Вы тут

Бацькі і дзеці


Першых, як вядома, не выбіраюць. («Дзеці ў двары наперабой хваліліся кожны сваім бацькам, не падазраючы, што гаворка ідзе пра аднаго і таго ж мужчыну».) З апошнімі не ўсё так адназначна... Чулі гісторыю пра жанчыну з кітайскага горада Сямынь з правінцыі Фуцзянь, якая сёлета нарадзіла блізнят ад двух розных татаў. Як такое можа быць? Аказваецца, зачацце ад двух розных мужчын блізнят — выключна рэдкі феномен, але ён здараецца. («Сын іграка ў покер ніяк не можа зразумець, любіць яго бацька ці не».) Пра незвычайную сітуацыю стала вядома пасля тэста ДНК, які праводзіўся пры рэгістрацыі немаўлят у аддзяленні паліцыі. Ён паказаў, што муж жанчыны даводзіцца бацькам толькі аднаму дзіцяці. Мужчына і сам заўважыў, што адзін з блізнят зусім не падобны на яго, і тэст толькі засведчыў гэтую правату. («— Ізя, ды вы самы сапраўдны сексуальны гігант! — ??? — Мы сустракаемся толькі два тыдні, а я ўжо на трэцім месяцы».) Спачатку жонка заявіла, што муж сфальсіфікаваў вынікі тэста, але пазней усё ж прызналася, што аднойчы здрадзіла яму з іншым мужчынам, які і стаў татам другога блізнюка. («— Я цяжарная! — Я адразу зразумеў, што ў табе штосьці ёсць...»)


Паколькі бацькоў выбраць дзіця не можа, па першым часе ў яго няма і альтэрнатывы ў выхаванні. («— Вовачка, ты каго больш слухаеш: маму ці тату? — Я больш слухаю маму. — Чаму? — Яна больш гаворыць».) Дрэнна гэта ці добра? («Цяжка зараз бацькам. Трэба пастаянна сачыць за тым, што сын спампоўвае з інтэрнэту, а дачка туды выкладвае».) У любым выпадку несумненна спрадвечнае: закладзенае бацькамі зараз вернецца ў наступных пакаленнях. Ці будзе яно як раней — пабачым... («Часта ўпадаю ў экстаз і прыгадваю зноўку... Як мама вяла ў першы клас... Як бацька нёс з выпускнога...»)

Вось вам свежая гісторыя, якая адбылася ў Германіі. Там маці дзевяцігадовай дзяўчынкі падала іск у адміністрацыйны суд з-за таго, што яе дачку адмовіліся прыняць у... Дзяржаўны кафедральны хор хлопчыкаў. Хлопчыкаў! Ён так называецца і для іх створаны. Але апошняя акалічнасць жанчыну ну ніколечкі не збянтэжыла. («Паламай стэрэатып! Пазвані маці і спытай, ці надзела яна шапку!») На думку маці, хор праявіў недапушчальную дыскрымінацыю і парушыў правы малой на роўныя магчымасці. А ў самім хоры падкрэслілі, што адмовіліся прымаць дзяўчынку зусім не з-за яе палавой прыналежнасці, а таму, што яе голас не адпавядае гучанню калектыву хлопчыкаў. Больш за тое, там выказалі сумненні ў матывацыі самой дзяўчынкі. («— Прыміце мяне, калі ласка, у хор хлопчыкаў! Мама кажа, што я добра спяваю. — Гэтага мала, — адказаў хормайстар. — Прынясіце рэкамендацыі ад суседзяў».) Дарэчы, той суд немка прайграла.

Гэта далёка не адзінкавы прыклад. Дагэтуль пісалі, што жыхарцы Масквы не дазволілі запісаць яе дзесяцігадовую дачку ў гурток па камп'ютарнай анімацыі ў Палацы творчасці, паколькі апошні прызначаны для хлопчыкаў, а дзяўчынкам, маўляў, трэба займацца танцамі, лепкай і рукадзеллем. І калі з хорам хлопчыкаў я не на баку заяўніцы, дык тут жа відавочны перабор, праўда? Побач за маніторамі сядзець нельга? («Дачка пытаецца ў маці: — Якога мужа ты мне параіш выбраць? — Слухай, пакінь ты мужоў іх жонкам. Знайдзі сабе добрага халастога хлопца».) Пасля таго як гісторыя атрымала агалоску, у Палацы творчасці адразу ж стварылі гурток па анімацыі для дзяўчынак...

А вось яшчэ адна праява сучаснага выхавання. Нейкая Аланія Колберг (месца жыхарства не паведамлялася) абараніла права сына не дзяліцца цацкамі з іншымі дзецьмі. («Добрая маці дасць аблізаць крэм з калатоўкі. Выдатная маці спачатку выключыць міксер».) Яна падзялілася гісторыяй у Fасеbооk, якая выклікала вялікую папулярнасць, падзяліўшы карыстальнікаў на два лагеры. Падчас прагулкі ў парку да сына жанчыны падышлі іншыя дзеці і запатрабавалі падзяліцца цацкамі. Маці выказалася прыкладна так: «Калі я, дарослы чалавек, прыйшла ў парк і ем сэндвічы, ці павінна я дзяліцца імі з незнаёмцамі? Не!» Маўляў, і маё дзіця не павінна дзяліцца цацкамі. («Як жа пашанцуе майму будучаму мужу — жонка і прыгажуня, і разумніца, і гатуе добра, ну, і маніць няблага...») Быццам усё лагічна... Хоць некалі было інакш...

Напрыканцы пра метады выхавання татаў. («Аднойчы ў дзяцінстве бацька заспеў мяне, калі я курыў, і выкінуў з лодкі. Так ён навучыў мяне плаваць на спіне, каб цыгарэта не мокла».) Брытанец падарыў сваёй 26-гадовай дачцэ Меган Эхлін закрыты купальнік з выявай... свайго твару з лысай галавой з двух бакоў на ўвесь памер рэчы. Каб адпуджваць юрлівыя погляды хлопцаў на курорце. Эфект атрымаўся зусім процілеглы: на дзяўчыну ўсе глядзелі і смяяліся. А сам бацька неўзабаве апрануў футболку са шматлікімі тварамі дачкі. Насамрэч усё гэта — жартаўлівы тролінг падарункамі з тварамі адно аднаго паміж бацькам і дачкой, якім яны займаюцца даўно. Добрае пачуццё гумару толькі ўмацоўвае сямейныя стасункі. («Бацька размаўляе з дачкой: — Якая ж ты ў мяне шкодная... — Усе пытанні да вытворцы!»)

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.