Вы тут

Ніці, што злучаюць прасторы: беларуска-аўстрыйскі тэкстыль


Глядзіш на вокны з вуліцы, і разумееш: там цёпла, там дом. Хоць за кожным акенцам сваё жыццё, свае насельнікі, свая атмасфера. Літаральна як на выстаўцы «Вокны і масты», якая працуе ў гарадской мастацкай галерэі Леаніда Шчамялёва. Калі хочацца ўтульнасці ў хмурыя дні, то тут з ёй усё ў парадку — гэта ж выстаўка мастацкага тэкстылю. Тканіны розных фактур і аб’ёмаў, ніткі рознай прыроды і структуры — тое, што мы звязваем з вобразам дома. А калі ў халоднае надвор’е хочацца нейкага драйву, то і з гэтым няма праблемы: крэатыўныя работы прыводзяць у рух думкі.


Міжнародны праект задуманы і арганізаваны двума выдатнымі мастакамі, якія сёння перадаюць сакрэты майстэрства моладзі. Крысціна Высоцкая — адна з маладых і вельмі актыўных майстрых Беларусі, чые творы даўно звяртаюць на сябе ўвагу арыгінальнасцю і арганічнасцю. Магістр мастацтвазнаўства, цяпер яна выкладае на кафедры дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва і касцюму Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З аўстрыйскага боку куратарам стаў магістр мастацтваў Мануэль Вандл, выкладчык кафедры «Тэкстыль — свабодны, ужытковы і эксперыментальны дызайн» Венскага універсітэта прыкладных мастацтваў. 

Менавіта іх студэнты — аўтары 30 работ, размешчаных у выставачнай прасторы. Слова «прастора» — ключавое, таму што абазначае не толькі месца ў Мінску, дзе ў гэтыя дні злучыліся дзве культурныя традыцыі. Насамрэч работы з тэкстылю могуць быць рознымі — у выглядзе пано, якія можна вешаць на сцяну як асобны мастацкі твор, падобны на карціну (напрыклад, чорны і не толькі квадрат), ці арт-аб’екты, якія маюць аб’ём. Могуць быць розныя тэхнікі і традыцыі працы з тэкстылем — яле яны ўпісваюцца ў сучаснасць, што толькі падкрэслівае пераемнасць пакаленняў і часоў.

Маладыя мастакі з Беларусі і Аўстрыі паказалі не толькі тое, як можна абыходзіцца з матэрыяламі, якія ёсць у кожным доме, але выказалі думкі пра тое, як уладкаваны наш свет, дзе ў ім цяпло, а дзе святло. Аўтары распавядаюць пра гэта і самі, але справа не ў словах, таму што найбольш яркія адчуванні даюць менавіта работы. Творы кожнага з 19 аўтараў — гэта акенцы ў асобны свет, дзе віруюць ідэі і гуляюць іскрынці вынаходніцтва. Кожнае акно — гэта персанальная прастора. А ўсе разам акенцы ўвасабляюць дом — агульны для людзей, якія могуць жыць у розных пад’ездах. Ці некалькі дамоў, якія стаяць нібыта на розных берагах ракі. А злучае іх мост. Асобную залу займае сімвалічны мост, падзелены на дзве часткі, кожную з якіх стварылі адмыслова куратары праектаў з Беларусі і Аўстрыі. Цікава прыгледзецца: дзе беларуская частка, а дзе — аўстрыйская — убачыць, прачытаць, адчуць. Насамрэч падзеленасць мосту, які трымаецца на бамбукавым каркасе, умоўная. Таму што калі людзі хочуць сябраваць, абменьвацца досведам, ідэямі, марамі, то яны створаць сабе масты дружбы. Вось як на гэтай выстаўцы, на якую варта звярнуць увагу не ў апошнюю чаргу таму, што не надта шмат у нас у апошні час міжнародных праектаў. А далучыўшыся да іх, разумееш, наколькі важна не спальваць масты ў сваім жыцці.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота аўтара і арганізатараў выстаўкі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.