Вы тут

Генадзь Аўласенка: чалавек у лесе — толькі госць


Пісьменнік-фантаст Генадзь Аўласенка мае самае звычайнае хобі: няма для яго больш цікавага занятку ўлетку, як блукаць па лесе і збіраць ягады. Лес — гэта як іншая рэальнасць, іншы свет, дзе ў кожнай казюркі, у кожнай былінкі — сваё жыццё. І між тым усё ў лясным царстве жыве па агульных законах, паміж усімі — свая повязь. Чалавек там — толькі госць. Сёння пісьменнік распавядае пра тое, што можна адчуць пад пошум векавых ялін і соснаў, пад перашэпты разгалістых крон дубоў і асін…


— Генадзь Пятровіч, вы жывяце побач з лесам, таму і хобі ваша звязана з вандроўкамі па лясных гушчарах?

— Так, маё хобі сезоннае. І доўжыцца яно дзесьці з сярэдзіны чэрвеня і амаль да канца кастрычніка. Карацей, ад паспявання ў лесе першых суніц і да самых позніх восеньскіх грыбоў.

Люблю гэтую справу — збіральніцтва. Ці мо ад продкаў на генетычным узроўні гэта перадалося? Бо далёкія продкі нашы збіральніцтвам займаліся ўсур’ёз. Гэтак жа сур’ёзна, як на паляванне хадзілі альбо рыбу лавілі рознымі спосабамі.

— Але хадзіць у ягады — хутчэй жаночы занятак. Мужчыны зазвычай — рыбаловы і паляўнічыя.

— Дарэчы, рыбнай лоўляй я «перахварэў» яшчэ ў дзяцінстве. Ды і як было гэтым не захапіцца, калі радзіма твая — маляўнічая Ушаччына, дзе так шмат азёр, а рэчка Вушачка, якой «далёка да Дняпра», амаль пад самымі вокнамі працякае. Быў нейкі час у маладосці, калі аддаваў перавагу паляванню… але гэта таксама прайшло. З узростам нешта расхацелася звяроў-птушак ды рыбак крыўдзіць, засталіся толькі «грыбы-ягады», па якія і ў тыя далёкія гады рэгулярна ў лес наведваўся, а зараз гэта маім адзіным сапраўдным захапленнем засталося…

З вясны пачынаю чакаць ягадна-грыбнога сезона. Хутчэй бы, хутчэй! А ён, бывае, праз халоднае надвор’е не вельмі спяшаецца да нас завітаць…

Але вось нарэшце першыя суніцы зачырванелі на палянках, а значыцца, сезон стартуе, і верыцца, што будзе ён не менш цікавы і насычаны за мінулагодні.

— Для вясковых жыхароў гэта і неблагі спосаб трохі зарабіць, калі рэгулярна здаваць «улоў» нарыхтоўшчыкам…

— Ніколі гэтым не займаўся. Збіраю толькі для сябе і сваіх блізкіх (дзяцей, унукаў). Так што лясныя паходы для мяне і на самай справе хобі. А яшчэ гэта адпачынак для душы. А можа, і не адпачынак нават, а крыніца энергіі, якую перадаюць нам лясныя дрэвы.

Дарэчы, многія любяць хадзіць у лес кампаніямі, але гэта не для мяне. Я люблю лясное адзіноцтва, каб там толькі мы ўдвух заставаліся: лес і я.

Нават не ўдвух, а ўтрох, бо я ж зусім пра веласіпед забыўся, а гэта цяпер пастаянны падарожнік у маіх лясных вандраваннях. Да лесу ён мяне вязе, а далей ужо я яго па лесе перамяшчаю. Прыхілю да якой-небудзь сасны, а сам вакол «ціхім паляваннем» займаюся, гэта значыць, грыбы альбо ягады вышукваю.

А праз нейкі час мы з веласіпедам далей перамяшчаемся, і зноўку ўсё паўтараецца. Тут галоўнае — занадта далёка ад веласіпеда не адысці, а то здараліся ў мяне выпадкі, калі не адразу мог адшукаць свайго металічнага сябра. І гукаць марна, бо не адзавецца…

— А што збіраць больш любіце: ягады ці грыбы?

