Вы тут

«Нашы дзеці жывуць у сем'ях»


Як сумесная работа органаў мясцовага кіравання і самакіравання і ўстаноў адукацыі, сацслужбы дапамагае палепшыць якасць жыцця людзей з інваліднасцю — на прыкладзе праектаў, што ажыццяўляюцца ў Рагачоўскім раёне, сацыяльна значную тэму прааналізавалі дэпутаты базавага ўзроўню Гомельшчыны.


Старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч і кіраўнікі раённых Саветаў дэпутатаў рэгіёна ўзялі ўдзел у традыцыйным навучальным семінары.

Дэпутаты пазнаёміліся з вопытам навучання і выхавання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, які ўкараняюць супрацоўнікі Рагачоўскага раённага Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. У школьных і дашкольных групах тут займаюцца дзеці да 18 гадоў. Ёсць тыя, хто навучаецца дома.

— Акрамя таго, цэнтр вядзе раннюю комплексную дапамогу для больш як ста дзяцей ад нараджэння да трох гадоў. Усяго дзейнасцю цэнтра ахоплена 186 непаўналетніх, — распавяла дырэктар Рагачоўскага раённага Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Ірына Хадзько.

Ірына Раманаўна звярнула ўвагу, што дзеці, якія наведваюць заняткі ў цэнтры, прывучаюцца да канкрэтнай практычнай дзейнасці, авалодваюць сацыяльна значнымі ўменнямі і навыкамі.

— Вучым таму, што ім спатрэбіцца ў жыцці: дапамагаць па гаспадарцы, быць самастойнымі ў бытавых справах, сацыялізавацца ў грамадстве, — дадае дырэктар установы.

Спецыялісты Рагачоўскага раённага Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі са сваімі выхаванцамі абавязкова наведваюць сацыяльна значныя аб'екты горада: вучацца карыстацца паслугамі пошты, аб'ектаў бытавых паслуг. Выходзяць на прагулкі ў паркі, наведваюць разнастайныя мерапрыемствы ў горадзе. Усё гэта дазваляе дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця вучыцца паводзіць сябе ў грамадскіх месцах, а таксама назіраць і запамінаць інфармацыю навокал, умець звярнуцца да іншых людзей, правільна сфармуляваць свой зварот да іх, калі будзе патрэбна дапамога.

— У нас сёння няма адмоў ад дзяцей-інвалідаў. Нашы дзеці жывуць у сем'ях, яны любімыя, рады вучыцца, займацца, мець зносіны. Такі вынік удалося дасягнуць толькі дзякуючы агульнай рабоце з бацькамі, — падкрэслівае Ірына Хадзько. — Даём дамашняе заданне, просім разам замацоўваць навыкі і ўменні, карысныя для сацыялізацыі ў грамадстве. У нас з бацькамі добра наладжаная зваротная сувязь: дасылаюць і фота- і відэасправаздачы або ў вуснай форме дзеляцца тым, што ўдалося замацаваць з дзіцем дома.

Педагогі і выхаванцы Рагачоўскага раённага Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі запрасілі дэпутатаў паназіраць, як праходзяць іх заняткі па навучанні гатаванню. Дзеці — а іх падтрымалі ў дадзенай справе і дэпутаты — рабілі ўпрыгажэнні для велікодных кулічоў, аздаблялі пернікі.

— Сёння мы ў раёне адзначаем, што значная колькасць дзяцей, якія прыходзяць да нас па дапамогу ў маўленчай карэкцыі ці за іншай карэкцыйнай дапамогай у навучанні, вельмі добра развіваюцца. Наладжана работа цэнтра па ранняй комплекснай дапамозе. Варта адзначыць, што сёння пераважная колькасць дзяцей, з якімі займаліся нашы спецыялісты, не набывае крытычных формаў інваліднасці, у параўнанні з часам, калі такой сістэмнай работы яшчэ не вялося, — адзначае дырэктар раённага Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.

Маштабная і сістэмная работа вядзецца цэнтрам і з установамі адукацыі ў раёне. Так, на тэрыторыі Рагачоўшчыны працуюць 32 пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі і 91 клас інтэграванага навучання.

Дзеці з інтэлектуальнай недастатковасцю вучацца як у класах інтэграванага навучання і выхавання, так і ў школе-інтэрнаце, якая размяшчаецца ў аграгарадку Гарадзец на тэрыторыі раёна, паступаюць ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Як правіла, гэта навучанне ў ільготных групах прафтэхадукацыі, дзе юнакі і дзяўчаты вучацца працаваць, набываюць рабочую прафесію. Дзеці са зніжэннем зроку, слыху, функцый апорна-рухальнага апарату паступаюць і ў сярэднія спецыяльныя ўстановы, а нехта і ў ВНУ, тлумачаць спецыялісты адукацыі ў раёне.

Дэпутаты базавага ўзроўню Гомельшчыны ацанілі практыку навучання моладзі з абмежаванымі магчымасцямі рабочым спецыяльнасцям на базе Рагачоўскага дзяржаўнага будаўніча-тэхналагічнага каледжа. Сёння ва ўстанове — 18 навучэнцаў, адукацыйная праграма для якіх складзена з улікам асаблівасцяў іх здароўя. Увогуле ў каледжы набор навучэнцаў з абмежаванымі магчымасцямі пачалі яшчэ ў 2002 годзе. Пасля вучобы яны атрымліваюць спецыяльнасці тынкоўшчыка і цесляра. За гэты час каля 300 выпускнікоў такіх набораў працаўладкавана ў сельскагаспадарчыя і будаўнічыя арганізацыі. Дэпутаты ўбачылі, як вядзецца работа з такой катэгорыяй навучэнцаў і як арганізаваны іх вольны ад заняткаў час.

На пленарным пасяджэнні старшыні райсаветаў рэгіёна абмеркавалі дзейнасць органаў кіравання і самакіравання па падтрымцы, сацыялізацыі і працоўнай інтэграцыі асоб з абмежаванымі магчымасцямі.

Як адзначыла старшыня Рагачоўскага раённага Савета дэпутатаў Валянціна Ганковіч, у раёне наладжана цеснае ўзаемадзеянне органаў улады і ўсіх адказных службаў і ведамстваў. Гэта дапамагае людзям з абмежаванымі магчымасцямі адчуваць клопат дзяржавы, быць раўнапраўнымі членамі грамадства. На мясцовых прадпрыемствах сёння працаўладкаваны 427 людзей з інваліднасцю. У цэлым жа на Рагачоўшчыне сёння пражывае звыш 3750 людзей з інваліднасцю. Для іх таксама ствараецца даступнае асяроддзе.

— Адзін з пастулатаў Прэзідэнта ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу — сацыяльная справядлівасць. Калі мы гаворым пра справядлівасць, то ў жыццё грамадства павінны быць інтэграваны ўсе пласты насельніцтва незалежна ад псіхафізічных ці фізічных магчымасцяў, — падкрэсліла старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч. Кіраўнік дэпутацкага корпуса рэгіёна падзялілася, што на прыкладзе ў тым ліку Рагачоўскага раёна відаць, наколькі важна пачынаць такую работу з самага нараджэння дзіцяці, якому неабходная дапамога.

«Спачатку гэта дапамога ўстаноў аховы здароўя, пасля — устаноў адукацыі, каб даць магчымасць дзецям падрыхтавацца ўжо да працоўнай дзейнасці. Бо сёння кожны чалавек хоча і павінен атрымаць работу, быць паўнавартасным членам грамадства», — адзначыла старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.