Вы тут

Захаваць гістарычную праўду і зберагчы мір - лейтматыў пленарнага пасяджэння міжнароднай парламенцкай канферэнцыі


Захаваць гістарычную праўду і зберагчы мір. Такі асноўны лейтматыў пленарнага пасяджэння міжнароднай парламенцкай канферэнцыі «Гістарычная памяць: Вялікая Перамога, здабытая адзінствам».


Як заявіў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА, адкрываючы пленарнае пасяджэнне, барацьба за гістарычную праўду з’яўляецца барацьбой за будучыню ўсяго свету. «Перапісванне гісторыі, вайна з помнікамі савецкім воінам-вызваліцелям — вельмі небяспечная тэндэнцыя, — падкрэсліў ён — Гэтым заходнія палітыкі маладой генерацыі практычна расчышчаюць шлях да адраджэння нацысцкай ідэалогіі. І самае страшнае, што ў іх разуменні вайна з’яўляецца нечым адцягненым, звычайным і цалкам дапушчальным».

Вялікая Перамога як частка нацыянальнай ідэі

Па словах спікера ніжняй палаты парламента, сведчаннем гэтаму выступаюць практыка шырокага выкарыстання інструментаў палітычнага ціску, эканамічных санкцый, пастаяннае нарошчванне свайго ваеннага патэнцыялу. «У гэтых умовах праўда аб злачынствах фашызму, у якіх няма тэрміну даўнасці, служыць сур’ёзнай перасцярогай чалавецтву, а захаванне памяці аб вялікім подзвігу савецкага народа набывае асаблівае маральнае гучанне», — перакананы Уладзімір Андрэйчанка. 

Па яго словах, абарона гістарычнай праўды — вельмі няпросты, шматпланавы і шматаспектны працэс. «Супраць нас вядзецца мэтанакіраваная інфармацыйная вайна, дзе мы, на жаль, займалі пераважна абарончую пазіцыю, — заўважыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Мы проста былі не гатовыя да таго, што хлусня будзе настолькі цынічная, факты перакручаны, а карнікі і здраднікі будуць выстаўляцца ў якасці нацыянальных герояў. Тыя, хто ненавідзіць Вялікую Перамогу, павінны ведаць — нас немагчыма выкрасліць з гісторыі. Мы — галоўныя нашчадкі пакалення пераможцаў! І, змагаючыся са спробамі перафарматаваць нашу гістарычную памяць, мы фактычна ўстаем у адзіны строй са сваімі бацькамі і дзедамі». 

Прывітальнае слова Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў адрас удзельнікаў межпарламенцкай канферэнцыі агучыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар СЕРГЕЕНКА. «Мы, нашчадкі пераможцаў — азербайджанцы і малдаване, беларусы і грузіны, армяне і казахі, украінцы і кіргізы, рускія і ўзбекі, таджыкі і туркмены, прадстаўнікі ўсіх нацыянальнасцяў некалі адзінай краіны, адстаялі ў Вялікай Айчыннай вайне права на жыццё, свабоду і чалавечую годнасць, — паведамляецца ў прывітальным слове. — Сёння, калі ў шматлікіх заходніх краінах наша Перамога аб’яўлена па-за законам, масава разбураюцца помнікі вызваліцелям, героямі аб’яўляюцца забойцы і каты, мы бярэм на сябе абавязацельства абараняць гістарычную памяць аб самаахвярнай барацьбе савецкага народа з германскімі нацыстамі, якая забрала жыцці мільёнаў нашых суайчыннікаў». Кіраўнік дзяржавы перакананы, што «разам мы захаваем агульнае гераічнае мінулае, не дазволім забраць у нас Перамогу, здабытую адзінствам, беспрыкладнай мужнасцю і крывёю салдат, партызан, падпольшчыкаў і многіх простых людзей, перададзім праўду будучым пакаленням». 

Падчас свайго выступлення на пленарным пасяджэнні Ігар Сергеенка звярнуў увагу на тое, што ў аснову дзяржаўнай ідэалогіі беларусы паклалі ідэі пераемнасці пакаленняў, павагі да подзвігу пераможцаў, адказнасці перад народам і гісторыяй. «У Беларусі памяць аб агульнай перамозе — частка нацыянальнай ідэі, фундамент дзяржаўнасці і грамадзянскай згоды, — падкрэсліў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. — У нашым грамадстве няма месца калабарацыянізму, праяўленням нацыяналізму і ксенафобіі».

