Вы тут

Гарманіст прышвартаваўся пад Валожынам...


Самадзейны гарманіст з вёскі Гародзькі Валожынскага раёна Мікалай Скапец — былы марак-падводнік (ён заўсёды носіць цяльняшку, а на агароджы яго падворка намаляваны якар), аграном і брыгадзір у мірным жыцці, а таксама выдатны майстар па сталярцы і цяслярстве. У маленстве, амаль у пяць гадоў, «захварэў на музыку». Родны дзед — аматар танцаў і спеваў, убачыўшы, як унук літаральна млее і цягнеццца да інструмента, набыў малому гармонік і стаў яго першым настаўнікам па музыцы.


— Праўда, вучыў ён не на клавішах, а па вуснах, дакладна імітуючы мелодыю. А ў дзеда ўсе мелодыі былі народныя, — кажа Мікалай Іванавіч пра свайго настаўніка. — Дзед хацеў, каб я быў добры музыка. Сапраўды, праз год я ўжо ўмеў іграць і полечкі, і кракавяк, і вальс.

Музычная адукацыя зрабіла Скапца вядомай асобай і ў Гародзьках, і ў вёсках па суседстве: яго запрашалі на «выправы» — провады ў армію, на хрэсьбіны. Ён і цяпер, нягледзячы на пенсійны ўзрост, — «першы хлопец на вёсцы» (так раней казалі пра вясковых гарманістаў). І не таму, што застаўся амаль адзін такі, вясковы музыка, а што спрытна, як і раней, перабірае клавішы, трымае рытм і мелодыю. Мікалай Іванавіч сваімі рукамі і душою захоўвае музычную народную спадчыну, якая, як вядома, з'яўляецца нематэрыяльнай каштоўнасцю. Спадзяюся, наведвальнікі нашага сайта, паглядзеўшы невялікае відэа, адкрыюць у ім яшчэ аднаго самабытнага музыканта і парадуюцца за валожынскую зямлю, якая нараджае такія таленты.

Анатоль КЛЯШЧУК

Фота і відэа аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

У Гомелі, на плошчы Перамогі, — Свята Кнігі!

У Гомелі, на плошчы Перамогі, — Свята Кнігі!

ВД «Звязда» 29 мая прадставіць сваіх аўтараў — членаў Саюза пісьменнікаў і іх новыя кнігі.

Грамадства

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі амаль стагоддзе займаецца папулярызацыяй духоўных і культурных здабыткаў.