Вы тут

Гурт «Стары Ольса»: У Сургуце нас сустракалі каля трапа самалёта, як важных шышак!


Калі музыку параўноўваць з вытанчанымі напоямі, то гурт «Стары Ольса», які першы адкрыў для беларусаў нашу музычную спадчыну Сярэднявечча, цягне на ўсе сем зорачак. Ці жарт — калектыў існуе ўжо 20 гадоў, мае ў актыве 10 студыйных альбомаў, у тым ліку каверы сусветных хітоў у «медыявальным» гучанні, тры lіve-зборнікі, свежанькі сінгл і аўдыяспектакль паводле Караткевіча, і з часам не толькі не страчвае папулярнасці, а адкрывае ўсё новыя далягляды. З нагоды юбілею і перад традыцыйным Калядным фэстам 25 снежня, дзе будзе адзначацца 20-годдзе «Старога Ольсы», мы пагутарылі з удзельнікамі гурта — заснавальнікам, дударом і вакалістам Змітром САСНОЎСКІМ і флейтысткай ды менеджарам Марыяй ШАРЫЙ, даведаліся праўду і міфы, падлічылі рэкорды калектыву і крыху памарылі пра 2020-ы.


Ці праўда, што...

...спачатку гурт называўся зусім інакш?

Зміцер: Так, ён называўся «Руевіт» па імені бога вайны заходніх славян. Але атрымаўшы слушную крытыку, што імя дахрысціянскага бога не адпавядае той музыцы, якую мы граем, вырашылі назву змяніць.

...адно з першых выступленняў адбылося проста ў чыстым полі, на раскопках?

Зміцер: Там былі не выступленні, у Полацкім археалагічным летніку адбывалася фарміраванне ідэі будучага гурта. Я прывёз з сабой калекцыю адрэстаўраваных музычных інструментаў і разам з іншымі музыкамі спрабавалі пайграць на іх разам у нефармальнай абстаноўцы, ладзілі нейкія танцы і ўсё такое. А першае выступленне, што сімвалічна, адбылося ў 1999 годзе на свяце пісьменства пад помнікам Францыску Скарыну ў Полацку.

... на канцэрты прыходзяць дзеці тых слухачоў, якія калісьці пазнаёміліся пад «Старога Ольсу»?

Марыя: Дарэчы, бывае такое. Прыходзяць людзі рознага ўзросту: і зусім маленькія, каго бацькі прыносяць на руках, і школьнікі, і амаль дарослыя падлеткі — мне падаецца, што з часам наша дзіцячая аўдыторыя толькі расце. Гэта радуе.

...гурт выступаў у пратэстанцкай царкве з зусім «нецаркоўным» рэпертуарам?

З.: Наогул у цэрквах мы гралі і ў Беларусі, таму што пратэстантызм на Беларусі зарадзіўся і вельмі развіўся ў так званы «залаты век» Рэфармацыі, у XVІ стагоддзі. І сучасныя пратэстанты з вялікай павагай ставяцца да ўсіх відаў мастацтва тых часоў, нас часам запрашаюць граць у цэрквах. Акрамя таго, мы гралі ў касцёле ў Польшчы. А выпадак, якога датычыцца пытанне, адбыўся ў Амерыцы, у штаце Мэрыленд.

М.: У ЗША для нас было крыху нечакана, што гэта амаль паўнавартасныя канцэртныя залы. Шмат дзе ёсць нават стрым-апаратура для жывой трансляцыі канцэрта на сваім сайце, і туды ходзіць зусім розная публіка, якую царква аб’ядноўвае на падставе культуры.

З.: Словам, нас не здзівіла запрашэнне выступіць у царкве, але ўразіла пажаданне па рэпертуары. Мы ж звыклі, што царква — месца сакральнае, размовы з Богам, малітва, асэнсаванне сябе і гэтак далей. А тут пастар, сам вельмі актыўны і таленавіты музыка, які выкладае музыку дзецям у школе, замовіў кавер-версію AC/DC " Hіghway to Hell". Цяпер гэта ўжо стала традыцыяй — кожны год, калі аказваемся ў Мэрылендзе, даём у той царкве мінімум адзін канцэрт, і ён разам з намі грае адну кампазіцыю са зборніка XІV стагоддзя.

...першыя амерыканскія гастролі зладзіліся нечакана, бо ў краўдфандынгавай кампаніі на запіс альбома кавераў вы сабралі больш грошай, чым планавалі?

