Вы тут

Чаму важна больш увагі аддаваць людзям сталага ўзросту


У краіне ўпершыню падчас калядных святаў праходзіць дабрачынная акцыя «Ад усёй душы». Яе сэнс у тым, каб парадаваць адзінокіх жыхароў сталага веку падарункамі. Толькі Гродзенская абласная арганізацыя БРСМ наведала звыш ста чалавек. Асабліва цікавай аказалася сустрэча з ветэранам студатрадаўскага руху, педагогам з амаль 60-гадовым стажам Ірынай Енджэеўскай.


Прадстаўнікі абласнога камітэта БРСМ пабывалі ў гасцях у знакамітай гродзенкі. А вось дзеля сустрэчы з карэспандэнтам «Звязды» Ірына Ільінічна сама завітала да сваіх маладых шэфаў, захапіўшы важныя для яе атрыбуты.

У першую чаргу жанчына дэманструе белую парадную «байцоўку» з мноствам значкоў і медалёў. Аказваецца, куртцы больш за 35 гадоў, і яна даволі добра сядзіць на сваёй гаспадыні — якраз па фігуры. І хаця Ірыне Ільінічне 81 год, некаторыя значкі захоўваюцца з яе піянерскага і камсамольскага ўзросту. Нямала ганаровых званняў, ветэранскіх і памятных медалёў, у тым ліку расійскіх.

Трыццаць гадоў запар жанчына з'яўлялася камандзірам студэнцкага атрада «Беларусь», які выязджаў на работу ў Краснадарскі і Стаўрапольскі краі, Астраханскую вобласць Расіі. Кажа, што беларусаў там вельмі любілі. І не толькі таму, што яны добрасумленна і адказна выконвалі свае рабочыя абавязкі. У складзе атрада было нямала навучэнцаў каледжа мастацтваў, дзе працавала і сама Ірына Енджэеўская. Пасля работы ці ў выхадныя дні для мясцовага насельніцтва ладзілі канцэртную праграму.

У ходзе гутаркі ўспомніўся і першы яе выезд у складзе студэнцкага атрада. Яны працавалі на праполцы буракоў у калгасе. Зараз на гэтым месцы знаходзіцца папулярны аб'ект — агратурыстычны комплекс «Каробчыцы». Даводзілася і лён сярпамі ўбіраць — да гэтага часу памятае блакітнае поле. А завяршылася студатрадаўская кар'ера на мясцовым кансервавым заводзе ў 2016 годзе ва ўзросце 75 гадоў!

Свой расказ гаспадыня падмацоўвае шматлікім архівам — альбомамі з фотаздымкамі і цэлым стосам ганаровых грамат. Здаецца, гэта старонка яе жыцця засталася ў мінулым, але жанчына так не лічыць. Кажа, што так і не змагла выйсці з гэтага руху — па-ранейшаму імкнецца жыць маладзёжнымі клопатамі. У камітэце БРСМ яе лічаць сваім надзейным памочнікам. Ірына Ільінічна — пастаянны ўдзельнік многіх мерапрыемстваў, адкрытых дыялогаў, сустрэч пакаленняў. Днямі пабачыцца са школьнікамі сваёй роднай школы.

Вядома, жанчына прыгадае сваю багатую студатрадаўскую біяграфію. І тое, як яе атрад узяў шэфства над сям'ёй воіна—інтэрнацыяналіста з Гродзенскага раёна. Хлопец быў адзіны сын у сям'і, загінуў у Афганістане літаральна за тыдзень да дэмабілізацыі. Студэнты дапамаглі яго бацькам з пераездам у Гродна, зрабілі ў доме рамонт. Асірацелыя бацькі нават хацелі ўсынавіць аднаго з членаў студатрада, які быў падобны на іх сына. Доўгі час атрад не губляў сувязі з імі, заўсёды адгукаўся на просьбы.

