Сёння ў вёсцы Дунаі, што на Лагойшчыне, адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяла памяці жыхароў вёскі, спаленых фашыстамі ў маі 1943 года.
Мемарыял створаны па ініцыятыве намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, аўтарам Закона Рэспублікі Беларусь «Аб генацыдзе беларускага народа» Ліліі Ананіч. Дэпутат адшукала спонсарскія сродкі на стварэнне мемарыяла і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. Работы былі праведзены пад патранатам Лагойскага раённага выканаўчага камітэта.
Для Ліліі Ананіч гэта яшчэ і асабістая, сямейная гісторыя. «Дунаі — родная вёска майго бацькі, — расказала „Звяздзе“ Лілія Станіславаўна. —- У той страшны дзень 5 мая 1943 года разам з аднавяскоўцамі (38 чалавек спалены жыўцом, у тым ліку 8 старых і 9 дзяцей) пакутніцкую смерць прынялі і мае родныя — бабуля Домна Яцэвіч і прабабуля Вера Зінкевіч. Злачынства нелюдзяў было дакументальна зафіксавана адпаведным актам праз некалькі дзён — 22 мая камісіяй з ліку партызан, якія прыбылі на папялішча, і ацалелых мясцовых жыхароў. Ужо тады, нават у акупацыі, беларусы фіксавалі злачынствы супраць свайго народа...» Гэты ўнікальны гістарычны дакумент дэпутат адшукала ў тры гады назад у Нацыянальным архіве Беларусі. Сярод прозвішчаў тых, хто яго падпісваў у маі 43-га, яна знайшла і подпіс свайго бацькі, партызана Станіслава Іосіфавіча Яцэвіча. Чалавек падпісваў сведчанне забойства сваіх маці і бабулі.
Яшчэ адзін страшны штрых да таго, што мы нарэшце праўдзіва сталі называць генацыдам беларусаў...
Гэты дакумент — Акт спаленай вёскі Дунаі ад 22 мая 1943 года — будзе ўвекавечаны і ў новым мемарыяле на месцы спачыну ахвяр фашыстаў — на камені-валуне, узведзеным на мармуровым пастаменце, захаваная яго копія з пайменным спісам усіх 38 жыўцом спаленых людзей і шасці чалавек, сагнаных на прымусовыя працы ў Германію
Хоць Дунаі і значыцца ў спісе адроджаных вёсак, цяпер гэта толькі невялікі дачны пасёлак. «Знака памяці аб усіх спаленых жыхарах вёскі тут не было, — расказвае Лілія Ананіч. — У шасцідзясятыя гады на месцы роднага папялішча надмагільны помнік устанавіў мой бацька і побач яшчэ адна сям’я. Даглядалі магілы сваякі...»
Цяпер мемарыял згадае ўсіх, хто загінуў у Дунаях, пайменна. А колькі такіх жалобных спісаў яшчэ застаюцца на нашай зямлі невядомымі...
Алена ЛЯЎКОВІЧ
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.