М.: Мы не планавалі такі альбом запісваць, але папулярнасць кавераў (так, сыграны гуртам на старажытных інструментах хіт Metallіca One мае на YouTube звыш 3,5 мільёна праглядаў! — Аўт.) падштурхнула да гэтай ідэі. І калі ўсяго за тыдзень сабралі грошы на альбом, замахнуліся на больш маштабную мэту — тур па Амерыцы, тым больш што запытаў і запрашэнняў было вельмі многа. Не скажу, што праз краўдфандынг мы пакрылі ўсе выдаткі і назбіралі шалёна грошай, але, відаць, на той момант усё склалася, і ўдалося рэалізаваць абедзве гэтыя мэты. Было больш за тысячу спонсараў з усяго свету, і ўсім мы потым дасылалі падарункі за падтрымку: Алесь Чумакоў рабіў гуслі, Зміцер шыў скураныя торбачкі, я запісвала пяром нотны зборнік — танцы з «Полацкага сшытка», ткала ўручную на дошчачках пасы... Амаль чатыры гады прайшло, а праект яшчэ дагэтуль адгукаецца вітаннямі.

З.: Мы доўга не ездзілі на іншыя кантыненты, акрамя Еўропы. Аднак нямала слухачоў з розных краін цікавіліся, калі мы да іх прыедзем, і з Амерыкі таксама. Ну мы і сказалі: падтрымайце наш альбом, тады прыедзем — і яны падтрымалі! І не толькі ЗША, але і Аўстралія, і чамусьці вельмі актыўна Бразілія...

...па выніках амерыканскіх вандровак Зміцер піша кнігу?

З.: Няпраўда. У Амерыцы вольны час я выкарыстоўваў для таго, каб напісаць гістарычны раман пра князя Вітаўта, а з самой вандроўкі мы вялі дзённік — прынамсі з першага туру, калі ўсё было нязвыклым і цікавым.

А поні слухае ды танчыць

— Калі згадаць самы памятны кліп, то...

З.: Кожны нечым памятны. Напрыклад, для «Літвіна» вядомы дзеяч рыцарскага руху Фёдар Міхееў сабраў 92 чалавекі. А «Князя Вітаўта» мы здымалі ў Польшчы — каля вогнішча, з коньмі, у цалкам сюррэалістычнай атмасферы. І, канешне, першы кліп запомніўся — «У карчме» (смяецца). Там усё было цудоўна — і пажар, і падсмажаны да чарнаты кабанчык, і зламаная электрастанцыя, і стэарын, які выбухнуў у самы нечаканы момант, і адсырэлы порах, і пабіты посуд, і мая паламаная ключыца — і ўсё гэта за адну ноч.

М.: У нас даўно не выходзіла новых кліпаў, але... Рыхтуем сюрпрыз — у наступным годзе будзем здымаць, тым больш, песня добрая ёсць. Не хочацца паўтарацца ў тэмах і стылістыцы, таму плануем штосьці зусім новае для сябе.

З.: Рэч у тым, што ў нас вельмі многа канцэртных відэа, якія прадстаўляюць творчасць гурта, таму пастановачных кліпаў сапраўды доўга не здымалі, гадоў мо, восем ці дзесяць. А цяпер вырашылі сітуацыю выпраўляць, і да канца 2020 года абяцаем новы, незвычайны ролік — сцэнарый наш, нафантазіравалі яго па дарозе з гастроляў, а здымаць будзе рэжысёр з Нью-Ёрка.

— Ведаю пра выпадак, які варта было б прыдумаць, калі б яго не было — у Сургуце расійскі федэральны чыноўнік прыйшоў на канцэрт і расказаў, што ён зямляк Змітра...

З.: Нават не зямляк — сваяк! Прычым гэта быў чыноўнік даволі высокага рангу, адзін з арганізатараў канцэрта. Цэлую ноч потым з ім згадвалі агульных родзічаў... Але ў Сургуце была весялейшая гісторыя, як да трапа самалёта, на якім мы ляцелі, пад'ехаў картэж машын. Гэта наогул забаронена, акрамя ўрадавых дэлегацый. Мы думалі: вось, нейкае начальства з намі ляціць, альбо гэта гурт «Мумій Троль» так сустракаюць. Але іхні гітарыст праходзіў міма, таксама здзівіўся, якую гэта «шышку» сустракаюць. Выходзім на трап — а там нашы, беларусы, крычаць: «Стары Ольса!»

М.: У нас зусім розная публіка, як па ўзросце, так і па статусе. У Гомелі на канцэрт да нас прыйшоў прафесар, які выкладаў у Змітра ва ўніверсітэце філасофію, і прывёў з сабой яшчэ некалькіх выкладчыкаў. Тады нарадзіўся жарт: «Раней я слухаў іхнія лекцыі, а цяпер яны — маю».

