Вы тут

Сістэма «свой—чужы» і штучны інтэлект. Што яшчэ прадугледжвае новая школа ў Стоўбцах


Пры ўваходзе ў Стаўбцоўскую сярэднюю школу № 4 гасцей «сустракае» камень з надпісам, які сведчыць, што тут 17 ліпеня 2020 года закладзена капсула з сімвалічным пасланнем нашчадкам з нагоды пачатку будаўніцтва ўстановы адукацыі. Гэтая школа месціцца ў мікрараёне шматпавярховай жылой забудовы. Тут жыве шмат маладых, вялікіх сем'яў. Раён працягвае актыўна забудоўваецца, прырастае новымі дамамі.


— Першага верасня школа расчыніла дзверы для юных навасёлаў. На сённяшні дзень у нас вучыцца 890 школьнікаў. Гэта дзеці не толькі з новага мікрараёна. У кагосьці бацькі пераехалі з сельскай мясцовасці, іншых куткоў Беларусі і пабудавалі тут жыллё, частка малых перайшла з перанаселенай школы № 3, — расказала дырэктар установы Ірына Клачко.

У школе створаны ўсе ўмовы для гарманічнага духоўнага і фізічнага развіцця дзяцей. Тут ёсць майстэрні па апрацоўцы драўніны і металу, STEM-клас, сталовая на 240 месцаў, буфет, кабінет кулінарыі, басейн на чатыры плавальныя дарожкі, малая і вялікая спартыўныя залы, тры трэнажорныя залы, цір, тэнісная зала, фоталабараторыя, бібліятэка.

— Улічваючы, што гэта новая школа, мы мелі магчымасць абсталяваць у ёй Цэнтр бяспекі з улікам сучасных патрабаванняў, — кажа Ірына Яўгенаўна. — Тут праводзяцца заняткі па атрыманні навыкаў паводзін у розных экстрэмальных сітуацыях: пры пажары, галалёдзіцы, на вадзе, у быце. На манекенах вучні адпрацоўваюць аказанне першай медыцынскай дапамогі. Пачалі работу па стварэнні музея Якуба Коласа. Часткай экспанатаў падзяліліся музеі, якія працуюць на тэрыторыі нашага раёна. На кожным паверсе ёсць прасторныя холы. Кожны з іх будзе аформлены тэматычна. Напрыклад, адзін прысвечаны шахматам, дзе размешчаны адпаведныя фігуры ў рост чалавека. Мы пачалі весці летапіс «Школа ў аб'ектыве». Ужо напісаны першыя дзве старонкі — закладка капсулы і непасрэдна будаўніцтва. Такім чынам працягнем адзначаць усе значныя падзеі, што адбываюцца ва ўстанове адукацыі. У лагатыпе школы выкарыстаны валошкі, а наш дэвіз — «Адзінства ўсіх і ўнікальнасць кожнага».

Тэрыторыя вакол школы добраўпарадкавана, усё тут прадумана да дробязяў. Дзеці з задавальненнем бавяць час у спартыўным гарадку, дзе ёсць футбольнае поле са штучным пакрыццём, бегавыя дарожкі, гульнявая, валейбольная, баскетбольная пляцоўкі, пляцоўкі для заняткаў варкаўтам, для вывучэння правіл дарожнага руху. У школе прадугледжана безбар'ернае асяроддзе для навучання дзяцей з псіхафізічнымі асаблівасцямі развіцця: пандус, ліфт, мабільныя лесвічныя пад'ёмнікі, санвузлы, душавыя, абсталяваны спецыяльныя месцы ў вучэбных класах.

Чатырохпавярховы будынак аснашчаны сучаснай сістэмай бяспекі. Ахову нясе Дэпартамент пазаведамаснай аховы МУС, устаноўлены камеры відэаназірання. Нейрасетка вывучае відэазапісы, што дазваляе распазнаць небяспечныя сітуацыі, і сігналізуе аб іх ахоўніку. Сістэма «свой—чужы» будзе распазнаваць у школе старонніх людзей. Ноччу за парадкам і бяспекай будзе сачыць вартаўнік.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.