Вы тут

Новыя залы Старога замка ў Гродне будуць акдрыты да канца года


Зараз тут вядуцца завяршальныя работы. Пакуль усё ў будаўнічых лясах. Але контуры ўжо відавочны. Усе чатыры пакоі інтэр'ерныя. Гэта значыць, будуць уражваць не экспанатамі, а самім выглядам — формай, ляпнінай, вітражамі, камінамі ды іншымі рэчамі. Усе залы нясуць на сабе гістарычны адбітак і мастацкі густ.


Што ўразіць?

— Зараз у рабоце чатыры інтэр'ерныя экспазіцыі — гэта замкавая капліца, алебастравая зала, каралеўская лазня і пакой, дзе мог жыць каралеўскі сакратар. Ён увесь час быў пры каралі і напісаў запіскі аб вайне Стэфана Баторыя з Іванам Грозным, — . расказаў дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка. — Залы да канца года павінны быць гатовы. Над імі зараз працуе «Белрэстаўрацыя» разам з субпадрадчыкамі. Там прадугледжаны роспісы на сценах, на столі, каміны, жывапіс... Многа зроблена рэчаў з металу. З лідскага прадпрыемства прывезены вельмі прыгожыя свяцільнікі, якія хутка ўстановяць.

У кожным пакоі работы вядуцца адразу па ўсіх кірунках. Напрыклад, у так званай каралеўскай капліцы ўражвае вялікая печ. Кладку прыгожых кафляў вядуць супрацоўнікі ААТ «Белрэстаўрацыя» Мікалай Ануфрыеў, Яўген Білей і Аляксандр Ярмак. Яны настроены скончыць работу ў тэрмін. Тэматыка вітражоў, а таксама роспіс столі і сцен адпавядае канцэпцыі каралеўскай капліцы. Апошнім штрыхом стане ўстаноўка аналоя.

Падымаемся па кругавой лесвіцы ў алебастравую залу, якая ў той час служыла пакоем для адпачынку караля. На сценах — выявы багоў Алімпа і горада тых часоў. У кожным куту будуць стаяць карыятыды. А яшчэ пасярод залы з'явіцца вялікі камін. На гэты час вядзецца сцяжка падлогі, затым будзе класціся плітка.

У так званай каралеўскай лазні манціруюцца кесоны — дэкаратыўныя пліткі з прыгожымі узорамі.

Будзе ў інтэр'ернай экспазіцыі і пакой чыноўніка — памочніка караля. Рэстаўратары Лявон Трацэўскі і Алег Каробка практычна завяршылі камін, які складзены з невялікіх кафляў малахітавага колеру. На каміне пакінутае заглыбленне для катла. Яшчэ частка кафляў пойдзе на абліцоўванне печы. Па словах майстроў, нарыхтоўка кафлі вялася цэлы год. Яна зроблена па тых узорах, якія былі знойдзены падчас археалагічных раскопак. Старая кафля ўваходзіць у экспазіцыю музея, як і ўсе іншыя артэфакты. Дарэчы, каміны — адзін з самых характэрных інтэр'ераў не толькі новых залаў, але і тых, што ўжо працуюць. І гэта зразумела. У тыя старажытныя часы існаваў толькі такі спосаб абагрэву пакояў. А ў каралеўскім замку такія печы былі яшчэ і вельмі прыгожымі.

— Інтэр'еры запраектаваны на вельмі высокім узроўні, і гэта патрабуе даволі шмат намаганняў ад усіх выканаўцаў, каб яны былі не горшыя за Нясвіж і Мір, — зазначыў галоўны архітэктар праекта Алег Шымбарэцкі. — Два гады таму былі зроблены тэхнічныя заданні па выкананні інтэр'ераў, тэндар выйграла «Белрэстаўрацыя». Імі праведзены вялікі аб'ём работ. Між тым працэс патрабуе штодзённага кантролю, бо штосьці ўносіцца, удакладняецца, выпраўляюцца памылкі. Мы ўсе зараз скіраваны на тое, каб завяршыць работу пускавога комплексу да Новага года.

Работы па рэканструкцыі замка пачаліся роўна пяць год таму. За гэты час Стары замак поўнасцю змяніў сваё аблічча. З шэрай пабудовы ператварыўся ў сапраўдны каралеўскі палац. Летась ён стаў даступны для наведвальнікаў.

Падарожжа ў часе

Зараз можна прайсціся па сямі залах з новымі экспазіцыямі і мноствам інтэрактыўных элементаў. Усяго ў музеі размешчана 10 інфакіёскаў, панелі якіх змяшчаюць інфармацыю аб падзеях, асобах і занятках у розныя гістарычныя перыяды. У залах працуюць відэа- і 3D-праекцыі, пры дапамозе якіх паўстаюць сюжэты з гісторыі Замкавай гары і горада Гродна.

Асабліва ўражвае сюжэт пра нашэсце крыжаносцаў. Відэа праецыруецца на дзве сцяны. Тут жа размешчана і старажытная зброя — наканечнікі, булавы, сякеры, шпоры, металічныя пласцінкі для вырабу панцырных даспехаў і іншае.

