Вы тут

Спажывецкая кааперацыя губляе свае пазіцыі на спажывецкім рынку


У апошнія гады спажывецкая кааперацыя губляе свае пазіцыі на спажывецкім рынку, адзначаюць у камітэце дзяржкантролю Гомельскай вобласці. Толькі летась колькасць аб'ектаў гандлю спажыўкааперацыі на Гомельшчыне скарацілася на 107 аб'ектаў, зменшыўся рознічны тавараабарот.


Спецыялісты дзяржкантролю сёлета правялі маніторынгі гандлёвай інфраструктуры чатырох суб'ектаў гаспадарання: Добрушскага і Кармянскага райспажыўтаварыства, а таксама прадпрыемстваў «Добрушгандаль» і «Кармахарчгандаль». Ва ўсіх аб'ектах гандлю Добрушскага і Кармянскага раёнаў былі выяўлены сур'ёзныя недахопы: не выконваліся санітарныя нормы і правілы, адсутнічала частка дакументаў, выкладвалася неўпакаваная прадукцыя на дно ахаладжальных вітрын, парушаліся правілы гандлю... Акрамя таго, у пяці крамах пакупнікам прапанавалася адзінаццаць найменняў пратэрмінаванай прадукцыі.

Дарэчы, спецыялістамі Жлобінскага міжраённага камітэта дзяржаўнага кантролю летам быў праведзены маніторынг аб'ектаў гандлю і грамадскага харчавання адпаведнага раёна. Падчас праверкі сеткі крам мясцовага райспажыўтаварыства выяўлены факты продажу тавараў з пратэрміноўкай прыдатнасці, агародніны і пладоў з прыкметамі недабраякаснасці, парушэннем цэласнасці лупіны, шматлікія факты ўжывання сродкаў вымярэння са скончаным тэрмінам паверкі. У асобных гандлёвых аб'ектах спаганялася дадатковая плата за пакаванне вагавых тавараў.

Пастаянная крэдыторская запазычанасць перад пастаўшчыкамі і недахоп уласных абаротных сродкаў не дазваляюць арганізацыям гандлю спажыўкааперацыі падтрымліваць у гандлёвай сетцы шырокі асартымент тавараў, развіваць і прасоўваць папулярныя праграмы лаяльнасці для пакупнікоў ( розныя акцыі, зніжкі, бонусы, гандлёвыя назапашванні...). Гэта ў разы змяншае канкурэнтаздольнасць такіх гандлёвых аб'ектаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Не да акцый і зніжак...

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.