтва вёскі складае сям'я: Альбін Баляслававіч Вярбіцкі і яго дачка Роза. Роза Альбінаўна пасля выхаду на пенсію пераехала ў вёску, бо бацьку, якому за 80, аднаго не пакінеш, яму патрабуецца дапамога.


Традыцыі бабулі Алены

Але яшчэ ледзь не да сёлетняй вясны 86-гадовы дзядуля Альбін ездзіў на службу ў сталовіцкі касцёл на ўласным «жыгулёнку». Калгасны шафёр амаль з 40-гадовым стажам тэхніку любіць і ў машыне пачуваецца нібы рыба ў вадзе. Толькі вось апошнім часам здароўе пагоршылася, і дзеці не дазваляюць яму самому садзіцца за руль. Цяпер, калі выпадае, сын возіць бацьку на нядзельнае богаслужэнне.

Роза Альбінаўна ўсё жыццё адпрацавала ў галіне культуры Баранавіцкага раёна, культуры прысвяціў сябе і яе брат Казімір. Гэта ў іх, пэўна, ад бацькоў. Яны хоць і працавалі ў калгасе, вялі сваю вялікую гаспадарку, але не прапускалі ніводных вячорак, любілі спяваць, танцаваць, заўсёды былі аптымістамі па жыцці, расказвае дачка. А ў доме ўсім кіравала бабуля Алена, бацькава маці — гэта ўжо ўспаміны дзяцінства Розы: «Бабуля ведала ўсе малітвы, рэлігійныя абрады. І кожны вечар у нас збіраліся на «маёву». Так называлася вячэрняя сумесная малітва. Суседзі ўправяць хатнія справы, дагледзяць скаціну, як у нас казалі, «падробяцца», і прыходзяць да нас на чыстую палавіну дома. Там бабуля ўзначальвала малітву — пацеры. Потым, звычайна, пасядзяць, пагавораць. Я яшчэ малая была, не вельмі магла ацаніць тыя пасядзелкі, але мама пазней гаварыла, што размовы былі вельмі добрыя, без аніякіх плётак, абмяркоўвалі ўласную гаспадарку, давалі адно аднаму парады. Цікава, што не толькі католікі збіраліся на «маёву», прыходзілі і праваслаўныя вяскоўцы. Дружна жылі, хораша».

— Аднойчы быў дужа смешны выпадак, — працягвае Роза Альбінаўна. — Да малодшай бацькавай сястры прыходзіў хлопец з суседняй вёскі, праваслаўны. Дык вось аднойчы ён зайшоў вечарам, убачыў, як жанчыны моляцца і адразу закрыў дзверы. «Вой, нехта памёр, а я і не ведаў», — сказаў ён сваёй нявесце, яна ў адказ толькі засмяялася. Потым яны пажаніліся з Алінай, і ён на правах члена сям'і ўдзельнічаў у тым ліку і ў вячэрніх малітвах.

Усе збіраліся ў нас, значыць, жаночая палова сям'і старанна сачыла за чысцінёй і парадкам у доме, так было заведзена бабуляй Аленай. Цяпер усведамляю, што гэта і было часткай нашага выхавання сямейнай традыцыі. Потым мама падтрымлівала дом, а цяпер вось — я.

Як адна сям'я

Гаспадыня паказвае вышытыя абрусы і пакрывалы, падушкі — усё яна стараецца выкарыстоўваць, каб мёртвым цяжарам не ляжала ў шафах. І пакоі, расквечаныя вырабамі ўмелых рук былых гаспадынь, выглядаюць крыху святочна-ўрачыста. Звяртаю ўвагу на эксклюзіўную драўляную мэблю. Аказваецца, усё зроблена яшчэ дзедам Розы Альбінаўны. На прапановы прадстаўнікоў маладзейшага пакалення сям'і змяніць інтэр'ер на сучасны гарадскі яна не паддаецца. Хай будзе, як раней. А ў двары каля сцяны хлява цяперашняя гаспадыня зрабіла нешта накшталт этнаграфічнага музея. Сабрала старадаўнія прылады працы, рэчы, інструменты — хоць экскурсіі сюды вадзі.

Двор Вярбіцкіх патанае ў кветках, Роза Альбінаўна сама прыдумвае малыя архітэктурныя формы і ўвасабляе іх у жыццё. Паводле слоў старшыні Сталовіцкага сельскага Савета Мікалая Грыбава, летась на конкурсе-аглядзе падворкаў Вярбіцкія атрымалі дыплом пераможцаў.

— Так было заведзена не толькі ў маіх бацькоў, але і ў суседзяў, ва ўсіх жыхароў нашай вёскі, — разважае Роза Вярбіцкая. — Парадак не толькі ў доме, але і на падворку — гэта норма для добрага гаспадара.

Альбін Вярбіцкі з дачкой Розай.

Яшчэ яна расказала, што вельмі дружныя ў іх людзі былі заўсёды. Любое вяселле, хрэсьбіны, пахаванне станавілася справай і клопатам усёй вёскі. 

