Вы тут

Шматдзетная маці з Полацка расследуе складаныя крымінальныя справы


Наталля Івашчанка, якая служыць у Полацкім міжраённым аддзеле Следчага камітэта, выхоўвае траіх дзяцей. Карэспандэнт «Звязды» сустрэўся з ёй акурат напярэдадні Дня маці.


Родам з Полаччыны

Надзвычай прыемны голас, цудоўнае пачуццё гумару, шчырае жаданне паказаць горад — гераіня выклікала сімпатыю яшчэ тады, калі дамаўляліся наконт інтэрв'ю па тэлефоне.

Калі ж сустрэліся, на пачатку размовы Наталля Міхайлаўна пажартавала, што звычайна пытанні задае яна. Цяпер жа на іх давялося адказваць самой.

Пакуль гутарылі з гэтай абаяльнай жанчынай, вельмі вясёлай, з дабрынёй у вачах, думаў, што калі б не ведаў, то наўрад ці і адгадаў, кім яна працуе. Акрамя ўсяго, яна мама траіх хлопчыкаў: Андрэя, Гардзея і Фадзея. Старэйшаму сыну дзевяць гадоў, яго братам — па шэсць і чатыры.

Наталля вельмі цёпла распавяла пра сваю малую радзіму — пасёлак Фарынава Полацкага раёна. Мама яе працавала рабочай, бацька быў кіраўніком на розных пасадах. Да пераезду на Полаччыну кіраваў музычнай школай у Разані. У Беларусі ўзначальваў дрэваапрацоўчы комплекс, працаваў у калгасе, у аддзеле забеспячэння. Пра такіх кажуць — музыка ад Бога. Мясцовы гарманіст быў жаданым на святах землякоў. Дзякуючы яму і Наталля грае на гармоніку.

З вялікай пяшчотай жанчына распавяла пра сваіх дзядулю і бабулю. Любоў да жыцця, павага да людзей, адсутнасць злосці — гэта пра іх. Наталлю і яе малодшага на два гады брата Івана старыя навучылі шмат чаму добраму.

У юрысты па волі лёсу

Наталля Івашчанка здзівіла прызнаннем: у міліцэйскую ВНУ трапіла выпадкова. Сяброўка прапанавала паступіць за кампанію. Ды Наталлі пашанцавала, а ёй — не.

У выніку паспяхова скончыла Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў у Мінску, дзе вучылася на следчым-экспертным факультэце. Па размеркаванні накіравалі яе на Полаччыну. У Следчы камітэт трапіла адразу ж, калі яго стварылі. Дагэтуль міліцыі аддала каля дзесяці гадоў.

У следчай практыцы Наталлі былі перапынкі. Прычыны надзвычай сур'ёзныя: тройчы афіцэр юстыцыі знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку. Муж гераіні публікацыі — таксама афіцэр. Ён — старшы оперупаўнаважаны ў міліцыі, займаецца вышукам злачынцаў.

Першая крымінальная справа, якую Наталлі давялося расследаваць, — хуліганства з удзелам пяці непаўналетніх. Гэта былі жыхары раёна ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў.

— Нешта не падзялілі на дыскатэцы, — згадвае дэталі следчая. — Складанасць заключалася ў тым, што без бацькоў іх нельга было дапытаць, як і без педагога: падчас допыту абавязкова павінен прысутнічаць абаронца. Статус падазраванага ва ўчыненні злачынства непаўналетняга з'яўляецца для следчага важнай асаблівасцю, якая значна ўдакладняе следчыя дзеянні.

Расследавала Наталля Івашчанка і рэзананснае злачынства: мужчына гвалтаваў бабуль у іх жа жыллі, затым краў грошы. «Вельмі эмацыянальна цяжка было гутарыць з пажылымі людзьмі, — удакладняе афіцэр юстыцыі. — Увогуле, усе справы розныя. У кожнага — свой лёс: як у пацярпелых, так і ў злачынцаў. Тое, што паказваюць у сучасных серыялах пра следчых, не зусім адпавядае рэчаіснасці. Савецкія фільмы пра нашу дзейнасць больш праўдзівыя».

У барацьбе з нябачнымі зладзеямі

Следчая ўжо мае вопыт і каманднага раскрыцця злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій. «Выбіраць не прыходзіцца: што даручаюць нам, тым і займаюся, — кажа Наталля. — У асноўным жа мая спецыялізацыя — цялесныя пашкоджанні, злачынствы супраць асобы».

Няўзброеным вокам відаць, што суразмоўца вельмі любіць сваю работу. Па яе словах, у прафесіі ёй дапамагае жаночая мудрасць ды тое, што яна — вопытная маці: жыццё навучыла адчуваць, калі нешта ўтойваюць, хлусяць. Шчыра прызнаецца, што часам няпроста расследаваць злачынствы, здзейсненыя жанчынамі, у якіх ёсць малыя дзеці. Часта шкадуе малых, якія вымушаны надоўга заставацца без маці.

Ці хацела б яна, каб яе нашчадкі таксама сталі праваахоўнікамі? Пра гэта пакуль не задумвалася.

— Галоўнае, каб яны знайшлі для сабе тыя прафесіі, дзе маглі б рэалізаваць свае здольнасці. Але самае важнае для чалавека — мець такія якасці, як дабрыня, павага да старых, разуменне таго, што трэба заступацца за малых, дапамагаць хворым, трэба быць патрыётам. Вучым іх з мужам не ленавацца і працаваць рукамі, напрыклад, на нашай дачы, — разважае шматдзетная маці.

Не сумняваюся, што яе дзеці, калі вырастуць, будуць менавіта такімі, як яна і яе муж, і сваякі змогуць ганарыцца імі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фо­та з ар­хі­ва УСК па Ві­цеб­скай воб­лас­ці

Загаловак у газеце: З разлікам на мудрасць і вопыт

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.