Па словах Ігара Сергеенкі, сёння мы трымаем удар з боку заходніх краін не толькі ў палітычнай, эканамічнай і ваенных сферах, а і ў галіне гістарычнай памяці. «На нашых вачах гісторыю навуку, якая звязвае мінулае і сучаснасць, калектыўны Захад пераўтварае ў інструмент фарміравання палітычнай рэальнасці, — канстатаваў ён. — Становіцца важным не аб’ектыўнае адлюстраванне фактаў, а іх патэнцыял для сацыяльнага ўздзеяння. У Польшчы, Украіне, краінах Балтыі разгорнута інфраструктура так званых інстытутаў нацыянальнай памяці, дзейнасць якіх носіць яскрава выяўлены антыбеларускі, антырасійскі і ў цэлым антысавецкі характар. Заходнія ідэолагі даўно перайшлі ўсе магчымыя межы. Такога нахабнага, беспрынцыповага ціску, з якім мы сутыкнуліся, не было нават у самыя складаныя перыяды халоднай вайны». 

Яднанне дзеля праўды і памяці

Як адзначыла падчас свайго выступлення на пленарным пасяджэнні канферэнцыі Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА, відавочна, што толькі прававых механізмаў для захавання гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне недастаткова. Па яе меркаванні, неабходная сістэма паслядоўных рашэнняў, ключавымі з якіх з’яўляюцца замацаванне за нашай дзяржавай права інтэпрэтаваць падзеі Вялікай Айчыннай вайны на падставе гістарычнай праўды, якую ведае беларускі народ, сумесная распрацоўка дзяржавай разам з зацікаўленымі арганізацыямі адэкватных мер абароны тых падзей ад інфармацыйнага ціску і супрацьдзеяння фальсіфікацыям, а таксама фарміраванне курсу гістарычнай палітыкі на папулярызацыю ведаў аб гэтым перыядзе, давядзенне дасягненняў гістарычнай навукі да шырокай аўдыторыі. Акрамя таго, на думку спікера, разам мы павінны дамагацца прызнання і асуджэння на міжнародным узроўні генацыду беларускага народа.

— Асабліва хацелася б дастукацца да кожнага маладога чалавека, каб цанілі мір і памяталі, што перажылі нашы дзяды і прадзеды, у якіх нечалавечных умовах праходзілі іх дзяцінства і маладосць, — заўважыла Наталля Качанава. — Вынікам выбудаванай дзяржавай гістарычнай палітыкі ў адносінах да памяці аб Вялікай Перамозе павінна стіаць асэнсаванае ўспрыняцце беларускім грамадствам гэтага перыяду гісторыі. Стратэгічная задача — яднанне і сталенне беларускай нацыі шляхам выбудоўвання збалансаванай сістэмы каштоўнасцяў на аснове непахіснасці суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці беларускай дзяржавы. 

Па словах спікера верхняй палаты парламента, тыя, хто спрабуе сцерці нашу памяць, навязаць нам чужыя ідэалагемы і каштоўнасці, заслугоўваюць самай сур’ёзнай адказнасці. «Гэта здрадніцтва ў адносінах да тых людзей, якія загінулі ў імя Перамогі, у імя таго, каб сёння мы жылі ў міры і спакоі, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Мы не маем ніякага маральнага права гэтага дапусціць. Мы будзем захоўваць народную памяць і пісаць праўдзівую гісторыю сучаснай Беларусі». 

Прэм’ер-міністр Раман ГАЛОЎЧАНКА звярнуў увагу на тое, што беларускі народ ніколі не перапісваў гісторыю, не пераўтвараў здраднікаў і катаў у герояў і ахвяр. «Мы не зносілі помнікі, манументы і магілы воінаў, якія загінулі за свабоду Радзімы, — дадаў кіраўнік урада. — Для недапушчэння нават спроб скажэння вынікаў Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі афіцыйна прызнаны генацыд беларускага народа, здзейснены нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі ў ваенныя гады».

Па перакананні Рамана Галоўчанкі, аб’яўлены Прэзідэнтам Год гістарычнай памяці з’яўляецца асаблівым для беларускай дзяржавы і дае магчымасць грамадству, асабліва моладзі, нанова ўсвядоміць тую цану, якую заплацілі беларусы за шматвекавое імкненне мірна жыць і працаваць на роднай зямлі. «На жаль, як паказваюць падзеі, трагічныя ўрокі мінулага ігнаруюцца, — канстатаваў прэм’ер-міністр. — І чым далей мы аддаляемся ад падзей Вялікай Айчыннай вайны, тым больш узнікае небяспек. Планета распальваецца па-новаму, множацца новыя ачагі супрацьстаяння, сацыяльных і этнічных канфліктаў. І на гэтым фоне зноў прарастаюць зярняты нацызму. Іх новая праява — разбураныя помнікі воінам-вызваліцелям, гераізацыя нацысцкіх злачынцаў, фальсіфікацыя гістарычнай праўды».

