Візітная картка Мінска — Камароўскі рынак — сустракае нязвыклай адсутнасцю пакупнікоў, ды і прадаўцоў не надта шмат: то тут, то там — пустыя прылаўкі. Зрэшты, асартымент па-ранейшаму шырокі і разнастайны, а прадаўцы добразычлівыя, гатовыя пагутарыць з пакупнікамі на любыя тэмы і дараваць вам 20 капеек, калі на пакупку іх не хапае. Бо на Камароўку людзі ходзяць у тым ліку па душэўнасць.
Тут ты купляеш не курыныя ножкі ў пластыкавай упакоўцы — проста ежу: прыгатаваў, з'еў і забыў. Тут ты прыдзірліва выбіраеш канкрэтную Курыцу Іванаўну, пра якую табе ахвотна раскажуць, адкуль яна прыехала ў Мінск і што з яе лепш гатаваць.
Пад дахам: мяса і каўбасы
— Як з пакупнікамі?
— Глядзіце самі, — абарочваецца ў бок крытага гандлёвага павільёна прыгожая дзяўчына за прылаўкам з каўбасамі і салам.
— Можа, проста справа ў тым, што будні дзень, ды яшчэ раніца?
— Ды не, цяпер пакупнікоў
наогул мала прыходзіць, нават у выхадныя. У людзей проста стала менш грошай. Мы дарагую каўбасу ўжо не заказваем, таму што яе не прадаць.
Па словах суразмоўніцы, апошнім часам цэны на сыравяленыя і сыравэнджаныя каўбасныя вырабы, паляндвіцу, сала трохі падняліся — у сярэднім на два рублі на кожнае найменне.
— Гэта не наша віна. Мы бяром прадукцыю на прадпрыемствах, а яны паднялі цану.
У сярэднім на Камароўцы кошт мясных прысмакаў такі: паляндвіца — 29,90 рубля за кілаграм, сыравяленыя грудкі індычак — 31,99, карэйка — 15,99, рулет са свіных вушэй — 14,99, сала — не з камбіната, а з фермерскай гаспадаркі, «далікатнае, рэжацца як масла» — 12,99 рубля за кілаграм.
Перамяшчаюся ў аддзел сырога мяса. Тут кошты больш дэмакратычныя. Каля прылаўка збоку цэннік.
— Можна, я сфатаграфую цэны?
— Не трэба. Гэта няправільныя лічбы.
— Навошта яны тады?
— Няхай будуць, — усміхаецца прадавец. — А мы танней аддаём. Абы купілі.
Высветлілася, што цэны на мяса цяпер такія: грудзінка на засолку — 7,50—8 рублёў, карэйка — 8 рублёў, шыя — 11,90, лапатка — 5,99. Гэта свініна. Ялавічына, па традыцыі, даражэйшая. Напрыклад, фарш «Элітны» — аж па 12,90 за кілаграм. Затое, растлумачылі мне, дадаваць у гэты фарш свініну не трэба — катлеты з яго атрымліваюцца дыетычныя і не цвёрдыя, проста растаюць у роце.
— Так, пакупнікоў мала. Канец лета, ды яшчэ і канец месяца, — вось у людзей грошай і няма: дзяцей у школу сабралі плюс квартплату заплацілі. У апошнія тыдні жніўня кожны год пакупнікоў мала, — кажа прадавец.
На ганаровым месцы на прылаўку ляжыць мяса на шашлык.
— На шашлыкі часта мяса купляюць?
— Зразумела. Лета яшчэ не скончылася, ды яшчэ будзе бабіна лета. Я скажу вам так: мяса будуць купляць заўсёды, пры любых сацыяльных узрушэннях людзям трэба есці. Нават на мітынг галодным ніхто не пойдзе. А я наогул ні за кога. Я за мір і спакой.
Суразмоўніца наракае, што сёння людзі развучыліся працаваць.
— Бачыце, колькі пустых прылаўкаў! Людзі, асабліва моладзь, не хочуць ісці сюды. Тут цяжкая праца. Але можна і зарабіць. А цяпер усе хочуць атрымліваць грошы «на дурніцу». Прасцей знайсці чалавека на вакансію дырэктара, чым на вакансію прадаўца.
Няма пакупнікоў і каля прылаўка з яйкамі. Дзяўчына за ім ахвотна падтрымлівае гутарку і апавядае мне пра перавагі яе тавару перад крамнымі яйкамі. Цана на іх на рынку ў залежнасці ад катэгорыі — 1,80—2,10.
Самі куры з птушкафабрык у сярэднім па рынку каштуюць столькі: кураняты — 3,30 за кілаграм, сцёгны — 4—4,99, грудкі — 4,50—5 рублёў, філе —
6,59 рубля. На адной з вітрын знайшліся такія, здавалася б, забытыя прадукты, як курыныя галовы
(з дзюбамі, вачыма і грабеньчыкамі) і лапы (з кіпцюрамі).
— Чаму забытыя? — здзіўляецца прадаўшчыца. — У нас яны заўсёды ў асартыменце. Іх кітайцы вельмі добра купляюць. Ну і нашы людзі — суставы лячыць.
