Вы тут

Каб была дзецям радасць


Напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей у Мінску адбылася дабрачынная акцыя для выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра Цэнтральнага раёна: дзяцей пакаталі на цеплаходзе па Свіслачы. У краіне распачаліся святочныя мерапрыемствы з нагоды Міжнароднага дня абароны дзяцей.


Фота: БелТА

На базе Рэспубліканскага рэабілітацыйнага цэнтра для дзяцей-інвалідаў дадзены старт рэспубліканскай акцыі «Сонечны круг». Пад акампанемент Прэзідэнцкага аркестра выступілі падапечныя Беларускага дзіцячага фонду, а выхаванцы цэнтра прадставілі фрагмент практыкавання па музычнай нейрагімнастыцы. Гасцей сустракалі танцавальным флэшмобам «Гэта планета дзяцінства», а ўсе наведвальнікі пазнаёміліся з фотавыстаўкай дзіцячых фатаграфій «Свет дзяцінства» і выстаўкай дэкаратыўна-прыкладной творчасці дзяцей.

Установы аховы здароўя Гродна, Гомеля, Магілёўскай вобласці і Мінска атрымаюць медыцынскае абсталяванне. Для дзяцей са шматдзетных сем'яў, выхаванцаў дамоў сямейнага тыпу і дзяцей-інвалідаў будуць арганізаваны экскурсіі па гістарычных мясцінах Беларусі.

А 1 чэрвеня ў 12.00 у дзіцячых стацыянарных установах аховы здароўя Мінска стартуе прыгожы флэшмоб з удзелам тых, хто навучаецца ва ўстановах адукацыі горада, пры падтрымцы Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Дзецям перададуць лісты падтрымкі «Дзеці, мы побач» і салодкія падарункі. Вынікам акцыі стане правядзенне дыялогавай пляцоўкі на базе Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

У першы дзень канікулаў забаўляльную праграму «Топавае лета» падрыхтаваў Мінскі заапарк. Імпрэза пачнецца ў 13.00. Юных і дарослых наведвальнікаў чакаюць папяровае шоу і танцавальны драйв «Мы ў ТОПе», гульнявая праграма «Лета прыгожае і бяспечнае», шоу мыльных бурбалак, інтэрактыўныя пляцоўкі і майстар-класы. І, вядома, зарад бадзёрасці і добрага летняга настрою на свежым паветры падарыць запланаваныя паказальныя кармленні насельнікаў заасада. На кантактнай пляцоўцы «Вясковая сядзіба» можна пагладзіць хатніх авечак і козачак, Адкрыты пастаянныя экспазіцыі, працуюць атракцыёны, кафэ, можна пакатацца на кані або поні.

Непасрэдна ў Міжнародны дзень абароны дзяцей для бацькоў правядуць кансультацыі ў натарыяльнай канторы № 3 Маскоўскага раёна Мінска. Тут усіх ахвотных бясплатна пракансультуюць па здзяйсненні натарыяльных дзеянняў у сферы шлюбна-сямейных адносін і абароны правоў дзяцей. У гэты ж дзень дыстанцыйна сталічныя натарыусы далучацца да акцыі галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама «Дзень бясплатнага кансультавання сем'яў, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей». Адказы на пытанні, звязаныя з правядзеннем натарыяльных дзеянняў, можна атрымаць з 10.00 да 13.00 па тэлефонах: 8044 554-42-70 і 8017 351-04-90.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.