Вы тут

Узбекістанскі прафесар з беларускімі каранямі — пра повязь двух народаў і літаратур


У 30-я гады мінулага стагоддзя беларускі паэт Сцяпан Ліхадзіеўскі, ураджэнец вёскі Барок на Случчыне, абвінавачаны ў «контррэвалюцыйнай нацдэмаўскай дзейнасці», быў высланы з Беларусі ў Казахстан. Але і там, і ва Узбекістане, з якім звязаны далейшы лёс паэта, ён працягваў пісаць вершы, вывучаць і перакладаць літаратуру — беларускую, рускую, узбекскую, французскую. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён пасябраваў з народным паэтам Беларусі Якубам Коласам, які быў эвакуіраваны з сям'ёй у Ташкент, і шмат зрабіў для папулярызацыі беларускай паэзіі... А пазней цікавасць да літаратуры перайшла ў спадчыну і да яго сына. Анатоль Ліхадзіеўскі — прафесар Узбекістанскага ўніверсітэта сусветных моў, доктар філалагічных навук, які амаль 50 гадоў працягвае сямейную філалагічную традыцыю. Прычым робіць гэта так паспяхова, што летась быў адзначаны высокай дзяржаўнай узнагародай — ордэнам «Дружба» — за ўмацаванне сяброўства, братэрства і ўзаемнай згоды паміж прадстаўнікамі ўсіх нацый і народнасцяў.


Сёлета прафесар наведаў Беларусь падчас Дзён культуры Узбекістана ў нашай краіне, каб абмеркаваць з землякамі магчымасці творчага і навуковага супрацоўніцтва. А яшчэ спраўдзіў даўнюю мару — пабываць на радзіме бацькі. Дакладней, у Слуцкім краязнаўчым музеі, куды жонка Сцяпана Ліхадзіеўскага пераслала некалі памятныя фотаздымкі, перапіску з Коласам, чарнавікі вершаў, асабістыя рэчы і г. д. «Мне абавязкова трэба там усё сфатаграфаваць і паказаць потым сваякам, інакш не зразумеюць: як так, быць у Беларусі і не з'ездзіць на бацькаву малую радзіму?»

— Папярэдні раз я быў у Мінску ў студэнцкія гады, у 1972-м, — згадвае Анатоль Сцяпанавіч. — тады мы з бацькам кватаравалі ў ягонага сябра, паэта Станіслава Шушкевіча, на вуліцы Цнянскай... Ці захавалася яна яшчэ?

— Захавалася, і на тым жа самым месцы. А як вам наогул Мінск праз больш чым 40 гадоў?

— Часу пахадзіць пешкі было няшмат, але ў вольную хвілінку я ўсё ж прагуляўся. І ведаеце, такое ўражанне, што гэта той самы Мінск. У Ташкенце, калі прыехаць сёння і праз пяць гадоў, то горад наўрад ці пазнаеце, настолькі там змяняюцца вуліцы, і цяпер старога Ташкента наогул няма. А ў вас, наадварот, гуляеш па цэнтры і суцэльная настальгія, настолькі знаёмыя месцы. Здзівіла, што засталіся гэтыя савецкія назвы: вуліца Леніна, Энгельса — ва Узбекістане такога не знойдзеце.

«Дзесяць кіло каласяціны»

— Кажуць, што дзіцячыя ўражанні — самыя моцныя. Але вы былі зусім маленькім хлопчыкам, калі не стала Якуба Коласа, і, мабыць, яго зусім не помніце?

— Затое я шмат чуў пра яго ад бацькі, сам распытваў тое-сёе, чытаў публікацыі (так, у бацькі выйшаў зборнік публіцыстычных работ «Радасць сустрэч», і там два артыкулы якраз прысвечаныя жыццю Якуба Коласа ў Ташкенце) і склаў для сябе партрэт гэтага вялікага паэта — асабісты, не па падручніках. Бацька расказваў пра Коласа як чалавека вельмі жыццярадаснага і вясёлага, нягледзячы ні на якія выпрабаванні. Пачуццё гумару ён захоўваў нават у цяжкі час вайны — напрыклад, жартаваў, што ў Ташкенце тэмпература заўжды, як у бутэльцы гарэлкі, 40 градусаў. Альбо бацька расказваў: Колас вельмі перажываў — і за ўсю родную краіну, і за сяброў, і блізкіх, яму не раз давялося перанесці асабістыя трагедыі, — а таму вельмі схуднеў. Але і тут не траціў прысутнасці духу, трапна заўважаючы, маўляў, «дзесяць кіло каласяціны прапала»...