— У сэнсе?
— Ну, у курыных лапах і галовах утрымоўваюцца рэчывы, якія суставам дапамагаюць. Ад артрытаў, артрозаў.
Індычка традыцыйна даражэйшая за кураціну. Грудкі індыкоў — у сярэднім 4,70 за кілаграм, філе — 18 рублёў, столькі ж каштуе індычына на шашлык.
За прылаўкам з перапёлкамі, іншай хатняй птушкай і трусамі не перажываюць з нагоды таго, што на рынку немнагалюдна. Пакупнікоў тут заўсёды не надта шмат, і, як правіла, яны пастаянныя. Птушка і трусы на продаж скупляюцца на прыватных падворках.
— Хто аднойчы пакаштаваў сапраўдную курыцу замест бройлера, той будзе нашым пастаянным пакупніком, — кажа жанчына за прылаўкам. — Яшчэ досыць часта бяруць трусоў.
А вось гусі больш ідуць да святочнага стала.
Цана на курыцу з прыватнага падворка — 12 рублёў за кілаграм. Перапёлак прадаюць аж па 35 за кілаграм. Але і на іх, як сцвярджаюць прадаўцы, знаходзіцца свой пакупнік.
На свежым паветры: агародніна, садавіна, грыбы
Перамяшчаемся на адкрыты рынак. Сёння дождж, так што наведвальнікаў мала і тут. Але ўсе прылаўкі занятыя.
Цэны на ўкраінскія памідоры вар'іруюцца: 1,99 на буйныя чырвоныя, 3,50 за кілаграм жоўтых, чорныя — за 2,99. Буйныя беларускія памідоры прадаюць па
3 рублі за кілаграм. Зялёныя на засолку аддадуць за 1,15, перац — ад 4 да 4 ,50. І агуркі,
і баклажаны, і цыбуля, і морква каштуюць каля 2 рублёў за кілаграм. Зрэшты, у прыватніка на сезонным рынку знайшла агуркі па 5 рублёў.
— Што за агуркі такія? — абураецца дзядуля, які праходзіць міма.
— Гэта сорт «Раднічок», яны на засолку ідэальныя — у слоіку не разлезуцца. А па 2 рублі будуць мяккія, не будуць хрумсцець, — адказвае жанчына сярэдніх гадоў, прадавец. — І ў свежым выглядзе вельмі смачныя.
Яблыкі на Камароўцы ў сярэднім у залежнасці ад сорту можна купіць па цане ад паўтара рублі да двух. Можна і танней, калі вы дзяўчына, а за прылаўкам — мужчына:
— Прадаваў за паўтара, але вам аддам за рубель.
Казахскія кавуны — 2 рублі за кілаграм (можна папрасіць знайсці менш, але ў асноўным усе як на падбор, на 4–5 кілаграмаў), дыня «Тарпеда» — 3 рублі за кілаграм. Вінаград — 3,50.
На сезонным рынку (зялёныя навесы злева ад асноўных гандлёвых радоў) цяпер актыўна прадаюць ягаду.
— Гэта не чарніцы, гэта садовыя буякі, — папраўляе мяне прадаўшчыца. — Ці, як кажуць у нас у вёсцы, дурніцы. 25 рублёў вядзерца.
Пытаюся, адкуль прыехалі ў Мінск буякі. Аказалася, з Баранавіцкага раёна. Адтуль жа і брусніцы — 5 рублёў за літр. Пластыкавы кубачак малін і ажын каштуе аднолькава — 3 рублі.
Садаводы-агароднікі сёння актыўна асвойваюць і незвычайныя культуры. Так што на Камароўцы мне ўдалося знайсці нават такі цуд, як тыбецкія маліны. Экзотыка будзе даражэйшая за звыклыя маліны — 5 рублёў за літр. Вырашчана яна пад Слуцкам.
На сезонным рынку прадаўцы таксама кажуць пра тое, што пакупнікоў апошнім часам мала. А найбольшым попытам карыстаюцца лясныя грыбы.
— Тры вядзерцы чырвонагаловікаў з раніцы ўжо прадала, — кажа ўсмешлівая дзяўчына за прылаўкам. — Апошняе засталося. Па 15 рублёў аддаю, а так прадавала па 20. Але думаю: чаго яму тут, беднаму, аднаму стаяць, хай ужо хутчэй купяць.
Увогуле Камароўка па-ранейшаму — месца душэўных пакупак. Праўда, многія мінчане аддаюць перавагу рынку «Лябяжы» — кажуць, там танней, асабліва, калі купляць сезонныя агародніну і садавіну ў аптавікоў. Але тут варта ўлічыць, што да кошту прадуктаў давядзецца дадаць выдаткі на дарогу — «Лябяжы» знаходзіцца за горадам, а да Камароўкі, як ні круці, дабірацца зручней. Справа густу, як гаворыцца. Дарэчы, у маі славутай у Беларусі і за яе межамі «Камароўцы» споўнілася 40 гадоў.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Фота аўтара
У лясніцтвах ужо тыдзень кіпіць работа.
«Адно немагчыма без другога».
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.