Вы тут

Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» назваў пераможцаў


У Клімавічах назвалі імёны пераможцаў міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці «Залатая пчолка». Шчаслівыя твары, віншаванні, эмоцыі праз край, дзесьці нават слёзы — гледачы гала-канцэрта ў Клімавічах сталі першымі, хто даведаўся імёны пераможцаў юбілейнага фестывалю. Імі сталі салістка ўзорнага вакальнага ансамбля «Песенка» Дварца дзяцей і моладзі «Золак» з Мінска Караліна Васільева (вакальнае мастацтва), узорны харэаграфічны ансамблю «Усмешка» культурна-спартыўнага цэнтра Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі (харэаграфічнае мастацтва), навучэнка Магілёўскай дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў Паліна Зубарава (выяўленчае мастацтва) .


Але свята працягваецца. Заўтрашні дзень таксама пройдзе ў Клімавічах пад знакам «Залатая пчолка». Мы ж нагадаем пра фестывальныя падзеі першых двух дзён.

Яны, як заўсёды, былі цалкам запоўнены прыемнымі падзеямі. 

Наколькі моцна чакалі фестываль і дзеці, і дарослыя было бачна па таму, з якім задавальненнем яны фатаграфаваліся на фоне сімвалаў мерапрыемства, з якім імпэтам ўдзельнічалі ў розных конкурсах і гульнях.

Нават дождж, які абрынуўся на Клімавічы ўчора позна вечарам падчас афіцыйнага адкрыцця, не змог перашкодзіць любімаму святу. Усе фестывальныя дні з раніцы да вечара на алеях гарадскога парка працуюць гандлёвыя палаткі, творчыя работнікі ад клубнай сістэмы ладзяць народныя забавы, каледжы і прафтэхвучылішчы рэкламуюць прафесіі на любы густ, запрашаюць на майстар-класы рамеснікі. 

Праслухоўванне ўдзельнікаў і прагляд іх нумароў ішлі адначасова ў Ціманаўскім сельскім і раённым Клімавіцкім Дамах культуры. У апошнім ацэньвалі будучых спевакоў і артыстаў танца ў трох узроставых групах.

Самым малодшым удзельнікам фестывалю ўсяго 9 гадоў, самым дарослым —18.

На юбілейны, дваццаты, фестываль прыехалі ўдзельнікі з усёй Беларусі, а таксама Расіі, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Узбекістана. І ўсе выключна таленавітыя.

Пасядзела хвілін 15 на праслухоўванні, а было ўражанне, што пабывала на выступленні ўжо дастаткова вопытных артыстаў.

Заслужаны дзеяч мастацтваў, старшыня журы Алег Елісеенкаў быў са мной цалкам салідарны. 

— Часам мне падавалася, што я на канцэрце, — прызнаўся вядомы мэтр. 

— Дваццаты юбілейны дзіцяча-юнацкі фестываль «Залатая пчолка» ў Клімавічах, мне здаецца, гэта сапраўдная падзея ў культурным жыцці ўсей нашай краіны, — падкрэсліў ён. — Вельмі моцны конкурс. І арганізацыйна, і ў творчых адносінах. Сюды прыязджаюць прадстаўнічыя дэлегацыі з-за мяжы. Гэта сведчыць пра тое, што конкурсу давяраюць не толькі дзеці і іх бацькі, але і кіраўнікі калектываў. Заўсёды чакаеш на такіх конкурсах аднаго — таленту! Каб быў нумар, удзельнік, які цябе б здзівіў. І ў першы дзень ужо было некалькі такіх.

У складзе камісіі вядомыя асобы — заслужаныя дзеячы культуры Беларусі, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У. Мулявіна Святлана Стацэнка і кіраўнік ансамбля «Неруш» Валянціна Гладкая, лаўрэат міжнародных конкурсаў з Санкт-Пецярбурга Наталля Юрэвіч. Юных мастакоў ацэньваў старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык. 

А колькі хваляванняў перажылі юныя артысты ў чаканні сваёй «хвіліны славы».

Ірына Нікалаева прыехала на фестываль разам з дачкой Валерыяй. 

— Кожны год рыхтуецца, і кожны год хвалюецца, — перажывала яна за дачку. — Раней выступалі ў калектыве, а зараз спрабуем спяваць сольна.

Шмат хто з канкурсантаў удзельнікі прэстыжных беларускіх і нават міжнародных фестываляў. Як Аляксандра, салістка прадзюсарскага цэнтру «Ступені» пры Магілёўскай абласной філармоніі, лаўрэат першай і другой ступеней шэрагу конкурсаў за апошні год. Яна ўдзельнічала ў паўфінале дзіцячай «Новай хвалі», Маладыя таленты Беларусі.