— Пытанне складанае, бо падабаецца і тое, і другое. Напрыклад, калі едзеш у лес па чарніцы, то абавязкова нейкую ёмістасць трэба і для грыбоў захапіць, бо хоць з дзясятак лісічак, ды трапіцца. А можа, і баравічкоў парачка.

Вось чамусьці не асабліва люблю толькі маліну збіраць. Па-першае, там грыбоў адназначна не знойдзеш, бо не сосны вакол, якія душу і сэрца супакойваюць, а вельмі шмат злой і кусачай крапівы. Ды і камароў нямала, хоць іх і ў лесе хапае.

Так што, калі накіроўваюся па ягады (чарніцы альбо брусніцы), то заўсёды і на грыбы спадзяюся. А вось калі па грыбы ў лес збіраюся, тут ужо не да ягад. Толькі, можа, каб жменьку-другую сабраць ды ў рот пакласці.

Быў у мяне некалькі гадоў таму цікавы выпадак. У пачатку верасня справа надарылася… Месца я ў той год знайшоў бруснічнае і, галоўнае, амаль нікому невядомае. Сасновыя пасадкі, а дрэвы ледзь вышэйшыя за мяне… Заўсёды месца тое бокам абыходзіў, бо што там знайсці можна?.. А ў той год зазірнуў выпадкова, а там ад брусніц аж чырвона. І ўсе такія буйныя, з бруснічных галінак звісаюць, нібыта вінаград які...

Ну і, вядома ж, пачаў я туды наведвацца. І раз, і другі, і трэці… І штораз з поўным вядзерцам дамоў вяртаўся, а пра грыбы нават думаць забыўся, хоць знаёмыя казалі, што іх у лесе ў той час нямала павысыпала.

І вось на чацвёрты раз з раніцы зноўку вырашыў я рушыць у бруснічнае сваё месца. Некалькі дзён там не з’яўляўся, усё нейкія справы перашкаджалі. Але выбраўся нарэшце…

А там… Колькі жыву, такую колькасць баравікоў ніколі не сустракаў. Проста па бруснічніку сядзяць, дый так, што вочы разбягаюцца. І ўсе такія прыгожыя: капялюшыкі карычневыя, ножкі тоўсценькія. І цэлыя ўсе, бо верасень ужо на дварэ…

Ну, хіба ж мне тады пра ягады думалася?! Добра яшчэ, што на веласіпедзе маім спераду металічны кошык меўся, дык я і яго з верхам баравічкамі напоўніў, ну, і вядро, вядома ж. І дадому хутчэй, каб грыбы выгрузіць, і зноўку сюды, бо іх тут яшчэ так шмат засталося…

І праз дзень зноўку туды! А потым яшчэ і яшчэ… Бо грыбы, у адрозненне ад ягад, на адным і тым жа месцы некалькі разоў за сезон вырасці могуць… Праўда, там ўжо і іншыя грыбнікі з’явіліся, так што давялося з імі мірыцца… А на наступны год і ягад у тым шчаслівым месцы няшмат было, і баравікоў амаль зусім не вырасла…

— Ваша любоў да ляснога самотніцтва спрыяе натхненню на творчасць?

— Напэўна, хоць летам мне традыцыйна мала пішацца (восенню — іншая справа). Але, магчыма, менавіта тая энергія, што я атрымліваю за грыбны і ягадны сезон ад лесу, і ператвараецца потым ва ўласныя мае творы цёмнымі восеньскімі вечарамі.

Гутарыла Яна БУДОВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: Сам-насам з лесам

Выбар рэдакцыі

У свеце

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

У Латвіі ўведзены жорсткі лакдаўн, каб прыпыніць распаўсюджванне COVІD-19.

Эканоміка

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

КДК выявілі 30 злачынстваў па выплаце зарплаты ў канвертах.

Эканоміка

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

 У краіне завяршаецца уборачная кампанія, скончана сяўба азімых культур.