У той жа час Раман Галоўчанка звярнуў увагу на тое, што для Беларусі захоўваць і ўзводзіць новыя манументы ў гонар загінулых герояў, у гонар Вялікай Перамогі не толькі традыцыя, а і духоўная патрэба. «Сярод высакародных нацыянальных пачуцццяў самыя глыбокія і святыя для любога народа — патрыятычныя, — падкрэсліў ён. — Фарміраваць і падтрымліваць патрыятычныя якасці — адна з найважнейшых задач дзяржавы. Сапраўдны патрыятызм праяўляецца праз ідэйна-грамадзянскія адносіны чалавека да гістарычнага мінулага сваёй краіны і навакольнай рэчаіснасці».

Прэм’ер-міністр перакананы: знакавыя падзеі павінны не раз’ядноўваць, а аб’ядноўваць краіны і народы, звязаныя адным агульным гістарычным лёсам. 

Рэагуючы на выклікі і пагрозы

Ходам расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, узбуджанай Генеральнай пракуратурай у красавіку мінулага года, падзяліўся генеральны пракурор Андрэй ШВЕД. Пры гэтым кіраўнік ведамства заявіў, што Беларусь працяглы час падвяргалася ўсім формам генацыду. 

— У нашай краіне няма ні аднаго раёна, ні аднаго буйнога населенага пункта, дзе б масава не вынішчалася мірнае насельніцтва, у тым ліку ў гады Вялікай Айчыннай вайны, — заявіў генпракурор. — Гісторыя не ведала ні аднаго падобнага факту, калі генацыд цэлага народа ажыццяўляўся ў такіх маштабах і з такой лютасцю.

Міністр абароны Віктар ХРЭНІН, які таксама выступіў на канферэнцыі, канстатаваў, што адстойваць заваяванні, абумоўленыя Перамогай над фашызмам, даводзіцца ва ўмовах беспрэцэдэнтных спроб нават не перапісаць або фальсіфіцыраваць гісторыю, а ўвогуле адмяніць яе. «У маі 1945 года здавалася, што фашызм як абсалютнае зло знішчаны назаўсёды, — заўважыў кіраўнік абароннага ведамства. — Аднак сёння мы бачым, што фашызм не загінуў у бункеры пад імперскай канцылярыяй і не быў пакараны ў Нюрнбергу. Фашызм жывы, бо ў свеце ёсць палітычныя сілы, якія зацікаўленыя ў рэваншы». 

— Пытанні, якія мы з вамі абмяркоўваем, вельмі важныя для ўсіх нас і для нашых народаў, — адзначыў генеральны сакратар АДКБ Станіслаў ЗАСЬ. — І важныя не толькі з духоўна-маральнага пункту гледжання, а і для глыбокага разумення навейшай гісторыі сучаснай Еўропы, разумення некаторых палітычных рэальнасцяў нашых дзён. 
Вялікай Перамогі, па яго словах, удалося дамагчыся дзякуючы намаганням усіх народаў, якія аб’ядналіся ў антыгітлераўскую кааліцыю. «Цяпер мы жывём у няпросты час, — дадаў Станіслаў Зась. — Жыццё вылучае перад нашымі народамі новыя выклікі і нават пагрозы. Няма сумненняў, што кожная дзяржава справіцца з гэтымі праблемамі, але трэба памятаць гэты ўрок — разам мы сіла. Рэзалюцыя, прынятая па выніках міжнароднай канферэнцыі, кансалідуе адзіную пазіцыю ўсіх нашых дзяржаў, прадстаўленых на форуме». 

Мір — галоўная каштоўнасць

У канферэнцыі прынялі ўдзел парламенцкія дэлегацыі з Арменіі, Казахстана, Расійскай Федэрацыі, Таджыкістана і Узбекістана, прадстаўнікі інтэграцыйных структур СНД, АДКБ, Саюзнай дзяржавы, замежныя дыпламаты, міжнародная навуковая і экспертная супольнасць. 

Многія з удзельнікаў канферэнцыі, якія прыехалі ў Беларусь з іншых краін, заўважылі, што невыпадкова гэтае важнае міжнароднае мерапрыемства праходзіць на тэрыторыі Беларусі — краіны, якая ў той вайне страціла кожнага трэцяга свайго жыхара. Вядома, уклад многіх, у першую чаргу постсавецкіх дзяржаў, у Вялікую Перамогу — несумненны. Змагаліся з нацыстамі і жыхары Казахстана. 