— З Аляксандрай мы займаемся 4 гады, — кажа яе музычны выкладчык Ірына Лешчанка. — Яна яшчэ грае на домбры ў каледжы мастацтваў, рознабаковая артыстка. 

Аляксандр прызнаецца, што марыць звязаць сябе з музыкай.

Дарэчы, Ірына Лешчанка 10 гадоў таму сама прымала ўдзел у конкурсе «Залатая пчолка». Яна тады выступала ў складзе гомельскага калектыву «Вясёлка». Прызнаецца, што гэты фестываль вельмі яе тады ўразіў. 

— Я стала лаўрэатам трэцяй ступені, а ансамбль першай, — успамінае яна.

У гісторыю юбілейнага свята «Звязда» таксама ўпісала сваю старонку. І тут без сюрпрызаў не абышлося. Па-першае, мы знайшлі ў горадзе некалькі новых падпісчыкаў. Па-другое, сям’ю ... для параненага стрыжа. Але пра ўсё па парадку.

Па традыцыі, падчас фестывалю старэйшае выданне краіны «Звязда» праводзіць падпіску і робіць сваім новым сябрам падарункі. Напрыклад, стыльны кубак ад газеты на гэты раз дастаўся нашаму падпісчыку — начальніку раённага вузла сувязі Крычаўскага занальнага вузла сувязі Магілёўскага філіяла прадпрыемства «Белтэлекам» Арцёму Анатольевічу Кветкову. А вось паштальён Клімавіцкага паштовага ўчастка Святлана Васільеўна Даніленка, якая працуе з 1987 года, цяпер зможа агітаваць для «Звязды» падпісчыкаў у фуфайцы з фірменным надпісам «Звязда». Кажа, што работа ёй вельмі падабаецца, маўляў, прыемна працаваць з людзьмі. Яшчэ адзін падпісчык атрымаў нататнік ад «Звязды». Прэтэндэнта работнікі пошты знайшлі па тэлефоне. Паведалі, што чалавека знайшлі, ён паабяцаў падысці за падарункам крыху пазней. 

— Друкаваныя СМІ адзін з важных для нас кірункаў работы, — паведаміла начальнік Клімавіцкага паштовага ўчастка Дзіна Кузмянкова. — Дзейнасць у нас наогул шматгранная — мы прапануем нашым кліентам шырокі спектр паслуг, пачынаючы ад падпіскі на выданні, заканчваючы прапановай тавараў на любы густ. Але абавязак несці інфармацыю ў людзі лічым для сябе найбольш важнай і неабходнай. Менавіта ў выданнях, дзе ёсць канкрэтныя і аўтарызаснавальнікі, уся праўда. Сёння вельмі шмат вакол хлусні. Таму попыт на перыёдыку павінен толькі расці. У нас працуюць вельмі адказныя людзі, якія добра разумеюць пастаўленыя перад імі мэты і задачы.

Асабіста мне ўражанні ад свята крыху сапсаваў паранены стрыж. Знайшла яго непадалёк ад Дома культуры, дзе вяліся праслухоўванні ўдзельнікаў. Небарака, напэўна, няўдала прызямліўся і быў удзячны, калі я узяла яго на рукі. Адразу ж моцна ўчапіўся за палец. Дзеці маментальна адрэагавалі на падзею. Абступілі з усіх бакоў і засыпалі пытаннямі, што за птушка, што я з ёй буду рабіць і чым карміць. Супрацоўнікі Дома культуры дапамаглі з кардоннай каробкай для нечаканай знаходкі. А вось паштальён Святлана Даніленка, калі даведалася пра знаходку, прапанавала ўзяць стрыжа на выхаванне.

Высветлілася, што яе дачка Вераніка разам з унукам Колем, вучнем 4 класа, дарэчы, хлопчыкам вельмі творча адораным (гітарыст, захапляецца танцамі, на адкрыцці фестывалю танцаваў вальс на галоўнай сцэне разам з аднакласніцай), паставіла на ногі не адну параненую жывёлу і птушку. Нават ластаўку. Ну а я са свайго боку паабяцала, што ў бліжэйшы час пазнаёмлю чытачоў «Звязды» з гэтай цудоўнай маладой жанчынай. Спадзяюся, будзе цікава. Заадно, наведаю лятучага «хрэсніка» «Звязды». 

Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара і Таццяны ПАДЛІПСКАЙ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.