Дарэчы, карыстаючыся выпадкам, хачу выправіць недакладнасць, якую бачыў і ў беларускім, і ва ўзбекістанскім друку. Бацьку і Якуба Коласа некаторыя называюць сакурснікамі, а гэтага быць не магло, бо паміж імі амаль 15 гадоў розніцы ва ўзросце — і бацька яшчэ 16-гадовым юнаком трапятаў перад вялікім паэтам, а пасябравалі яны значна пазней.

Чытаць і слухаць

— Узбекістанскія калегі сцвярджаюць, што вашым спецкурсам па літаратуры славянскіх краін студэнты проста заслухоўваюцца. Каго з беларускіх аўтараў уключылі ў лекцыі і семінары?

— Курс я выбудоўваў як мікрагісторыю. Справа ў тым, што на Беларусь адводзілася, здаецца, усяго чатыры гадзіны лекцый, і ў гэты час уваходзіў агляд гісторыі беларускай літаратуры — праз «Тараса на Парнасе», Максіма Багдановіча, Цётку я паступова выходзіў на сярэдзіну ХХ стагоддзя, там, безумоўна, расказваў пра Якуба Коласа і Янку Купалу і напрыканцы гаварыў крыху пра сучасных літаратараў — прынамсі тых, пра каго я ведаю: Васіль Быкаў, Іван Шамякін і іншыя. Пры гэтым стараўся, расказваючы пра савецкі перыяд, не прадстаўляць аўтараў як апявальнікаў савецкай рэчаіснасці, а арыентавацца на самабытную частку іхняй творчасці, абапірацца на фальклор. Так, у выпадку з Янкам Купалам выбраў паэму «Курган» — безумоўны шэдэўр, да таго ж на занятках мы спецыяльна вылучалі яшчэ 15 хвілін і слухалі фрагменты «песняроўскай» рок-оперы «Гусляр», напісанай паводле гэтага твора. Эфект ад спалучэння неверагоднай музыкі, геніяльнага тэксту і геніяльнага выканання атрымліваўся стапрацэнтны, студэнты сапраўды слухалі, раскрыўшы рот...

У маім спецкурсе лекцый і семінараў не было толькі маладога пакалення паэтаў і пісьменнікаў, бо мне, знаходзячыся ва Узбекістане, цяжка зарыентавацца, хто цяпер найбольш папулярны ў Беларусі, пра каго варта гаварыць. З дапамогай інтэрнэту даведаешся далёка не пра ўсіх, а афармляць падпіску на літаратурна-мастацкія выданні — справа дарагая, бо мы жывём у розных дзяржавах, а таму беларуская літаратура для нас ва Узбекістане сёння — замежная. Хоць для мяне, па вялікім рахунку, менавіта яна родная. І ў гэты прыезд я накупіў шмат беларускіх літаратурных часопісаў, дамовіўся з некаторымі рэдактарамі, каб атрымліваць PDF-версіі, так што, мяркую, можна будзе дапоўніць курс новымі імёнамі.

— Падчас Дзён культуры Узбекістана шмат гаварылі пра ўзаемныя пераклады беларускіх аўтараў на ўзбекскую і наадварот. Асабіста вам якіх пісьменнікаў і паэтаў цікава было б пачытаць у перакладзе?

— Беларусаў — усіх сучасных папулярных аўтараў, бо я з імі амаль незнаёмы. Што да ўзбекскай літаратуры, тут таксама ёсць цэлы шэраг імёнаў, вартых увагі і перакладу: класічныя паэты ХХ стагоддзя Абдула Арыпаў, Эркін Вахідаў, цудоўная проза Аскада Мухтара. Канешне, адэкватна перакладаць паэзію складана. Нездарма яшчэ ў савецкія часы хадзіла эпіграма «Пры ўсім пры тым, пры ўсім пры тым, пры ўсім пры тым, пры гэтым Маршак застаўся Маршаком, а Роберт Бёрнс — паэтам». І ўсё ж узаемныя пераклады — справа перспектыўная, якая дапаможа лепш ведаць адно аднаго. Наогул ва Узбекістане вялікая цікавасць да літаратуры: у нас ёсць цэлая Алея літаратараў у Нацыянальным парку, ёсць шмат цікавых помнікаў, а ў ташкенцкім метро ці не палова станцый маюць літаратурныя назвы... Такое заахвочванне культуры вельмі важнае, і, на маю думку, каб быць сапраўды культурным чалавекам, трэба ведаць літаратуру розных народаў, а не ігнараваць іх з палітычных ці іншых прычын.