З.: Сапраўды, вельмі прыемная была сустрэча. Ён сказаў, што гэта вельмі цікавае спалучэнне: пачуць аповед пра пэўныя гістарычныя падзеі, і тут жа музычнае суправаджэнне таго часу. Ці запрасіў пачытаць лекцыі? Ужо гады тры як запрашаюць, але ўсё неяк не атрымліваецца.

— У вашай скарбонцы дзве «Рок-кароны», прэмія Experty.by, нават Нацыянальная музычная прэмія, пакуль яна яшчэ існавала. Якая ўзнагарода самая дарагая?

М.: Стаяць статуэткі і стаяць. Усе гэтыя конкурсы, лічу, усё ж суб'ектыўная думка канкрэтных людзей, якія склалі плэй-лісты, сфарміравалі журы і выбралі найлепшых па нейкіх крытэрыях... Для мяне большая каштоўнасць — бачыць людзей на канцэртах, лавіць іхнюю шчырую рэакцыю, чытаць каментарыі, гугліць водгукі пасля канцэртаў. Калі да цябе выходзіць чалавек са слязьмі на вачах, цалуе і абдымае, гэта дарагога варта.

...А аднойчы на канцэрце ў Лошыцкім парку, згадваюць музыкі, прыйшоў чалавек і сказаў без пафасу: «Я наркаман са стажам, і ваша музыка выратавала мне жыццё — дзякуй вам!»

М.: Чаго толькі не было! З жывёламі часта прыходзілі. Вось, мабыць, самы незвычайны наш слухач — у апошнім туры па ЗША выступалі мы ў Індыяне на фэсце, і там была гаспадыня з гожым поні. Яму так спадабалася наша музыка, што кожнае выступленне (а мы гралі пяць разоў на дзень) у вальеры прытупваў і ішоў як мага бліжэй у бок сцэны. А калі мы ўжо вярнуліся дадому, жанчына напісала, што хоча набыць некалькі дыскаў, бо поні без нашай музыкі сумуе.

З.: Можа, ён у мінулым жыцці быў музыкам і граў на дудзе? Альбо рыцарскім канём, і гэта генная памяць узыграла...

— Працягваючы тэму незвычайнага — якія самыя дзіўныя падарункі рабілі прыхільнікі?

З.: Напрыклад, у штаце Арэгон нам падарылі адпачынак у доме над абрывам, проста над Ціхім акіянам — гэта лічыцца?

М.: Наогул часта робяць прыемныя падарункі — мне, напрыклад, дораць завушніцы, ці ведаючы гэтую маю слабасць, ці проста ўгадваюць. Ёсць пара з Наваполацка, якая ездзіць на кожны наш канцэрт па ўсіх рэгіёнах, а на знакавыя даты рыхтуе нейкі пачастунак — зараз на 20-годдзе гэта быў вялікі юбілейны торт. Яны маюць спецыяльны альбом, дзе пасля кожнага выступлення з'яўляюцца новыя здымкі з пазнакамі, дзе і калі тое было. Яшчэ часам прыносяць музычныя інструменты — летась на адным з фэстаў падарылі турэцкую флейту, а сёлета адзін з фанатаў у Амерыцы прэзентаваў нацыянальную, індзейскую флейту.

— Наогул, у вас вялізная калекцыя інструментаў — які з іх самы рэдкі?

З.: У сэнсе старасці ці распаўсюджанасці? Калі другое, то рэбек, мабыць, яшчэ ліра, гуслі. Дуда ўжо зараз, дзякаваць Богу, не рэдкасць.

— Амаль на кожных гастролях у вас адбываюцца прыгоды...

З.: Адметным у гэтым сэнсе быў фестываль на Азорскіх астравах, куды дабіраліся некалькі дзён, трое сутак правялі толькі ў Амстэрдаме.

М.: Мы тады рабілі шмат перасадак, у Амстэрдам спазніліся на самалёт і не ведалі, што рабіць. Я пішу арганізатару: не можам вылецець, якім чынам можна дабрацца — хіба караблём? Ён пасмяяўся, што, у прынцыпе, можна, але гэта будзе вельмі доўга.

З.: Разглядалі варыянт вяртання ў Беларусь, бо квіткі трэба было набываць за свае грошы, у арганізатараў фэсту не было на гэта бюджэту. Але вырашылі, што вельмі важна не падвесці людзей, якія нас чакаюць — і хоць гэта быў ліпень, курортны сезон, білетаў амаль не дастаць, аднак «злавілі» іх, паляцелі праз партугальскі Порта і хоць патрацілі трое сутак на чаканне, нават дабраліся ў час. Пасля гэтых прыгодаў тур па Амерыцы ўжо не здаваўся чымсьці экстрэмальным.

