З аптэк Беларусі адазваны прэпараты, якія ўтрымліваюць раніцыдзін. Гэта таблеткі раніцыдзін-акос і ранігаст. Яны выкарыстоўваюцца для лячэння язвы страўніка і іншых хваравітых станаў. Пра гэта паведамляе Рэспубліканскі цэнтр экспертыз і выпрабаванняў у сістэме аховы здароўя.
Раней Еўрапейскае медыцынскае агенцтва і Упраўленне па кантролі прадуктаў харчавання і лекавых сродкаў ЗША ініцыявалі ацэнку прэпаратаў, якія ўтрымліваюць рэчыва раніцыдзін. Іх цікавіла, ці ёсць там канцэрагенныя прымесі, бо ў невялікай колькасці там ужо знайшлі N-нітразадыметыламін. Гэтае злучэнне (па-іншаму NDMА) пасля даследавання на жывёлах класіфікуецца як «злучэнне з магчымымі канцэрагеннымі ўласцівасцямі». Прымесь сустракаецца ў некаторых прадуктах і вадзе, хоць, паводле пэўных звестак, не нясе шкоды пры прыёме ўнутр у невялікай колькасці.
У цэлым раніцыдзін падаўляе секрэцыю салянай кіслаты і выкарыстоўваецца для лячэння і прафілактыкі язвавай хваробы страўніка, дванаццаціперснай кішкі, рэфлюксэзафагіту і іншых хвароб.
Цяпер ініцыявана добраахвотнае прэвентыўнае адкліканне з беларускага рынку такіх прэпаратаў ад двух вытворцаў — Курганскага таварыства медпрэпаратаў і вырабаў «Сінтэз» (Расія) і Рhаrmасеutісаl Wоrks РОLРHАRMА S. А. (Польшча). Гэта таблеткі раніцыдзін-акос і ранігаст.
«З прычыны адсутнасці сёння на тэрыторыі Беларусі іншых пастаўшчыкоў лекавых сродкаў, якія ўтрымліваюць раніцыдзін у таблетаванай форме, часова рэкамендуецца пры новых прызначэннях выкарыстоўваць альтэрнатыўную тэрапію — фамацыдзін ці прэпараты групы інгібітараў пратоннай помпы», — растлумачылі ў Цэнтры экспертыз.
Для прызначэння альтэрнатыўнай тэрапіі варта звярнуцца да ўрача.
Алена КРАВЕЦ
Прэв'ю: zagranitsa.com
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.