— Як у нас памёр дзед, зіма была снежная, намяло, здаецца, па пояс, — успамінае Роза Альбінаўна. — Прыйшлі ледзь не ўсе мужчыны з вёскі з лапатамі і расчысцілі дарогу. Пры гэтым ніхто іх не прасіў загадзя. Гэта было само сабой зразумела. І так ва ўсім. Можа, таму нашы Старыя Войкавічы ў ваколіцы і называлі «Варшавай», а не толькі таму, што пераважная большасць насельніцтва складалі католікі. А яшчэ, відаць, таму, што ў мясцовых людзей у пашане былі пісьменнасць, адукацыя. Усе імкнуліся дзяцей вывучыць нават у цяжкія пасляваенныя гады. Колькі адметных людзей выйшла з нашай вёскі! У нас самыя распаўсюджаныя прозвішчы Вярбіцкія і Каласоўскія. Ды каго ні вазьмі: напрыклад, Станіслаў Каласоўскі выгадаваў двух сыноў. Багуслаў Станіслававіч быў доўгі час галоўным дзяржаўным санітарным урачом Мінска, яго брат Вацлаў кіраваў аптэкамі Мінска і Мінскай вобласці, праўда, даволі даўно. А сын Вяржбіцкага Эдуарда (палову вёскі запісалі як нас Вярбіцкімі, другую палову на польскі манер Вяржбіцкімі) быў да пенсіі галоўным урачом Бярозаўскай раённай бальніцы, па сутнасці будаваў яе, ствараў. У культуру пайшлі не толькі мы з братам, ёсць і іншыя калегі сярод аднавяскоўцаў.

Цяпер, калі на малую радзіму зазірае хто з нашчадкаў ранейшых жыхароў, сустракаемся нібы з роднымі. Стараюся прывеціць, стол накрыць, як некалі мама рабіла. Вось і нядаўна зайшоў адзін мінчанін-зямляк і прасіў: «Не накладвай, Роза ў прыгожыя талеркі, не засцілай абрусы, давай мы па-беларуску, як дзяды рабілі, на кружку закусім». Ну і нарэзала на круглай дошцы сала тоненька, агурка таксама, кілішачак наліла, і так хораша мы пасядзелі, успомнілі дзяцінства. Бацькі некалі многа і цяжка працавалі, а як выпадала нейкая нагода, маглі хуценька арганізаваць вось такі стол.

— А цяпер што, — разгаварылася гаспадыня, — засталіся ўспаміны ды родныя магілы. Мы з братам даглядаем 14 магіл, усе астатнія сваякі далей жывуць, прыязджаюць раз у год на памінальныя дні... А мы вось з бацькам тут застаёмся, бо ён і слухаць не хоча, каб куды са сваёй хаты выехаць. Дарогу нам зімой расчышчаюць, аўтакрама прыходзіць, што яшчэ трэба для нармальнага жыцця?

Для турыстаў і дачнікаў

— Мясціны прыгожыя, як на мой погляд, дык для дачнікаў, адпачывальнікаў тут рай, — працягвае аповед Роза Альбінаўна. — А гэтым летам цікавы чалавек завітаў на мой падворак. Спыніўся, выйшаў з машыны, папрасіў вады папіць з калонкі. З ім дзеці былі, то я запрасіла ў хату, каб не вельмі халодную ваду пілі. А ён прайшоў па хаце і выклаў не зусім звычайную просьбу: «Пераязджайце, кажа, на летнія месяцы ў маю кватэру, а мы з сям'ёй прыедзем сюды, мае дзеці хоць пабегаюць». А я сказала, што ў мяне і свая кватэра ў горадзе ёсць, я б яму ўступіла хату, але бацька не пагодзіцца, бо для яго «на паверсе сядзець» за кару хіба толькі.

Прыязджаюць сюды і турысты. Не так далёка — вядомы канцэнтрацыйны лагер часоў вайны — Калдычэва. Роза прыгадвае расказы бабулі, як баяліся людзі ў вайну, нават ямы-зямлянкі для схованкі капалі, калі паветра напаўнялася едкім дымам, у Калдычэве палілі людзей... Але пранесла, Старыя Войкавічы акупанты не зачапілі. А вось у Першую сусветную вайну тут вяліся цяжкія баі. Ёсць гістарычныя звесткі пра Скробава-Гарадзішчанскую аперацыю летам 1916 года, у якой загінула каля 7000 салдат расійскай арміі. Пры гэтым было захоплена ўсяго толькі адно нямецкае ўмацаванне на краі вёскі Старыя Войкавічы. У напамін аб тых падзеях у лесе стаіць помнік. А па ўсёй ваколіцы захаваліся доты ад тых жорсткіх баёў. «Не так даўно, — расказвае наша гераіня, — на матацыклах прыехала вялікая група моладзі. Думаю: байкеры на адпачынак, на прывал сабраліся. А яны паставілі сваю тэхніку, выстраіліся у рад, навялі парадак вакол помніка. Вось якая ў нас добрая і свядомая моладзь. Гэта я для тых, хто любіць лаяць байкераў, маўляў, лётаюць без тармазоў у галовах, равуць маторамі. Як відно, усялякія і сярод іх бываюць... Летам у нас, вядома, весялей. Бо насельніцтва павялічваецца ў разы».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?