Пра «самасць» і дружбу народаў

— Ваш бацька вядомы не толькі як беларускі паэт, але і як даследчык і перакладчык нямецкай і французскай літаратуры. Вы шмат гадоў аддалі вывучэнню літаратуры амерыканскай, пры гэтым жывяце і працуеце ў атачэнні ўзбекскай мовы і літаратуры. Абагульняючы ўвесь гэты літаратуразнаўчы вопыт, якія рысы, на ваш погляд, вызначаюць характар беларускай літаратуры?

— Мне даводзілася ўдзельнічаць у дыскусіях на гэту тэму і, у прыватнасці, чуць такія заўвагі: шмат гадоў прайшло, а ў беларусаў усё партызаны, вайна — навошта? І я адказаў наступным чынам: «Гэта такая рана, якая вельмі доўга не загойваецца. Вы не зразумееце гэтага, калі там не жылі альбо не маеце родных сярод беларусаў. Наколькі я ведаю, у вёсках і дагэтуль расказваюць, хто са сваякоў партызаніў, а чые родзічы ў паліцаях служылі, хоць змянілася ўжо чацвёртае пакаленне. Праз Беларусь праходзілі, лічы, усе сусветныя войны, хто толькі не таптаў гэтую зямлю...» Таму пэўная туга і настальгія, уласцівыя беларускай літаратуры, цалкам вытлумачальныя, бо гэта адлюстраванне народнага гора. І нічога дрэннага ў гэтым няма, наадварот, гэта пашана да ўсіх тых, хто загінуў і пацярпеў у мінулых войнах, якую не заменіць голы ўра-патрыятызм. Згадайце творы Васіля Быкава — у іх няма гумару, хіба пара-тройка «чорных» франтавых усмешак, бо вайна для яго, пісьменніка-франтавіка, — бесчалавечная з'ява, дзікунская і абсурдная... І таму Быкаў — сапраўдная, вялікая літаратура, як і Янка Купала, і Якуб Колас. Я на нядаўнім адкрыцці помніка Алішэру Наваі ў Мінску сказаў, як гэта цудоўна: людзі сабраліся ля помніка вялікаму паэту і чытаюць вершы, тут будуць чытаць Наваі, у Ташкенце — чытаць Коласа. А калі народы чытаюць вершы, яны ваяваць не будуць, бо вайна пачынаецца ад тупасці і бездухоўнасці, нежадання зразумець іншага. Але ў беларусаў з гэтым праблем няма, і многім варта было б у вас павучыцца прыязнасці ды адкрытасці да іншых. У вас менталітэт такі — стрыманы, спакойны, шмат у чым блізкі да ўзбекістанскага, і таму нашы народы лёгка сыходзяцца і разумеюць адзін аднаго.

— У адным з вершаў Сцяпана Ліхадзіеўскага ёсць такія радкі: «Жыве ў Ташкенце чвэртку веку, не знае, дзе закончыць век. Ён беларус паміж узбекаў, між беларусаў ён — узбек»... А кім вы сябе адчуваеце — узбекскім беларусам, беларускім узбекам?

— Сынам свайго бацькі, — смяецца прафесар. — Дарэчы, ці ведаеце, што менавіта гэтыя словы, толькі на рускай, выбіты на магіле бацькі? Мы так вырашылі з сям'ёй, бо бацька быў перакананым інтэрнацыяналістам, ён паважаў усе народы. У Беларусі яго сапраўды жартам празвалі «ўзбекам», што яму вельмі падабалася. А ў Ташкенце ўсе, і ўзбекскія паэты, і рускамоўныя ў нас дома сядзелі за сталом — вось гэта і ёсць дружба народаў у маім разуменні.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Канстанціна ДРОБАВА

Загаловак у газеце: Пра бацькаву спадчыну, блізкага класіка і інтэрнацыяналізм

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.