Дзякуючы мультымедыйнаму праекту ажывае старажытная выява Гродна з гравюры 1568 года, якая была ў той час надрукавана ў нямецкім Нюрнбергу. Дарэчы, у старажытнай майстэрні кожны можа надрукаваць гэту гравюру. Тут размешчаны станок, які зроблены спецыяльна для Старога замка.

У экспазіцыі нямала артэфактаў, якія знойдзены на тэрыторыі падчас раскопак. Іх таксама можна дэталёва разглядзець праз інтэрактыўную панель — павярнуць, наблізіць ці аддаліць. Дарэчы, многія знаходкі вельмі старажытныя. Напрыклад шахматная ладдзя ХІІ стагоддзя, на якой пры дапамозе праекцыі можна разглядзець фігуркі воінаў. Ёсць і такі ж старажытны фрагмент шахматнай дошкі. Залаты пярсцёнак з каштоўным каменем ХІV стагоддзя не толькі ўнікальны, але і вельмі прыгожы экспанат. А яшчэ дэталь ад старэйшай пушкі, знойдзенай на тэрыторыі Беларусі.

Звычайна экскурсія пачынаецца з так званага замчышча, ад якога ў ХІІ стагоддзі пайшоў горад Гродна. Яго старажытны воблік адлюстраваны на макеце, што зрабіў гродзенскі інжынер Ігар Адасік. Тады ўсе пабудовы былі драўлянымі.

Эпоха Баторыя

Пераход з адной залы ў другую суправаджаецца зменай эпох. Пакуль гістарычны перыяд ахоплівае перыяд заснавання Старога замка да эпохі праўлення Стэфана Баторыя. Гэта прыкладна чатыры стагоддзі. Каралю прысвечаны асобны пакой. Скульптура Баторыя, яго партрэт, побач такі ж вялікі партрэт яго жонкі. Аўтэнтычныя крэслы з каронамі.

Баторый любіў сюды прыязджаць, тут ён правёў свае апошнія дні. У Гродне было зроблена анатаміраванне яго цела. Тут копія тых рэгаліяў, з якімі ён пахаваны. Спачатку магільны склеп знаходзіўся ў Фары Вітаўта. Потым астанкі перавезлі ў польскі Кракаў, дзе пахаваны ўсе каралі Рэчы Паспалітай.

Тое, што Стэфану Баторыю надаецца такая увага, невыпадкова. Менавіта ён стаў ініцыятарам перабудовы Старога замка ў раскошны палац. Гэта адбылося ў ХVІ стагоддзі. Сучасная рэканструкцыя павінная вярнуць Старому замку той велічны выгляд, які задумваў ажыццявіць тагачасны манарх. Праўда, і ён да канца гэту справу не давёў, палац дабудоўвалі яго паслядоўнікі — каралі дынастыі Ваза. Але наступныя войны не пакінулі ад былой прыгажосці і следу.

На чарзе — палац і флігель

Вось так, практычна з нуля, вядзецца рэканструкцыя замка ў ХХІ стагоддзі. Фінансуецца праект у рамках дзяржаўнай і абласной інвестыцыйных праграм. Першая чарга маштабнага праекта павінна завяршыцца ўжо сёлета.

— Праект вялікі, яго падзялілі на тры чаргі. Зараз завяршаецца першая, і гэта толькі 22 працэнты ўсяго аб'ёму работ. Укладзена каля 30 мільёнаў рублёў. Наступная чарга абыдзецца ўжо ў 80 мільёнаў. Гэта самы складаны этап работ, куды ўваходзіць каралеўскі палац і флігель, — паведаміў Юрый Кітурка.

Праект павінны зацвердзіць навукова метадычны савет па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, які дзейнічае пры Міністэрстве культуры Беларусі. Паводле слоў галоўнага архітэктара праекта Алега Шымбарэцкага, прайшло некалькі пасяджэнняў савета, дзе разглядаліся эскізныя праекты палаца з флігелем. Пакуль зацверджаны толькі прынцыповы праект, дэталі якога могуць неаднаразова мяняцца. Пасля гэтага будуць зроблены рабочыя чарцяжы з дакладнымі памерамі. Разам з тым вядзецца абмеркаванне праекта інжынерных камунікацый. Галоўны архітэктар праекта падкрэсліў, што другая чарга пакуль толькі ў планах, бо зараз усе сілы займае праца над інтэр'ерамі.

— Інтарэс да Старога замка вялікі, — падкрэсліў дырэктар музея, — за год работы першага пускавога комплексу яго наведалі больш за 140 тысяч чалавек, праведзена звыш дзвюх тысяч экскурсій.

Новая фішка для турыстаў — аглядальная пляцоўка. Адсюль адкрываецца прыгожы від на Нёман і гістарычны цэнтр горада. Магчыма, будзе пракладзена падземная галерэя па прыкладу павярхоўнай. Зараз падарожжа па замку падобна на лабірынт, бо ахоплівае чатыры ўзроўні — дзве вежы, галерэю і так званую камяніцу. Частку замка прыйшлося адбудоўваць нанова, каб вярнуць яму былы выгляд, але ж, вядома, захаваліся і старыя сцены, якім больш за 400 год. Стары замак з'яўляецца ўнікальным помнікам архітэктуры і археалогіі Беларусі. Гэта адзіны старажытны палац, які на працягу сямі стагоддзяў меў толькі дзяржаўны статус і ніколі не належаў прыватным асобам.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.