Па словах прадстаўніка дэлегацыі з Казахстана Абая ТАСБУЛАТАВА, са звыш 1,2 мільёна казахстанцаў, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне, загінула палова. «Чатыры дывізіі, шэсць палкоў і брыгад удзельнічала ў вызваленні Беларусі, — расказаў член дэлегацыі з Казахстана. — Толькі ў абароне Брэсцкай крэпасці прымалі ўдзел каля сямі тысяч казахстанцаў, тысяча з іх загінулі. Няўжо можна гэта забыць? Нельга забыць і таго, што мой дзядзька загінуў тут, на зямлі беларускай. Наша задача — не сцерці з памяці гераізм нашых бацькоў і дзядоў. Самае галоўнае, каб больш не было вайны. Мы з гонарам павінны несці Сцяг Перамогі, здабыты крывёю нашых дзедаў». 

Член Нацыянальнага сходу Рэспублікі Арменія Марына КАЗАРАН, якая падчас пленарнага пасяджэння расказала пра ўдзел армян у Вялікай Айчыннай вайне, у Беларусі — упершыню. Яна прызналася, што ўражана тым, на якім узроўні ў нашай краіне захоўваецца памяць аб тых падзеях. Асабліва эмацыянальна дэпутат успрыняла паездку ў Хатынь. «Я не магла сказаць слова, калі ўбачыла гэтыя коміны, даведалася, што там загінулі дзеці, якія павінны былі сёння мець нашчадкаў, — падзялілася Марына Казаран. — Яны павінны былі жыць, ствараць, і раптам нехта вырашыў іх забіць». 

Па яе словах, тэма, узнятая падчас канферэнцыі, надзвычай актуальная. «Арменія з’яўляецца адной з рэспублік Савецкага Саюза, нашы воіны змагаліся на ўсіх франтах, — расказала ўвагу член армянскай дэлегацыі. — На тэрыторыі Беларусі загінула 30 тысяч нашых салдат. У Брэсцкай крэпасці змагалася прыкладна 500 армян. Падчас Вялікай Айчыннай вайны змагаўся за Радзіму і мой дзед. Я б хацела, каб людзі ўспаміналі аб тых жудасных днях, аб той трагедыі, якую перажыў наш савецкі народ, успаміналі і таму, каб не было больш такіх войн. Трэба змагацца за мір. Мяне ўразіла, як вы, беларусы, захоўваеце памяць аб Вялікай Айчыннай вайне. Я ўдзячная Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, бо калі б ён адносіўся да гэтай тэмы не належным чынам, не было б гэтага ўсяго». 

Па меркаванні члена Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Ірыны ДАЎГАЛЫ, любое грамадства мае свой шлях развіцця. «Як правіла, гэта два вялікія крэмені: эканамічны і духоўны, — удкладніла парламентарый. — І калі з эканамічным усё зразумела, то ў духоўным ёсць тры непарушныя кіты: веданне гісторыі, памяць і тое, чым будуць жыць наступныя пакаленні. Гэта значыць, што сёння гэта кансалідацыя грамадства. На мой погляд, усе ўдзельнікі канферэнцыі аб’яднаныя (няважна, якія яны прадстаўляюць народы: славянскія або не) адной памяццю і захаваннем гістарычнай праўды. Мы кажам не аб тым, што трэба пісаць гісторыю ва ўгоду кіруючым сёння колам. Мы кажам: дзесьці гісторыя горкая, але гэта рэальныя старонкі, і іх трэба захаваць, іх патрэбна расказаць нашым дзецям, бо сёння ўжо мы пішам гісторыю». 

— У свой час я нават не думаў аб тым, што праз 81 год пасля пачатку вайны і праз 77 гадоў пасля Перамогі, мы будзем адстойваць Перамогу, тых, хто заваяваў для нас мір і спакойнае жыццё на нашай зямлі, усёй постсавецкай прасторы, — адзначыў дырэктар мемарыяльнага комплекса «Брэсцкая крэпасць — герой» Рыгор БЫСЮК. — Але гэта знак таго, што мы павінны зноў згуртавацца, — беларусы і рускія, армяне і азербайджанцы, казахі і іншыя — каб яшчэ раз задумацца, наколькі актуальная тэма нашых сувязяў паміж народамі. Узгадаем нашу Брэсцкую крэпасць у 1941 годзе. Тады быў шматнацыянальны гарнізон, у які ўваходзілі прадстаўнікі амаль 30 нацыянальнасцяў, якія сустрэлі ворага на мяжы Савецкага Саюза. Многія з іх нават не ведалі рускай мовы, але згуртаваліся разам і паверылі, што нешта могуць зрабіць для сябе, сваіх родных, у цэлым для краіны. Яны гэта зрабілі: і пад Брэстам, і пад Мінскам, і пад Магілёвам, і пад Масквой, Севастопалем, Адэсай, Сталінградам... Бо былі разам. Сёння ў такі неспакойны час мы зноў аб гэтым гаворым. Але важна, каб тое, аб чым гаворыцца, дайшло да кожнага чалавека. 

