Вы тут

На Востраве Слёз у Мінску ўшанавалі памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў


Гэта ўжо стала традыцыяй: 15 лютага, у гадавіну вываду савецкіх войскаў з Афганістана, каля мемарыяла «Востраў Мужнасці і Смутку» збіраецца вялікая колькасць людзей. Дэлегацыі ад дзяржаўных органаў, грамадскіх арганізацый, сілавога блока, а таксама ўдзельнікі тых падзей, курсанты, студэнты, школьнікі — жадаючых ускласці кветкі каля помніка, а значыць, выказаць даніну павагі тым, хто не вярнуўся з афганскай вайны, і ўчора было надзвычай шмат. Тут сабраліся баявыя таварышы, ужо старыя маці і немаладыя жонкі, дзеці воінаў-інтэрнацыяналістаў, некаторыя з якіх не памятаюць свайго бацьку. Бясконцы людскі паток сведчыў аб тым, што гэтыя падзеі ніколі не будуць сцёртыя з нашай памяці.


Зварот воінам-інтэрнацыяналістам, ветэранам вайны ў Афганістане накіраваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. «Сёння, у Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, мы выказваем глыбокую ўдзячнасць і падзяку ўсім, хто сумленна і мужна выканаў воінскі абавязак за межамі радзімы, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — У складзе абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў у Афганістане нашы суайчыннікі першыя ў свеце кінулі выклік міжнароднаму тэрарызму і назаўжды засталіся верныя ваеннай прысязе».

Як гаворыцца ў звароце, праз дзясяткі гадоў многія беларускія сем'і захоўваюць трывожныя ўспаміны аб той вайне. Беларусь шануе сваіх сыноў, якія загінулі на полі бою, смуткуе разам з іх роднымі і блізкімі. «У цяперашні час мы з'яўляемся сведкамі таго, як салдаты ўдачы і наёмнікі з усяго свету сыходзяцца ў гарачыя пункты ў пошуках нажывы, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Воіны-«афганцы» ж сталі прыкладам бескарыслівага служэння чалавецтву, не толькі на доўгія гады прадухіліўшы распаўсюджванне экстрэмізму і наркагандлю, але і стварыўшы ўмовы для дабрабыту насельніцтва на вызваленых тэрыторыях».

Па словах Прэзідэнта, ветэраны вайны ў Афганістане як ніхто іншы ведаюць рэальную цану міру і стваральнай працы. «На працягу ўсіх гадоў незалежнасці нашай дзяржавы вы з'яўляецеся яе надзейнай апорай, дастойным арыенцірам для маладога пакалення», — звяртаючыся да воінаў-інтэрнацыяналістаў, падкрэсліў беларускі лідар.

Як заўважыў у размове з журналістамі намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі, сучасны свет прымушае нас па-іншаму паглядзець на тое, што адбывалася больш за трыццаць гадоў таму. «Праблема барацьбы з тэрарызмам, наркагандлем нікуды не сышла, — адзначыў ён. — Тады Савецкі Саюз, нашы маладыя хлопцы, нашы воіны паказалі прыклад мужнасці, вернасці воінскаму абавязку, воінскай прысязе. Тады мы не проста адстойвалі інтарэсы вялікай краіны — мы адстойвалі інтарэсы міру».

Ігар Луцкі падкрэсліў, што Савецкая Армія не проста зайшла ў Афганістан з нейкімі інвестыцыямі, як робяць ЗША і іх прыхільнікі. «Я называю гэта інвестыцыямі смерці — мы бачым, што адбываецца ва Украіне, — канкрэтызаваў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. — У той час у Афганістан мы прыйшлі з урачамі, настаўнікамі, мы дапамагалі будаваць краіну. Што ў выніку? Нам не далі тое зрабіць. Сёння мы бачым, наколькі свет неспакойны, нестабільны. Самае важнае, каб гэта не паўтарылася. Дзяржава робіць усё для гэтага. Прэзідэнт гаворыць, што трэба рабіць на сваім месцы сваю работу. Будзе моцная краіна, будзе згуртаваны народ — будзе мір і згода. Мы заўсёды гаворым, што Беларусь — краіна мірная і за мір».

Як паведаміў старшыня Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Валерый Гайдукевіч, напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у многіх навучальных установах па ўсёй краіне прайшлі ўрокі мужнасці, у якіх бралі ўдзел актывісты Беларускага саюза ветэранаў Афганістана. «Мы праводзім такія мерапрыемствы не толькі да Дня памяці 15 лютага, але стараемся зрабіць так, каб нашы ветэраны бралі актыўны ўдзел у патрыятычным выхаванні моладзі, які атрымаў новы імпульс у краіне, на пастаяннай аснове, — заўважыў ён. — Менавіта ў такім узросце зараджаецца патрыятызм, дзеці становяцца дастойнымі прадаўжальнікамі ідэй сваіх дзядоў і прадзедаў. Каб абараняць радзіму, трэба ўмець яе абараняць. А хто можа расказаць і навучыць? Толькі тыя людзі, якія непасрэдна бралі ўдзел у баявых дзеяннях і са зброяй у руках адстойвалі інтарэсы дзяржавы».

Міністр абароны Віктар Хрэнін звярнуў увагу на тое, што на працягу многіх гадоў не сціхалі спрэчкі аб афганскай вайне. Былі і тыя, хто спрабаваў ачарніць подзвіг нашых воінаў, аддаць забыццю памяць загінулых. «Але яны не ведаюць аб тым, што праўду аддаць забыццю немагчыма, — падкрэсліў кіраўнік абароннага ведамства. — Праўда на баку нашых салдат і афіцэраў, якія з гонарам выканалі свой воінскі абавязак. Праўда на баку жывых сведкаў той вайны, якія сёння стаяць сярод нас. Праўда на баку тых, хто ўжо ніколі не вернецца з далёкіх афганскіх гор. Памяць аб іх выпалена ў нашых сэрцах і думках. Мы памятаем кожнага».

Міністр абароны адзначыў, што сёння ва ўмовах новых пагроз менавіта воіны-«афганцы» з'яўляюцца апорай беларускай дзяржаўнасці, бо менавіта яны не на словах, а на справе даказалі сваю высокую грамадзянскую пазіцыю. «Мы абавязаныя на прыкладах доблесці і стойкасці воінаў-«афганцаў» выхоўваць сёння маладое пакаленне, — перакананы Віктар Хрэнін. — Воіны-«афганцы» ведаюць, наколькі нетрывалы мір і як лёгка яго можна страціць».

 

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.