— Адна з самых цікавых вашых работ — аўдыяспектакль «Ладдзя роспачы» паводле Уладзіміра Караткевіча. Ці няма ідэі «начытаць» яшчэ кагосьці з класікаў?

З.: У беларускай літаратуры існуе самы вялікі ў свеце варыянт легенды пра Трыстана і Ізольду XV стагоддзя. І наступны наш тэатральны эксперымент палягае ў тым, што плануем адрадзіць батлеечную пастаноўку легенды. Музыкі «Старога Ольсы» будуць граць і, магчыма, выступяць у якасці акцёраў, самі ж мы будзем кіраваць лялькамі і падзеямі на сцэне — я лічу, гэта ўнікальнае спалучэнне музыкі, старадаўняй тэатральнай традыцыі і нетрадыцыйнага для батлейкі свецкага, тым больш лірычнага, твора. Хочам за зіму падрыхтаваць спектакль і на вясновыя дзіцячыя канікулы паказаць яго ў Мінску як мага больш шырокай публіцы — дзецям і дарослым.

М.: Цікава тое, што падзеі ХІІ стагоддзя, запісаныя ў ХV, шафа і стыль лялек XVІІ стагоддзя, а выконваць будуць акцёры стагоддзя ХХІ-га — такое атрымліваецца наслаенне стагоддзяў, якое, спадзяюся, будзе цікавае і для гледачоў.

Дома бываць часцей

— Паколькі справа ідзе да Новага года, прапаную агучыць некалькі мараў і планаў — мо, спраўдзяцца?

З.: Мы за апошнія тры-чатыры гады, знаходзячыся ў Амерыцы, заўважылі, што пачалі губляць сувязі з Еўропай. І таму наступны год будзе рэстаўрацыяй нашых канцэртных тураў па еўрапейскіх краінах — Польшчы, Чэхіі, Германіі, Італіі і гэтак далей, ну і, канешне, у Беларусі мы будзем значна часцей.

М.: Мне хочацца выступіць там, дзе мы яшчэ не былі, у новых гарадах і краінах.

— Можа, і ў бок Азіі пазіраеце?

З.: Гэта цікава, ёсць адтуль прапановы, і літаральна днямі адгукнуўся зноў арганізатар канцэртаў у Кітаі. Але перамовы ідуць ужо гадоў дзесяць, і мы не можам прыйсці да агульнай думкі, бо яны прапаноўваюць невыканальныя кантракты ў сэнсе часу — для іх мінімальны час, каб акупіць аргвыдаткі і зарабіць нешта, складае паўгода, а насамрэч, мы атрымліваем прапановы ад двух да пяці гадоў. А як перайначыць усё сваё жыццё, каб там жыць і працаваць, а дадому толькі лятаць час ад часу? Мы не згодныя, тым больш, апошнія тры гады амерыканскіх гастроляў вельмі цяжка даліся, мы шмат не жылі дома і хацелася б нарэшце пабыць з роднымі. Таму кітайскія кантракты на гэты момант адмаўляем.

М.: Мяркую, калі б гэта было напачатку дзейнасці гурта, то паехалі б яшчэ як. А цяпер, калі ўсе абраслі дзецьмі, дамамі, работамі, корчмамі — як гэта ўсё ламаць? Тут і два месяцы гастроляў цяжкія, а пра два гады і размовы няма.

З.: Былі перамовы з Арменіяй і Казахстанам. Не ведаю, што іх цікавіць у нашай музыцы, і пакуль канкрэтыкі тут няма. Таму ў планах перадусім вяртанне дамоў і ў Еўропу.

...«Ствараць музыку не так ужо складана; закрэсліваць лішнія ноты — вось што цяжэй за ўсё», — сказаў некалі знакаміты кампазітар Іаганес Брамс. Мы са «Старым Ольсам» таксама паспрабавалі абысціся без філасофскіх разваг, каб пакінуць, што называецца, самы сок. Наколькі ўдалося — меркаваць вам.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота аўтара і з архіва гурта

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гараджан, якія з выхадам на пенсію вяртаюцца ў бацькоўскія дамы, становіцца ўсё больш

Гараджан, якія з выхадам на пенсію вяртаюцца ў бацькоўскія дамы, становіцца ўсё больш

Цяпер ледзь не ў кожнай вёсцы можна сустрэць былых гараджан.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра стасункі, армію і падарункі.