Вы тут

Прыняты папраўкі ў 328-ы артыкул Крымінальнага кодэкса


Гэта адбылося на этапе другога чытання на пасяджэнні шостай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Нагадаем, што згаданы вышэй артыкул у тым ліку рэгламентуе пакаранне за незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў.


Што ж змянілася? Памяншаецца ніжняя мяжа пакарання з пяці да трох гадоў пазбаўлення волі па частцы 2 і з васьмі да шасці гадоў пазбаўлення волі па частцы 3.

Як адзначыў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, такое рашэнне не з'яўляецца паслабленнем для наркадылераў і збытчыкаў наркотыкаў. Ён растлумачыў, што такі падыход дазволіць судам прымяняць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі па наркатычных артыкулах больш дыферэнцыравана — з улікам асобы вінаватага, узросту, характару і ступені грамадскай небяспекі дзеі, а таксама ўсіх абставін здзяйснення.

Член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Аляксандр Багдановіч расказаў журналістам, што такая ініцыятыва разглядалася яшчэ дэпутатамі пятага склікання, збіралася мноства рабочых груп. Безумоўна, паўплывала і грамадская думка. Такім чынам, выніковае рашэнне парламентарый назваў вывераным.

Ён звярнуў увагу, што папраўкі могуць аблегчыць пакаранне тым, хто пераступіў рысу па няведанні. А вось верхняя мяжа засталася без змен — таму за мэтанакіраваны незаконны абарот наркотыкаў пакаранне застаецца цвёрдым (да васьмі гадоў па частцы 2 і да 15 гадоў па частцы 3).

Таксама на сесіі дэпутаты ў першым чытанні прынялі законапраект «Аб персанальных даных» — уступленне асноўных палажэнняў у сілу плануецца праз год пасля яго афіцыйнага апублікавання. Дакладваў па гэтым пытанні дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзім Іпатаў.

Што тут трэба ведаць: распрацоўшчыкі вызначылі, што персанальныя даныя — гэта любая інфармацыя, якая адносіцца да ідэнтыфікаванай фізічнай асобы або фізічнай асобы, якая можа быць ідэнтыфікавана на падставе такой інфармацыі.

Плануецца падзяліць персанальныя даныя на дзве катэгорыі — агульнадаступныя (не падлягаюць абароне) і спецыяльныя (падлягаюць). У другую катэгорыю ўваходзяць, напрыклад, пол, палітычныя ці рэлігійныя перакананні, судзімасць.

Новаўвядзенне законапраекта — замацаванне магчымасці атрымаць згоду фізічных асоб на пэўныя дзеянні з іх персанальнымі данымі ў электроннай форме.

Яшчэ Вадзім Іпатаў прывёў у прыклад журналістам сітуацыю, якую законапраект зможа адрэгуляваць: напрыклад, запоўніў чалавек заяву на дысконтную карту ў краме, пакінуў асабістыя даныя, а яму потым тэлефануюць з іншых крам. Законапраект навядзе тут парадак: па-першае, грамадзяне змогуць даведацца пра перадачу сваіх персанальных даных трэцім асобам. Па-другое, у любы час грамадзянін будзе мець права патрабаваць ад аператараў спыніць любыя дзеянні з яго персанальнымі данымі, калі для гэтага няма законных падстаў.

Усяго на пасяджэнні шостай сесіі Палаты прадстаўнікоў было разгледжана больш за 15 пытанняў.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Загаловак у газеце: З улікам абставін

Выбар рэдакцыі

Спорт

Аляксей Талай: Я сабе паблажак не даю

Аляксей Талай: Я сабе паблажак не даю

Чорны пояс па таэквандо і светлы шлях па жыцці плыўца-параалімпійца.

Грамадства

Патрыятычны марафон, флэшмобы, велапрабегі. Якія мерапрыемствы запланаваны ў рэгіёнах у гонар Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга?

Патрыятычны марафон, флэшмобы, велапрабегі. Якія мерапрыемствы запланаваны ў рэгіёнах у гонар Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга?

Штогод у другую нядзелю мая ў нашай краіне адзначаецца Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга.