У «Мастацкай літаратуры» — новая кніга вершаў. Гэтым разам выдаўцы звярнуліся да творчай спадчыны паэта і празаіка Івана Муравейкі (1921 — 2021), які пайшоў у іншы свет на 100-м годзе жыцця. Юнаму чытачу прапанавалі пазнаёміцца са зборнікам яго вершаў пад назвай «Траваяднае ваўчаня».
У багатым ілюстраваным выданні (кніжны графік — Мацвей Ляйчонак) хлопчыкі і дзяўчынкі могуць пазнаёміцца з наступнымі творамі: «Квакуха і квактуха»; «Слон-сталяр»; «Дзень і ноч»; «У бабровай хаце»; «Ляшчына і ляшчы»; «Перайначка»; «Раніца»; «Забалела ножка»; «Як Лістапад зрабіўся Снежнем»; «Траваяднае ваўчаня». Іван Муравейка — унікальны прыдумшчык. Ён пазіраў на навакольны свет праз асаблівыя акуляры дабрыні, чуласці, спагады. Таму і творы ў кнізе, як і ўся літаральна творчая спадчына беларускага дзіцячага пісьменніка, прыцягваюць да сябе, выклікаюць асалоду.
Мая сястрычка Надзька —
Дзівачка-
Перайначка.
Знайшла каменьчык гладкі,
Сказала: — Шакаладка.
Яе ўшчыкнуў гусак,
Яна яму: — Кусак!
А крапіву-пякучку
Перарабіла ў злючку.
(«Перайначка»).
Мастак кнігі Мацвей Ляйчонак настолькі вобразна паказаў герояў кароткіх і разам з тым вельмі змястоўных вершаў Івана Муравейкі, што кнігу, несумненна, варта даць у рукі самым маленькім чытачам. Нават тым, хто яшчэ толькі пачаў вучыць літары, алфавіт. «Аднойчы жаба-зелянуха/ Прыйшла да курыцы-квактухі: / — Я к вам, я к вам/ Прыйшла ад скрухі.../ Давайце будзем разам / Выступаць: / Я буду ква-каць,/ Вы — ква-ктаць...» І следам пачынаецца канцэрт. Усяго хапае і ў тэксце, і ў графічным аздабленні — і весялосці, і дзейства, і загадкавасці... Кніга «Траваяднае ваўчаня», якую рупліва ўклала пісьменніца Аксана Спрынчан, — добрае чытанне на вечар.
Прыемна, што перавыдаюцца кнігі пісьменнікаў ранейшых пакаленняў. І «Мастацкая літаратура» тут сапраўдны лідар. У вядучым выдавецтве краіны ўважліва і пашанотна ставяцца да класікі, да добрых твораў вядомых пісьменнікаў ранейшых дзесяцігоддзяў. Будзем спадзявацца, што дзеці, падлеткі ячшэ не аднойчы адкрыюць для сябе новыя кнігі Васіля Віткі, Міколы Гамолкі, Лідзіі Арабей, Віталя Вольскага, Міхася Зарэмбы...
Сяргей ШЫЧКО
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
У апошнія гады колькасць чаргавікоў істотна памяншаецца
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.