Вы тут

Разабраліся, чаму гараць лазні і як гэтага пазбегнуць


Жаданне многіх людзей — магчымасць мець уласную лазню. Але мала толькі займець прысядзібны ўчастак і грошы на яе пабудову. Паколькі ў лазні абавязкова ёсць печка або кацёл, то падчас іх няправільнай эксплуатацыі можна застацца і без каштоўнага будынка.


Зусім нядаўні выпадак адбыўся на тэрыторыі Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі ў аграгарадку Ратамка Мінскага раёна. Гарэла парыльнае памяшканне лазні. Пацярпелых няма, хіба толькі папсавалася аздабленне.

Але не заўжды гэтыя выпадкі заканчваюцца добра. У ліпені мінулага года загарэлася лазня ў вёсцы Гаішча Валожынскага раёна. Там спаў 62-гадовы гаспадар дома. З атручэннем прадуктамі гарэння яго даставілі ў мясцовую бальніцу. А вось урон пажар нанёс істотны — знішчаны дах, пашкоджаны сцены. Ды і плошча, на якой пагуляў агонь, немалая — 30 квадратных метраў.

Аналагічнае здарэнне адбылося ў красавіку і ў Маладзечанскім раёне.

Дык чаму ж гараць лазні? Пра гэта мы запыталіся ў афіцыйнага прадстаўніка Мінскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Анастасіі Швайбовіч.

— Год ад году колькасць узгаранняў застаецца прыкладна аднолькавай. Калі ў 2019-м на тэрыторыі прысталічнага рэгіёна былі адзначаны 192 пажары ў лазнях, то летась — 185. А за сёлетні студзень такіх выпадкаў адбылося ўжо 19. Пераважная прычына пажараў у лазнях — парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі печаў і цеплагенерыруючых агрэгатаў. Каля траціны ўзгаранняў узнікаюць праз няправільную іх устаноўку і мантаж.

Месцаў, адкуль можа пачацца пажар у лазні (калі не лічыць занесенай крыніцы агню), усяго два — печ і комін.

— У пагоні за прыгажосцю ў якасці коміна гаспадары дамоў нярэдка выкарыстоўваюць сэндвіч-трубы, — кажа Анастасія Швайбовіч. — Але ў большасці сваёй яны вырабляюцца з матэрыялаў неналежнай якасці і няздольныя адпавядаць умовам пажарнай бяспекі. Часам з такой сэндвіч-трубой могуць судакранацца драўляныя канструкцыі самога жылога дома. Канешне, класічная цагляная кладка не такая прыгожая. Але цяпер існуе вялікая колькасць вогнеўстойлівых матэрыялаў, якія могуць выкарыстоўвацца для будаўніцтва дымаадводных каналаў. Не саромейцеся пытаць адпаведныя дакументы, якія пацвярджаюць гэта, у прадаўцоў. Правільна абсталяваны комін мусіць быць толькі вертыкальны, без якіх-небудзь уступаў ці выгінаў, дзе можа ў вялікай колькасці адкладацца сажа. Аднак сачыць за яго станам, не дапускаць забівання каналаў трэба ўвесь час.

А вось з печчу ўсё значна прасцей. Калі яна складзена правільна, то правілы яе эксплуатацыі аналагічныя тым, што і ў хаце.

— Гэта значыць, сачыць за тым, каб вуголле не выпала з топкі на падлогу. І, натуральна, не перапальваць яе, што асабліва актуальна ў халады, — раіць Анастасія Швайбовіч. — Мы не раз сутыкаліся з выпадкамі, калі дровы падпальваліся пры дапамозе лёгкаўзгаральных вадкасцяў. Пажары часам узнікаюць і праз камбінацыю негатыўных фактараў. Скажам, паблізу печкі размяшчаліся гаручыя рэчывы і матэрыялы. Гаспадар прапальвае печ з адчыненымі дзверцамі. А пасля пакідае яе без нагляду ці даручае кантроль дзецям...

У абласным упраўленні па надзвычайных сітуацыях падзяліліся вельмі павучальнай гісторыяй. У адной з вёсак Лагойскага раёна гаспадар дачы пабудаваў новую лазню. Абсталявана яна была на найлепшым узроўні: акрамя парылкі і падсобных памяшканняў быў прадугледжаны і пакой адпачынку. Тройчы лазню ўжо прапальвалі. Рабілі гэта для таго, каб хутчэй выветрыўся пах фарбы. І вось чацвёрты раз было вырашана: час выпрабаваць новабудоўлю, як кажуць, на справе. Праз пару гадзін прапальвання з боку лазні данёсся здрадніцкі пах гару. Літровы вогнетушыцель з аўтамабіля амаль не дапамог — настолькі буйны быў пажар. Жонка гаспадара дачы тут жа выклікала ратавальнікаў. Толькі дзякуючы ім новая лазня не стала цалкам здабычай агню. Але пры гэтым рамонт ёй спатрэбіўся...

Прычынай таго пажару стала якраз сэндвіч-труба. Да таго ж да яе прымыкалі драўляныя канструкцыі даху. Па словах гаспадара лазні, ён спачатку хацеў купіць толькі печ. Але прадавец угаварыў купіць і вось такі дымаход, які ледзь не загубіў пабудову. Ды і каштаваў ён добрых грошай...

— У сучаснай лазні крыніцай цяпла з'яўляецца кацёл. Ці ёсць нейкія асаблівыя патрабаванні да яго?

— Неабходна, каб ён быў толькі заводскага паходжання. Мантаж і эксплуатацыя — толькі ў адпаведнасці з дакументацыяй, якая ідзе разам з ім. Як правіла, яна адпавядае правілам пажарнай бяспекі, — заўважае Анастасія Швайбовіч. — Непасрэдна падчас эксплуатацыі катла трэба сачыць за тым, каб усе сістэмы кантролю былі спраўныя.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота МНС

Загаловак у газеце: З вогненнай парай

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

З беларуска-літоўскай граніцы працягваюць паступаць весткі, ад якіх проста кроў стыне ў жылах. 

Грамадства

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Вызначыцца з выбарам прафесіі і месцам навучання можна да 7 жніўня ўключна.

Спорт

«Максім сказаў і зрабіў». Бацькі і трэнеры пра алімпійскі поспех Максіма Недасекава

«Максім сказаў і зрабіў». Бацькі і трэнеры пра алімпійскі поспех Максіма Недасекава

У сераду ў Мінск вярнуўся бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у скачках у вышыню Максім Недасекаў.

Грамадства

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

А яшчэ нармальны рабочы дзень, адпачынак і права на «бальнічны»...