— Моладзі трэба ведаць, праз што прайшла наша Беларусь, перш чым яна стала моцнай і незалежнай. Гэта вялікае шчасце — жыць у краіне, якая захоўвае сваю гісторыю і гадуе дзяцей у павазе да міру і згоды. Не для кагосьці, а для сябе. Гэта важней за ўсё. І вельмі добра, што нашы маладзёжныя арганізацыі запрашаюць на сустрэчы пакаленняў людзей, якім ёсць што расказаць, — лічыць субяседніца.

У сучаснай моладзі вялікі патэнцыял, кажа яна. Магчыма, цяперашні час больш прагматычны, затое зараз шмат магчымасцяў рэалізаваць свае планы. Ірына Ільінічна вельмі высока ацэньвае праект БРСМ «Сто ідэй для Беларусі». Моладзь прапануе праекты ў розных сферах нашага жыцця. Яны маюць практычную накіраванасць. «Думаю, гэты праект варта працягваць і надалей, даваць магчымасць раскрываць таленты як мага большаму колу маладых людзей», — упэўнена жанчына.

Яе энергіі можна пазайздросціць. Амаль штодзень Ірына Ільінічна прысвячае шматлікім грамадскім справам. Нікому не адмаўляе ў сустрэчы. Лічыць сваім абавязкам пракласці трывалы мосцік паміж пакаленнямі. Але і самой жанчыне патрэбны клопат і ўвага. Аб гэтым сведчыць радасць, з якой ветэран студатрадаўскага руху сустрэла маладых шэфаў.

Як зазначыла другі сакратар абласнога камітэта БРСМ Наталля Станюкевіч, валанцёры не забываюць сваіх актывістаў, бо гэта добры стымул для іх дзейнасці, свайго роду крыніца энергіі. Такія людзі — каштоўны капітал. Ім заўсёды ёсць што сказаць маладым, яны ніколі не адмаўляюцца ад удзелу ў розных мерапрыемствах. Багаты архіў, які назапашаны ў Ірыны Енджэеўскай, стане часткай экспазіцыі новага музея, прысвечанага камсамолу і сучаснаму маладзёжнаму руху.

На думку Наталлі, важна, каб прадстаўнікі старэйшага пакалення, якія могуць служыць прыкладам для моладзі, таксама ведалі, што побач заўсёды ёсць падтрымка.

— У нас нямала акцый, якія скіраваны на сталых людзей, на ветэранаў і адзінокіх, дапамагаем ім, віншуем з юбілейнымі датамі. Некаторыя раёны актыўна падтрымліваюць людзей паважанага ўзросту. Але такога вялікага ахопу не было. І вельмі добра, што сёлета зрабілі такую акцыю, да якой далучылася вялікая колькасць людзей. Сярод надзённых спраў мы забываем, што сталым людзям патрэбна проста ўвага, магчымасць зносін. Падарункі, зразумела, радуюць, але часам не хапае звычайнай чалавечай спагады. Некаторыя так і кажуць: «Дзякуй, што прыйшлі. Падарылі магчымасць пагаварыць». Ім важна расказаць пра сваё жыццё, падзяліцца вопытам.

Для маладых такія расказы карысныя. Без узаемадзеяння са старэйшым пакаленнем нельга выхаваць здаровую нацыю, без набыткаў мінулых гадоў чалавек наўрад ці стане патрыётам сваёй краіны, лічыць прадстаўнік БРСМ. Вось чаму маладыя валанцёры з вялікім натхненнем уключыліся ў акцыю «Ад усёй душы». Яны наведалі звыш ста чалавек Гродзеншчыны. Мяркуецца, што акцыя не будзе разавай, бо клопату шмат не бывае. Асабліва ў адносінах да сталых людзей. Некаторыя саромеюцца лішні раз нагадаць пра сябе, але шчырая ўвага пакідае ў іх душы добры водгук.

Нагадаем, што арганізатарамі дабрачыннай акцыі «Ад усёй душы» выступілі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства адукацыі, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.