***
Па выніках канферэнцыі была прынята рэзалюцыя. У ёй заклікаецца шанаваць памяць загінулых у барацьбе супраць нацызму, праяўляць пастаянны клопат аб захаванні і падтрыманні ў належным стане воінскіх пахаванняў, мемарыяльных комплексаў, помнікаў і абеліскаў, звязаных з падзеямі Другой сусветнай вайны. Дакументам асуджаюцца любое апраўданне нацысцкага руху, спробы рэабілітацыі і гераізацыі нацысцкіх злачынцаў, іх памагатых, непрымальнымі з’яўляюцца дзеянні па апаганьванні месцаў памяці ахвяр Другой сусветнай вайны. Недапушчальныя і спробы фальсіфікацыі гісторыі і перагляд вынікаў вайны. Звяртаючыся да ўсіх народаў і парламентаў краін свету, сусветных арганізацый, удзельнікі канферэнцыі заклікаюць супрацьдзеянічаць дзейнасці па адраджэнню нацызму, рэабілітацыі і гераізацыі нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, апаганьванню памяці ахвяр Другой сусветнай вайны. У сувязі з гэтым рэкамендуецца працягнуць выпрацоўку і прыняцце заканадаўчых і іншых мер, накіраваных на недапушчэнне рэабілітацыі нацызму, гераізацыі нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых. Важна — захоўваць памяць аб Другой сусветнай вайне, выхоўваць падрастаючае пакаленне ў духу любові да Радзімы. 

— Спасылаючыся на палажэнні Статута Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, мы хочам нагадаць сусветнай супольнасці аб тым, што Рэспубліка Беларусь з’яўляецца сузаснавальніцай ААН, і стала яна сузаснавальніцай менавіта за ўклад у Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, за тыя пакуты, якія панёс беларускі народ, — акцэнтавала ўвагу намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Лілія АНАНІЧ. — Мы хочам нагадаць усяму свету, сусветнай супольнасці, парламенцкім міжнародным структурам, парламентам краін Садружнасці і аб тым, што недапушчальна перапісваць гістарычную памяць, недапушчальна фальсіфікаваць гісторыю. На ўсіх міжнародных парламенцкіх пляцоўках мы сёння павінны перашкаджаць адраджэнню ідэй нацызму, апаганьванню памятных месцаў, прыняццю на міжнародным узроўні рашэнняў, якія ідуць у разрэз з гістарычнымі рашэннямі, калі ў Нюрнбергу былі асуджаны нацызм і нацысцкія злачынцы. І самае важнае ў рэзалюцыі: мы кажам аб тым, што трэба шырэй весці асветніцкую работу, прыцягваць да гэтай работы па гістарычнай памяці, патрыятычным выхаванні насельніцтва моладзь, грамадскасць, медыйныя структуры. Толькі так — разам, плячом да пляча — мы зможам адстаяць памяць аб Вялікай Перамозе і стагоддзямі будзем з гонарам несці Сцяг Вялікай Перамогі.

Як заўважыў першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр ЛУК’ЯНАЎ, вельмі важна, што ў праекце рэзалюцыі мы зафіксавалі адносіны моладзі і функцыі грамадскага кантролю над захаваннем гістарычнай памяці. «Падчас профільнай секцыі мы з маладымі людзьмі абмеркавалі самыя перадавыя формы і практыкі, якія датычацца работы з моладдзю, уцягненне маладых людзей шматлікіх краін і вопыт работы ва ўзаемадзеянні з дзяржавамі моладзевых аб’яднанняў, — паведаміў ён. — Такія практыкі існуюць у Рэспубліцы Беларусь, перш за ўсё я маю на ўвазе праекты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Вельмі важна, што не ўзнікае спрэчак на прадмет таго, што менавіта ў цяперашні гістарычны момант часу моладзі як ніколі неабходна выпрацоўваць агульную міждзяржаўную палітыку і падыходы да захвання гістарычнай аб’ектыўнай праўды. І вядома, мы не можам спакойна назіраць за спробамі скажэння гістарычнай памяці. У гэтай сувязі ў праекце рэзалюцыі асобнымі пунктамі ўказана паслядоўнасць рэакцыі на спробы дыскрэдытацыі нашай агульнай гісторыі». 

Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.